Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ельску маладафронтаўцаў пакаралі 10 суткамі арышту


Мікалай Дземідзенка на Майдане, архіўнае фота
Мікалай Дземідзенка на Майдане, архіўнае фота

Затрыманых на ўкраінскай мяжы актывістаў «Маладога фронту» Мікалая Дземідзенку й Зьмітра Крамянецкага Ельскі раённы суд 24 лютага пакараў арыштам на 10 сутак. Маладафронтаўцаў зьвінавацілі ў дробным хуліганцтве.

Мікалая Дземідзенку й Зьмітра Крамянецкага затрымалі на ўкраінскай мяжы яшчэ 22 лютага. Актывісты накіроўваліся ў Кіеў на Эўрамайдан. Памежнікі паставілі штампы ў іх пашпартах на забарону ўезду на тэрыторыю Ўкраіны цягам 5 гадоў і адвезьлі маладзёнаў на беларускі бок, дзе перадалі ельскім міліцыянтам.

Двое сутак маладафронтаўцы знаходзіліся пад вартаю ў райаддзеле міліцыі. У дачыненьні да іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы на дробнае хуліганцтва і перададзены сёньня ў Ельскі раённы суд.

Судзьдзя Іван Цалкоў, які разглядаў адміністацыйныя справы Мікалая Дземідзенкі й Зьмітра Крамянецкага, адмовіўся сказаць, якія менавіта пакараньні вынес у дачыненьні маладафронтаўцаў. Пра 10-суткавы арышт стала вядома зь іншых крыніцаў.

Лідэр зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч апавёў, што падчас мінулагодняй паездкі на Эўрамайдан у Дземідзенкі й Крамянецкага ўзялі падпіскі пра няўдзел у пратэстных акцыях на тэрыторыі Ўкраіны. Гэтым разам украінскія памежнікі праявілі пільнасць — і перадалі хлапцоў найбліжэйшай беларускай міліцыі ў Ельску.

Дашкевіч: «Беларускі бок, канечне, не прымушае доўга думаць над складаньнем пратаколаў: ляпае ўсё што заўгодна — ад супраціву да непадпарадкаваньня. Ці яшчэ што-кольвечы. Ну і відавочная супраца спэцслужбаў з рэжымам Януковіча, які ўжо ляснуўся. Відаць, яшчэ пару няўцямных агентаў засталося, якія не разумеюць што да чаго».

Пакараньне можна абскардзіць цягам 5 сутак. Ці будзе ў арыштаваных маладафронтаўцаў магчымасьць гэта зрабіць, невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG