Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Беларусы не абавязаныя ваяваць з Украінай на баку Расеі


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Цяпер Расея ў Крыме захоплівае козыры, каб паказаць, што яе месца — за сталом перамоваў пра лёс Украіны, кажа вайсковы аналітык Аляксандар Алесін.

Усе сілавыя сцэнары разьвіцьця падзеяў у Крыме і магчымасьці ўдзелу ў іх беларускіх вайскоўцаў — у ягоным інтэрвію Радыё Свабода.

26 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвясьціў раптоўныя вайсковыя вучэньні на мяжы з Украінай з мэтай праверыць баяздольнасьць вайсковых падразьдзелаў. Рашэньне расейскага прэзыдэнта супала з вострай сытуацыяй у Крыме. Падчас паседжаньня ў Вярхоўнай Радзе Крыма ў Сімферопалі адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі прарасейскага і праўкраінскага выбару паўвыспы.

27 лютага зь месцаў дысьлякацыі сілаў Чарнаморскага флоту Расеі ў Крыме пад Сімферопаль выехалі некалькі БТРаў без апазнавальных знакаў. Яны былі спыненыя пастом ДАІ. Выканальнік абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў папярэдзіў вайскоцаў Чарнаморскага флёту, каб тыя не пакідалі месцы сваёй дыслякацыі, інакш гэта будзе расцэнена як вайсковая агрэсія.

«Гэта дэманстрацыя сілы, — тлумачыць вайсковы аналітык Аляксандар Алесін. — Расея вырашыла паказаць, што ў яе ёсьць рычагі ўплыву на сытуацыю ва Ўкраіне. Але вайсковы канфлікт малаверагодны.

Я думаю, што дэманстрацыя сілы, якую зараз рэалізуе Расея, гэта мера вайсковай дыпляматыі, і зьяўляецца адказам Расеі на тое, што яе фактычна адхілілі ад вырашэньня ўкраінскай праблемы.

На пагадненьне Майдана зь Януковічам фактычна даў згоду і Пуцін. Ёсьць нават сьведчаньні СМІ пра тое, што Януковіч пайшоў на саступкі менавіта пад ціскам Пуціна, які не пагадзіўся даць яму іншую дапамогу, апроч эканамічнай.

Але мы ведаем, што аніводзін пункт пагадненьня ня выкананы, і тое, што зараз адбываецца, не адпавядае ніякім пагадненьням, на якія пагадзілася ў тым ліку і Расея.

Расея вырашыла паказаць, што ў яе ёсьць рычагі ўплыву на сытуацыю, І вучэньні, што пачаліся, — гэта так званая „дэманстрацыя сьцяга“. Гэта вайсковая дыпляматыя — паказаць важкую дубіну.

Думаю, непасрэднай прычынай таго, што менавіта зараз гэта здарылася, — тое, што адбываецца ў Крыме, і адмена закону пра рэгіянальныя мовы. Расея тым самым дэманструе, што яна стаіць на варце інтарэсаў расейскага насельніцтва.
Думаю, што ваяваць Расея ня будзе. Гэта не ў яе інтарэсах

Думаю, што ваяваць Расея ня будзе. Гэта не ў яе інтарэсах. Яна проста хоча паказаць, што яе месца — за сталом перамоваў па сытуацыі ва Ўкраіне».

Улічваючы высокую ступень уплыву расейскага кіраўінцтва на Беларусь, а таксама на абавязальніцтвы, якія ўзяла на сябе Беларусь як сябар АДКБ (Арганізацыі Дамовы калектыўнай бясьпекі), ці магчыма, што Беларусь будзе вымушаная стаць на баку Расеі ці падзяліць пазыцыю АДКБ ва ўзброеным канфлікце з Украінай?

Паводле Аляксандра Алесіна, адказ адназначна адмоўны:

«Аніякая дамоўленасьці не патрабуюць ад Беларусі ўдзелу ў зьнешніх апэрацыях за межамі зоны адказнасьці АДКБ, якія можа весьці адзін з удзельнікаў АДКБ. Украіна не зьяўляецца такой зонай адказнасьці, бо зона адказнасьці АДКБ — гэта тэрыторыя дзяржаў, якія ўваходзяць у склад АДКБ.

Я лічу немагчымым варыянт, пры якім Расея ўзброеным чынам умяшаецца ва ўкраінскія справы.

Але нават калі гэта адбудзецца, Беларусь абсалютна спакойна можа ухіліцца ад удзелу ў гэтым і рабіць толькі дыпляматычныя намаганьні».

Аднак, папярэджвае Алесін, пры разьвіцьці найгоршага варыянту, калі канфлікт пяройдзе ў стадыю кровапраліцьця, на тэрыторыю Крыма паводле рашэньня ААН ці па дамоўленасьці НАТА і АДКБ могуць быць уведзеныя міратворчыя сілы.
Беларусь зможа ўдзельнічаць у міратворчай апэрацыі, маючы мандат ААН

«Расея наўрад ці захоча ўдзельнічаць у такіх баявых дзеяньнях, улічваючыя варожае стаўленьне значнай часткі кіроўнага клясу Ўкраіны. У гэтым выпадку, калі будзе рашэньне ААН, Беларусь зможа ўдзельнічаць у міратворчай апэрацыі, маючы мандат ААН. У нас ёсьць міратворчая рота, якая праходзіць адпаведную падрыхтоўку. І толькі ў гэтым выпадку беларускія вайскоўцы змогуць апынуцца на тэрыторыі Ўкраіны і канкрэтна Крыма».

Улады Крыма ўжо прызначылі рэфэрэндум на 25 траўня 2014 году — дзень новых прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. На рэфэрэндум вынесена адно пытаньне: «Аўтаномная Рэспубліка Крым мае дзяржаўную самастойнасьць і ўваходзіць да складу Ўкраіны на падставе дамоваў і пагадненьняў — так ці не?». Калі вынікі рэфэрэндуму прывядуць да таго, што Крым абвесьціць пра сваю незалежнасьць, ці магчымае паўтарэньне падзеяў Расейска-грузінскай вайны 2008 году?

Аляксандр Алесін лічыць, што ў Расеі няма плянаў анэксіі Крыма, а паралелі з расейска-грузінскім вайсковым канфліктам тут праводзіць нельга:

«Ані з палітычнага, ані з вайсковага, ані з эканамічнага пункту гледжаньня канфлікту ня будзе. Крым не мяжуе па зямлі з тэрыторыяй Расеі. Расея не захоча псаваць свае стаусункі з ЗША. Яна не СССР: не настолькі магутная, каб заклікаць да канфрантацыі. Да таго ж гэта будзе зь недавольнасьцью прынята тымі, каго Пуцін называе „эўрапейскімі партнэрамі“, найперш Нямеччынай, у якой сканцэнтраваныя буйныя эканамічныя інтарэсы Расеі.

Нельга праводзіць паралелі з Грузіяй. Мы памятаем, што ў Паўднёвай Асетыі грузінскія войскі ці то па глупстве, ці па злой волі кіраўніцтва напалі на расейскі міратворчы кантынгент, забіўшы і параніўшы некалькі дзясяткаў рускіх салдат. Тут, думаю, нават амэрыканцы ня вытрымалі б».

Знаходжаньне Чарнаморскага флёту Расеі на тэрыторыі Ўкраны — адна са спадчынаў прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. Так званыя «харкаўскія пагадненьні», якія замацавалі расейскі флёт ва Ўкраіне, былі падпісаныя 21 красавіка 2010 году Віктарам Януковічам і Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Падпісаньне пагадненьняў выклікала жорсткую рэакцыю і пратэсты. Але факт застаецца фактам: Севастопальская вайсковая база — галоўная база Чарнаморскага флёту Расеі. Якую вагу ў Крымскім канфлікце будзе мець гэты фактар?
Ня дай Бог, канечне, які-небудзь напад на Чарнаморскі флёт, справакаваны кімсьці з экстрэмістаў

Аляксандр Алесін: «Ня дай Бог, канечне, які-небудзь напад на Чарнаморскі флёт, справакаваны кімсьці з экстрэмістаў. Але ў самога флёту ў межах тэрыторыі дастаткова сіл для самаабароны. Там ёсьць і пехота, і спэцназ, і караблі. Толькі ў гэтым выпадку магчымае ўзьнікненьне крызіснай сытуацыі».

Аляксандар Алесін бачыць яшчэ адзін варыянт разьвіцьця падзеяў, але сам называе яго «малаверагодным і скрайне не пажаданым».

«Гэта калі найбольш экстрэмісцкія элемэнты з заходняй Украіны ці іншых рэгіёнаў паспрабуюць усталяваць свой парадак і заканадаўства на тэрыторыі Крыма і адбудуцца сутыкненьні незаконных узброўеных фармаваньняў з крывавым вынікам.

Будзе, напэўна, Рада Бяьспекі, і ў нейкія пункты, дзе сканцэнтраванае расейскае насельніцтва, могуць быць скінутыя расейскія дэсантнікі. Але гэта ня будзе анэксіяй Крыма. Яшчэ раз паўтараю, што Расея не зацікаўленая ў гэтым. Межы Ўкраіны прызнаныя ААН. Цяжка чакаць, што тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны можа звонку падвергнуцца небясьпецы».

«Сілавога сцэнару з боку Расеі ня будзе, — падсумоўвае Алесін. — Цяперашнія падзеі і з парлямэнтам Крыма, і з Саўмінам — гэта захоп козыраў, якія можна будзе выкарыстоўваць надалей у перамовах з Кіевам, каб адстойваць большую ступень самастойнасьці Крыма. Каб быць на роўных, захаваць аўтаномію, большую самастойнасьць і пазьбегнуць прыбыцьця на тэрыторыю Крыма радыкальных элемэтаў зь іншых тэрыторый краіны».


Даведка Радыё Свабода — Крымская аўтаномія


Гісторыя крымскай аўтономіі пачынаецца з 18 кастрычніка 1921 году — у гэты дзень была абвешчаная Крымская АССР у складзе РСФСР.

У 1948 годзе Севастопаль, які знаходзіцца на Крымскай паўвыспе, атрымаў статус асобнага адміністрацыйна-гаспадарчага цэнтра.

26 красавіка 1954 году Мікіта Хрушчоў прыняў рашэньне вывесьці Крымскую вобласьць са складу РСФСР і перадаць УССР. Пры гэтам Севастопаль застаўся горадам рэспубліканскага падпарадкаваньня.

20 студзеня 1991 году адбыўся рэфэрэндум, па выніках якога 12 лютага 1991 году была ўзноўленая Крымская АССР. Гэты факт зафіксаваны ў тагачаснай канстытуцыі Ўкраіны.

26 лютага 1992 году Крымская АССР была перйменаваная ў Рэспубліку Крым.

6 траўня 1992 году Крым займеў уласную канстытуцыю.

21 верасьня 1994 году тэрыторыя стала называцца Аўтаномная Рэспубліка Крым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG