Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт адмяняе візавы рэжым з Малдовай


Такое рашэньне аднагалосна прынялі эўрапейскія парлямэнтары 27 лютага. Далей рашэньне будзе разглядацца Радай ЭЗ. Яно ўступіць у сілу праз 20 дзён пасьля апублікаваньня.

Чакаецца, што ў шэнгенскую прастору грамадзяне Малдовы змогуць уяжджаць бязь візаў ужо зь ліпеня 2014 году. Паводле шэнгенскага пагадненьня бязьвізавы рэжым распаўсюджваецца ня толькі на краіны-падпісанты, але і на Нарвэгію, Швайцарыю і Ліхтэнштэйн. Вялікабрытанія, Паўночная Ірляндыя і Данія Шэнгенскага пагадненьня не падпісалі.

Прагрэс у адмене візавага рэжыму для грамадзянаў Малдовы стаў магчымы пасьля таго, як у лістападзе 2013 году на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні дзяржава падпісала асацыяцыю з ЭЗ, паведамляе Інтэрфакс.

Прысутны на саміце міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей таксама заявіў, што Беларусь гатовая распачаць з ЭЗ перамовы пра адмену візавага рэжыму. Перамовы распачаліся ўжо ў студзені 2014 году, падчас візыту намесьніцы міністра замежных спраў Алены Купчыной у Брусэль. Наступны этап перамоваў прызначаны на сакавік.

Першую прапанову пра скасаваньне візавага рэжыму Беларусь атрымала ад ЭЗ яшчэ ў 2011 годзе. Аднак сярод умоваў палягчэньня і адмены ёсьць і падпісаньне пагадненьня пра рэадмісію — згода дзяржавы прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншых дзяржаваў. Або тых, хто ня мае грамадзянства Беларусі, але пэўны час пражываў на яе тэрыторыі.

Беларускія ўлады пабойваліся, што падпісаньне пагадненьня пра рэадмісію павялічыць колькасьць мігрантаў на яе тэрыторыі.

Беларусь адзначаецца адной з самых бюракратычных працэдур атрыманьня шэнгенскіх візаў і высокай іх цаною. Пры гэтым беларусы застаюцца рэкардсмэнамі па колькасьці атрыманых візаў на тысячу чалавек насельніцтва. У 2012 годзе беларускія грамадзяне атрымалі каля 700 тысяч візаў. Мяркуецца, што за 2013 год гэтая лічба толькі павялічылася.

Адмова ад падпісаньня пагадненьня пра асацыяцыю з ЭЗ Віктарам Януковічам справакавала ва Ўкраіне палітычны крызіс, грамадзкія пратэсты, збройныя сутыкненьні і ўрэшце прывяла да адстаўкі Віктара Януковіча і прызначэньня даты датэрміновых выбараў. Новыя ўлады Ўкраіны заяўляюць пра аднаўленьне эўрапейскага вэктару ў палітыцы і абвяшчае пра пляны зьвярнуцца да вышэйшых органаў ЭЗ з просьбай скасаваць візавы рэжым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG