Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законьнікаў: Паэзія Рыгора Барадуліна па-сапраўднаму народная


Паэт Сяргей Законьнікаў — зямляк Рыгора Барадуліна, часта яны разам езьдзілі на малую радзіму, хадзілі знаёмымі зь дзяцінства сьцежкамі.

«Гэтая вестка засьпела мяне якраз за адной вялікай працай. Яна так была, гэтая праца, перабітая, што зараз сяджу аглушаны, ашаломлены, ня ведаю — дзе я, што са мной. Не магу паверыць, што яго, вось гэтага роднага чалавека, майго ушацкага чалавека, больш няма: Рыгора Барадуліна, або Рыгора, або Рыгоркі, як клікала яго мілая матуля Акуліна Андрэеўна.

Я шмат бываў разам з Рыгорам Іванавічам і на сьцежках роднай зямлі, мы шмат зь ім паезьдзілі па Беларусі, я быў зь ім і за мяжой. Заўсёды ў такіх вось паездках чалавек выяўляецца яшчэ з большай выразнасьцю. Як чалавек Рыгор Барадулін быў вельмі душэўны, вельмі тонкі. Ён быў, можа, не столькі добранькі, ласкавы, бо ў яго быў востры язычок, ён мог надзвычай дакладна перадаць нейкую сытуацыю ды назваць проста ў вочы чалавека тым, чаго ён заслугоўвае. Але, тым ня менш, цалкам яго душа была вельмі добрая. Што тычыцца таго, што зрабіў Рыгор Іванавіч у літаратуры, то гэта абсалютна ацаніць немагчыма сёньняшнімі дзяжурнымі сказамі — паэзія Рыгора Барадуліна сапраўды народная. Тое, што ён апошнім часам выдаў з моўнага багацьця — „Ушацкі словазбор“ і іншыя працы, зьвязаныя з нашай роднай мовай — гэта вялікі подзьвіг.

Калі ўвогуле падумаць, што такое Рыгор Барадулін для нас, для Беларусі, то гэта народны паэт ня толькі з-за таго, што яму прысвоенае званьне „народнага“. Ён сапраўды народны, яго паэзія народная. Яна і простая, і высокаінтэлігентная, і адухоўленая. Я шмат пісаў пра творчасьць Рыгора, але таго, што ты пішаш, ніколі ня можаш выказаць да канца. Ік алі перачытваеш, асэнсоўваеш, зробленае ім, бачыш усё новыя і новыя, раней не заўважаныя, пласты. Нават фізычна адчуваеш сваю родную зямлю: і гэты ветрык, і жаўрука, і тыя лёгкія анёльскія аблачынкі, якія ляцяць над Ушаччынай. У ягонай творчасьці гучыць і філязафічнасьць, і роздум над такім загадкавым сэнсам нашага жыцьця. Усё гэта ёсьць у ім, усё ўладарыць у сьвятым храме паэзіі...».

Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG