Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перасьцераглі Расею ад ваеннага ўмяшаньня ва Ўкраіне


Джон Керы
Джон Керы

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што ваеннае ўмяшаньне Расеі ва Ўкраіне было б «гіганцкай, пагібельнай» памылкай. Кэры выступіў з гэтай заявай у сераду пад час гутаркі зь невялікай групай журналістаў у Вашынгтоне.

«Для краіны, якая так часта выступала супраць замежнага ваеннага ўмяшаньня ў Лібіі, Сырыі і іншых месцах, было б важна прыслухацца да яе ўласных перасьцярогаў», — цытуе Кэры Reuters. Паводле Кэры, Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць прадстаўленьня Ўкраіне фінансавай дапамогі ў мільярд даляраў.

Раней у інтэрвію тэлекампаніі MSNBC дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што Расеі трэба праявіць «вялікую асьцярожнасьць» пры прыняцьці рашэньняў аб яе будучых кроках адносна Ўкраіны і заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ўважліва прыслухацца да ўкраінцаў, якія выступаюць за перамены ў іх краіне. Пра гэта паведамляе вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода.

Паводле Кэры, ЗША не шукаюць канфрантацыі з-за Ўкраіны, але выразна заяўляюць, што ўсе краіны павінны з павагай ставіцца да тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны. «Расія абяцала зрабіць менавіта так, і, з на нашага гледзішча, вельмі важна, каб яна стрымала сваё слова», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Кэры даў гэта інтэрвію ў той жа дзень, калі ён сустрэўся з прэм’ер -міністрам Грузіі Іракліем Гарыбашвілі, які знаходзіцца ў Вашынгтоне з візытам. Кэры сказаў журналістам, што Злучаныя Штаты працягваюць выступаць супраць расейскай акупацыі і мілітарызацыі грузінскай тэрыторыі. «Мы заклікаем Расею выканаць узятыя ёю на сябе абавязацельствы ў рамках падпісанага ў 2008 годзе пагадненьня аб спыненьні агню, які ўключае вывад войскаў і забесьпячэньне свабоднай дастаўкі гуманітарнай дапамогі», — адзначыў Джон Кэры.

Дзяржсакратар таксама абвясьціў аб прадстаўленьні Грузіі з боку ЗША дадатковай дапамогі ў яе прасоўваньні да эўраатлянтычнай інтэграцыі. Дэталі «дадатковай дапамогі», пра якую казаў Кэры, пакуль невядомыя, але ён, між іншым, згадаў намер ЗША паспрыяць у справе ўстанаўленьня бязьвізавага рэжыму паміж Грузіяй і Эўрапейскім зьвязам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG