Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якіх аўто езьдзяць беларускія чыноўнікі


На якіх машынах езьдзіць так званым «губэрнатарам», вырашаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ён жа летась падпісаў указ, паводле якога чыноўнікам забараняецца набываць службовыя аўта даражэй як за 25 тысяч эўра.

Высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі карыстаюцца пераважна нямецкімі «Мэрсэдэсамі» ды «Аўдзі», а таксама японскай «Таётай». На якіх машынах езьдзіць так званым «губэрнатарам», вырашаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ён жа летась падпісаў указ, паводле якога чыноўнікам забараняецца набываць службовыя аўта даражэй як за 25 тысяч эўра.

Вонкава выглядае, што беларускія чыноўнікі аддаюць перавагу дзьвюм маркам легкавых аўтамабіляў — нямецкаму «Мэрсэдэсу» і японскай «Таёце». Гэта сапраўды так, пацьвярджае мае назіраньні экс-прэзыдэнт Асацыяцыі ўладальнікаў-вадзіцеляў аўтатранспарту Алег Маркевіч:

Алег Маркевіч
Алег Маркевіч
«Чыноўнікі рознага рангу езьдзяць на розных марках аўто, хоць і тут бываюць выключэньні. Але існуе такая няпісаная табэль аб рангах, якой яны прытрымліваюцца. Калі, напрыклад, чыноўнікі кшталту віцэ-прэм’ераў езьдзяць на шыкоўных машынах „прэміюм С-клясы“, пераважна „Мэрсэдэс“, „Аўдзі-8“, то супрацоўнікі выканкамаў стараюцца езьдзіць на аўто бізнэс-клясы. Напрыклад, „Мэрсэдэс“-сэдан. Машына досыць шыкоўная, з добрай начынкай, скурай, падагрэвам.

Нельга правільна ацаніць машыну, не пабачыўшы, што ў яе ўсярэдзіне. Часам нейкі чыноўнік карыстаецца сярэднім на выгляд аўтамабілем. А калі паглядзіш яго кабіну, то там усялякія прычындалы каштуюць амаль столькі ж, колькі сама машына. Бо там і розныя падагрэвы, і розныя масажы, і аддзелка дрэвам, і вадкакрысталічныя маніторы, і тэлевізары ў падгалоўніках... Гэта ўсё дорага каштуе. Але гэта прэстыжна».

А цягу чынавенства да «Таёты» Алег Маркевіч тлумачыць так:

«У простанародзьдзі „Таёту“ называюць японскім „Мэрсэдэсам“. У яе высокая якасьць. Яна надзейная, яе канструктары сочаць за прагрэсам і ўвесь час мадэрнізуюць машыну. Тая ж „Таёта кэмры“ крыху таньнейшая за „Мэрс“, але гэта прыкладна адна кляса».

Заўважана, што кіраўнік беларускай дзяржавы карыстаецца пераважна браніраваным «Мэрсэдэсам». Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір, на той час другі, згодна з Канстытуцыяй, чалавек у Беларусі, кажа, што асабліва не прыглядаўся да гэтага:

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір
«Я ўжо і ня памятаю добра. Я абыякавы да транспарту. Ёсьць машына і добра, бог ты мой.

Памятаю толькі, што калі Лукашэнка замяніў сабе машыну, то ён аддаў мне свайго браніраванага „Мэрса“. Сабе купіў новы, а мне дастаўся той. На ім я трапіў у аварыю. Пасьля чаго езьдзіў на „Вольва“.

Чаму я трапіў у аварыю, чаму некаторыя чыноўнікі трапляюць? Ня ведаю дакладна, хто гэта прыдумаў, што трэба рухацца з хуткасьцю ня меншай за 140 кілямэтраў на гадзіну. Так было прыдумана яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. А на нашых дарогах такая хуткасьць стварае перадумовы да аварыйнасьці. З гэтай прычыны і я ўскочыў у аварыю. Таму што вельмі высокая хуткасьць».

Дарэчы, калі ў кастрычніку 1980 году насьмерць разьбіўся першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў, ён ехаў у «Чайцы» ГАЗ-13.

Ня вельмі памятае сваю службовую машыну і былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Ён кажа, што быў аўтамабіль прадстаўнічай клясы — ці то БМВ, ці то «Мэрсэдэс». Але ім галоўны банкір краіны амаль не карыстаўся, бо за межы Менску выяжджаў рэдка. А па сталіцы рухаўся выключна на «Волзе».

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч, будучы паводле ранжыру першай асобай краіны, зьмяніў тры службовыя машыны. Спачатку езьдзіў на «Волзе». Потым яму далі знакаміты «членавоз» — «ЗІЛ», якім давялося скарыстацца ўсяго тры разы. Апошнім стаў «Мэрсэдэс». «Але 90% часу мяне вазіла „Волга“», — запэўнівае Станіслаў Шушкевіч.

Цяперашнія чыноўнікі «Волгамі» не карыстаюцца. У афіцыйным прадстаўніцтве кампаніі «Мэрсэдэс бэнц» у Менску факты закупу дзяржаўнымі структурамі аўтамабіляў пацьвярджаюць. Аднак лічбаў не называюць.

У «Таёта Цэнтар Менск» кажуць, што дзяржаўныя структуры часта набываюць тут аўтамабілі. Гэта ў асноўным «Камры» і «Лэнд крузэры». Сярэдні кошт «Камры» — 40 тысяч даляраў. У лепшай камплектацыі (узгадайце словы Алега Маркевіча) трэба плаціць ужо 60 тысяч і нават болей. А за новы «Лэнд крузэр» трэба аддаць ня меней за 100 тысяч. Дарэчы, на такім аўто езьдзіў Павал Латушка, калі быў міністрам культуры.

Аднак часам цяперашнія чыноўнікі адыходзяць ад табэлі аб рангах. Гэта стала вядомым пасьля адкрыцьця тэндэрнага сайту Goszakupki.by. Скажам, інтэрнэт-супольнасьць ускалыхнулі непамерныя амбіцыі галоўнага вэртыкальшчыка Ельскага раёну. Мясцовы райвыканкам абвясьціў тэндэр на закуп аўтамабіля для свайго начальніка. У заяўцы напісалі — патрэбны Touareg Tiptronic або яго аналяг, колер — чорны пэрлямутар. За такі аўтамабіль Ельскі райвыканкам гатовы быў выкласьці 587 100 000 рублёў.

Шмат шуму нарабіла і набыцьцё старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцінам Сумарам у 2011 годзе «Аўдзі-8». Тым болей што ў гэты аўтамабіль ён перасеў ня з «Волгі», а з «Таёты лэнд крузэр». Аднак хутка высьветлілася — такія ж «Аўдзі-8» закупілі для кіраўнікоў усіх абласьцей. Закупілі паводле рашэньня Аляксандра Лукашэнкі.

«Такі закуп „пад адзін грэбень“ не вырашае праблемы», — лічыць эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Я ня думаю, што праблема ў адсутнасьці афіцыйнай табэлі аб рангах і што яе неабходна ўводзіць. Гэта ўсё ж нейкія фэадальныя рэчы. Пры нармальнай сытуацыі, пры нармальным кантролі за дзяржаўнымі выдаткамі не куплялі б самае дарагое і самае пантовае. А мы такім, можна сказаць, дзікім спосабам спрабуем рашыць важнае пытаньне пра тое, што дзяржаўныя сродкі часта трацяцца на далёка ня самае галоўнае».

Аляксандар Лукашэнка летась нарэшце вырашыў зрэзаць выдаткі дзяржаўных органаў на аўтатранспарт. Цяпер чыноўнікі ня могуць купляць службовыя машыны даражэй як за 25 тысяч эўра ў эквіваленце. Але цікава, што гэты ліміт уведзены з агаворкай — «калі іншае не ўстаноўлена прэзыдэнтам».

«Чыноўнікі ўжо актыўна абыходзяць гэтую агаворку», — камэнтуе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Гэтыя агаворкі, як паводле Оруэла ў «Фэрме». У нас жа гэтаксама. Для прыватных прадпрыемстваў адно, для дзяржаўных — іншае. Для прадпрыемстваў, якія паставілі на мадэрнізацыю, крэдыты па 5%, для іншых — па 50%.

Гэты ўказ зроблены для таго, каб сябе прапіярыць. Палажэньне ўведзена для таго, каб чыноўнікі ім карысталіся. А прычынаў перакрыць гэтыя 25 тысяч яны знойдуць шмат. Напрыклад, скажуць, што так патрэбна дзеля бясьпекі, што так можна зэканоміць сродкі на ўтрыманьне машыны. Дзясятак знойдуць падставаў. Як кажуць, «голь на выдумку хитра».

Насамрэч, паводле парталу Auto.tut.by, сэрвіс дарагіх аўтамабіляў, як правіла, абыходзіцца даражэй, чым догляд машын бюджэтных марак. Як вынікае з дакумэнтаў Берасьцейскага аблвыканкаму, у 2014 годзе выдаткі на тэхабслугоўваньне і бягучы рамонт пазадарожнікаў і сэданаў прадстаўнічай клясы могуць складаць ад 6 да 10 тысяч даляраў у эквіваленце на адну машыну.

На даражэйшы аўтамабіль патрэбны і даражэйшы страхавы поліс КАСКО, сьведчаць аўтары парталу Auto.tut.by. Яны прыводзяць такі прыклад: летась Віцебскі аблвыканкам абвяшчаў тэндэр на поўнае КАСКО для службовай «Аўдзі» свайго старшыні Аляксандра Косінца. Бюджэт тэндэру склаў 10 тысяч даляраў у эквіваленце.

«А ці можа Камітэт дзяржкантролю прасачыць за тым, каб указ кіраўніка дзяржавы не парушаўся?» — цікаўлюся ў Яраслава Раманчука.

«А навошта? Дзяржкантроль сам будзе сярод першых купляць добрыя машыны. Бо гэта частка прывілеяў, якія атрымліваюць супрацоўнікі, калі паступаюць на высокую дзяржаўную службу. Так што кантралёры і тыя, каго яны кантралююць, сядзяць у адной лодцы».

У 80-я гады мінулага стагодзьдзя нумар машыны даваў ясную інфармацыю пра тое, каго на ёй вазілі. Найвышэйшае кіраўніцтва БССР, пачынаючы ад першага сакратара ЦК КПБ, карысталася аўтамабілямі сэрыі «МИП». У народзе гэта расшыфроўвалі так: «Мы идём первыми». Кіраўнікі крыху ніжэйшага рангу езьдзілі на машынах сэрыі МИС. Пра іх казалі так: «Мы идём следом». І, нарэшце, трэцяя катэгорыя высокіх чыноўнікаў мела машыны сэрыі МИР. І на гэта была свая расшыфроўка — «Мы идем рядом».

Цяпер на самай галоўнай машыне краіны, якой карыстаецца Аляксандар Лукашэнка, замест літараў — дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. А высокія чыноўнікі пераважна езьдзяць на машынах сэрыі МІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG