Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да алімпійцаў — праз інструктаж


Ня так лёгка аказалася патрапіць у нацыянальны аэрапорт «Менск», дзе чакаецца прылёт з Сочы беларускай алімпійскай дэлегацыі.

Міністэрства спорту і турызму папярэдзіла журналістаў, каб тыя прыбылі на лётнішча за дзьве гадзіны да меркаванага прызямленьня прэзыдэнцкага самалёту, дзе зь імі будзе праведзены адпаведны інструктаж. Пры гэтым абавязковая наяўнасьць пашпарту, а тых, хто загадзя не акрэдытаваўся, просяць заставацца ў сваіх рэдакцыях. Прылёт самалёту чакаецца а 16:30.

Зрэшты, нават наяўнасьць дазволу не гарантуе, што ўдасца трапіць у эпіцэнтар падзеяў. Пішучая брація будзе падзеленая на дзьве групы. Першая, атрымаўшы пропускі, рушыць на пэрон для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі сустрэчы алімпійцаў ля трапу самалёту. Другая далучыцца да тых, хто прыехаў сустракаць трыюмфатараў Гульняў-2014: сваякоў спартоўцаў, трэнэраў, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, працоўных калектываў, фэдэрацый па відах спорту, юных спартоўцаў.

Пасьля заканчэньня цырымоніі VIP-пэрсоны зоймуць месца ў аўтобусах і ў суправаджэньні аўтамабіляў ДАІ скіруюцца да плошчы Перамогі ў Менску, дзе адбудзецца ўскладаньне кветак да падножжа абэліску.

На шляху калёны ад аэрапорту да цэнтра сталіцы камунальныя службы павывешвалі чырвоныя і зялёныя сьцяжкі, дзяржаўныя сьцягі, а таксама сьцягі Нацыянальнага алімпійскага камітэту, якія ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка. Гэтаксама ўсталяваныя біг-борды і вывешаныя расьцяжкі з выявамі прызэраў Алімпіяды. Пакуль невядома, ці заплянаванае сёньня ўганараваньне герояў спорту ў Палацы незалежнасьці, альбо працэдура адбудзецца днямі.

Зусім па іншым сцэнары праходзіла ў Кіеве сустрэча ўкраінскай зборнай, якая вярнулася на радзіму раніцай 24 лютага. У міжнародным аэрапорце Барыспаль спартоўцаў і трэнэраў віталі сябры выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, прадстаўнікі Міністэрства моладзі і спорту, заўзятары, родныя і блізкія алімпійцаў, журналісты. Перадусім словы ўдзячнасьці адрасаваліся трыюмфатарам гульняў-2014 — алімпійскім чэмпіёнкам у біятлённай эстафэце Алене Підгрушнай, Юліі Джыме, Віце і Валі Семярэнкам. Пасьля гэтага спартоўцы разьехаліся па дамах.

Ніякіх чырвоных дарожак, ротаў ганаровай варты і спэцыяльнай акрэдытацыі журналістаў не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG