Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Стрыжак: Глядзець на Майдан зь Беларусі больш было немагчыма


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Каардынатар моладзевай сеткі прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак ужо трэці раз за час Эўрамайдану паехаў у Кіеў. Паехаў у час самы цяжкі, калі на вуліцах сталі гінуць людзі. Цяпер Андрэй працуе на гарачай лініі грамадзкай ініцыятывы «Эўрамайдан-SOS».



Андрэй Стрыжак: «Рашэньне паехаць было прынятае ў ноч, калі «Беркут» пачаў штурмаваць Майдан. Гэта пасьля мірнага наступу на Вярхоўную раду, які зладзіла апазыцыя. Я вырашыў, што ўжо больш трываць гэта ўсё ў Беларусі няма ніякай магчымасьці, трэба ехаць і нешта рабіць, дапамагаць сваім сябрам.

Ніякай асаблівай увагі да пасажыраў цягніка Менск — Кіеў я не заўважыў. Па прыезьдзе таксама.

Што моцна ўражвае — баявыя дзеяньні, якія вы бачыце ў стужцы навінаў, ідуць літаральна на тэрыторыі некалькіх гектараў. Гінуць людзі — а за 500 мэтраў ужо не чуваць ні стрэлаў, нічога. Проста веснавы Кіеў, які квітнее і пахнее.

Радыё Свабода: «У чым вашая дапамога Майдану? Што вы робіце ў Кіеве?»

Андрэй Стрыжак: «Я падчас навучаньня ў школе не атрымаў корачкі мэдбрата. Ня маю аніякіх навыкаў аказаньня мэдычнай дапамогі. Я ані баец, ані чалавек, які мае досьвед баявых дзеяньняў. Да таго ж лічу, што ўдзел беларусаў на першай лініі барыкадаў — гэта ўмяшаньне ў справы суседняй дзяржавы. Таму я вырашыў, што буду займацца тым, што ўмею, — каардынаваць, камунікаваць.

Я цяпер валянтэр у арганізацыі „Эўрамайдан-SOS“. Гэта ініцыятыва, якая была арганізаваная адразу пасьля разгону першага, так званага „студэнцкага“, Майдану. Гэта людзі, якія каардынуюць дапамогу Майдану і дапамагаюць тым, хто неяк пацярпеў падчас падзеяў. Я працую на гарачай лініі. Учора ўвесь дзень адказваў на званкі.

Шмат людзей тэлефануе з запытамі, як можна дапамагчы — прывезьці ежу, перадаць лекі, вартаваць у лякарнях. Мы проста перанакіроўваем гэтых людзей на каардынатараў, якія займаюцца гэтымі рэчамі. Вельмі цяжкая частка працы — гэта адказваць на званкі тых, хто шукае сваякоў у сьпісах загінулых. Даводзілася адказваць і на такія тэлефанаваньні».

Радыё Свабода: «Што цяпер адбываецца на Майдане?»

Андрэй Стрыжак: «Паводле стану на 6:30 раніцы было досыць спакойна. Пад’ехала некалькі аўтобусаў зь людзьмі з аднаго з заходніх рэгіёнаў. Людзі сур’ёзна настроеныя стаяць да перамогі.

Пасьля ўчорашніх ахвяраў Януковіч ня тое каб зрабіўся больш згаворлівы, але прынамсі прыняў у сябе міністраў замежных спраў эўрапейскіх краінаў. У людзей зьявілася надзея, што ўдасца ўсё ж зьнізіць узровень эскаляцыі гэтага канфлікту, што ня будзе новых ахвяраў.
Твары ў людзей сталі больш сур’ёзныя, нелетуценныя. І відаць, што яны разумеюць усю сур’ёзнасьць сытуацыі, але нікуды не сыходзяць, бо пэўна бачаць, што іншага выйсьця ў іх няма, як толькі стаяць да перамогі

Радыё Свабода: «Вы ўжо ня першы раз на Майдане. Якія зьмены заўважылі за гэтыя тры месяцы?»

Андрэй Стрыжак: «Стала значна больш людзей, якія разьлічваюць, што можа быць бойка. На іх адзеньне з элемэнтамі абароны — бронекамізэлькі, каскі, акуляры. Вельмі шмат людзей з пазнакамі, што яны з мэдычнай службы.

Што тычыцца людзей, якія ўжо сталі архетыпамі Майдану, як, напрыклад, дзяўчаткі з бутэрбродамі, то гэта таксама ёсьць. У гэтым нічога не зьмянілася.

Твары ў людзей сталі больш сур’ёзныя, нелетуценныя. І відаць, што яны разумеюць усю сур’ёзнасьць сытуацыі, але нікуды не сыходзяць, бо пэўна бачаць, што іншага выйсьця ў іх няма, як толькі стаяць да перамогі.

Радыё Свабода: «Ці вы бачылі баявую або траўматычную зброю на Майдане?»

Андрэй Стрыжак: «Асабіста я ня бачыў аніводнай адзінкі зброі ў руках людзей, апроч дубінак, драўляных дручкоў. Штосьці падобнае да аўтамата ці пісталета — не, ня бачыў».

Радыё Свабода: «Ці бясьпечна цяпер знаходзіцца на вуліцах Кіева?»

Андрэй Стрыжак: «Галоўная небясьпека ўначы — гэта так званыя «цітушкі». Часта зьяўляецца інфармацыя пра тое, што на вуліцах расстралялі хлапцоў, па якіх было відаць, што яны з Майдану. Ходзяць размовы пра тое, што паляць аўтамабілі ў спальных раёнах.

Людзі самаарганізоўваюцца ў патрулі, якія сочаць за тым, каб быў парадак. Я сам сёньня глядзеў, як жыве начны Кіеў. Ня бачыў падазроных асобаў, ня чуў страляніны. Былі пэтарды, але, ізноў жа, невядома, хто і дзе гэта ўсё робіць.
Асабіста я ня бачыў аніводнай адзінкі зброі ў руках людзей, апроч дубінак, драўляных дручкоў

Абстаноўка трохі напружаная, але збольшага ўдзень пачуваесься бясьпечна.

Адзінае адрозьненьне гэтага Майдану ад таго, што быў да 19-га — амаль усе ўстановы, якія былі вакол Храшчаціку, крамы ці кавярні, якія раней круглыя суткі працавалі, цяпер гадзінцы а восьмай зачыняюцца. Уначы нічога не працуе. Гэта таксама сыгнал, што ўласьнікі могуць пабойвацца сытуацыі. Але думаю, што яны хутчэй не Майдану баяцца, а «цітушак».

Майдан даволі прадказальны, і нягледзячы на тое, што напал канфрантацыі вельмі высокі, людзі на Майдане паводзяць сябе вельмі тактоўна і спакойна.

Радыё Свабода: «Колькі людзей цяпер стала знаходзіцца на Майдане, жыве ў намётах?»

Андрэй Стрыжак: «Цяжка падлічыць. Візуальна можна сказаць, што ўвесь час прыбывае падмацаваньне, якое замяняе людзей, што стаміліся. Адбываецца ратацыя. Магу сказаць, што збольшага я бачыў там хлапцоў і мужчынаў ва ўзросьце ад 30 год. Гэта асноўны кантынгент, тыя, хто прыяжджае з рэгіёнаў. «Рэгіяналаў» у добрым значэньні гэтага слова лёгка адрозьніць, бо яны прыходзяць калёнай, лунаюць воклічы «Слава Ўкраіне». Выразна па іх бачна, што яны толькі прыехалі і ідуць на перадавую.

Дарэчы, раніцай учора я на Майдане мог бачыць, як выглядала абвешчанае Януковічам замірэньне. Гэта выбухі гранатаў прыблізна кожную хвіліну, і кожныя 10 хвілін хуткая вывозіць параненага.

Радыё Свабода: «Ці ўзброеныя сілавікі перасоўваюцца па горадзе?»

Людзі не прынялі ўсур’ёз абвяшчэньня контратэрарыстычнай апэрацыі. Да гэтага паставіліся як да чарговай бздуры, якая замінае ім ісьці да перамогі
Андрэй Стрыжак: «Я ня бачыў перасоўваньня сілавікоў, адзінае — бачыў блок-пасты ДАІ на Бесарабцы, у іх былі аўтаматы. Было цікава назіраць, як кіроўца, нягледзячы на тое, што перад ім стаіць афіцэр з аўтаматам, на пальцах тлумачыў яму, хто ён, што ён і што ён пра яго думае. Як калегі жартуюць, гукаў кляксонаў на адным асобна ўзятым скрыжаваньні было больш, чым за ўвесь наш «Стоп-бэнзін».

Тут, вядома, трэба разумець розьніцу ў сытуацыях, але цікавае назіраньне — людзі не прынялі ўсур’ёз абвяшчэньня контратэрарыстычнай апэрацыі. Да гэтага паставіліся як да чарговай бздуры, якая замінае ім ісьці да перамогі. І, на жаль, бачу, што гэты прававы нігілізм давядзецца пераадольваць. Калі нават зараз будзе прынятае нейкае рашэньне, ня факт, што адзін з бакоў пагодзіцца яго выконваць.

Я бачыў уначы на Майдане сытуацыю з аўтобусам салдатаў-ВВ-шнікаў. Іх «захапілі ў палон», а пасьля за імі прыехалі, каб вывесьці з Майдану. Каб не ўмяшаньне «Правага сэктару» (ультраправая моладзевая ўкраінская арганізацыя. — РС), то маглі б быць ахвяры з гэтай сытуацыі. Бо частка людзей не хацелі выпускаць аўтобус з Майдану. Абумоўліваючы гэта тым, што пакуль закладнікі ёсьць з праўладнага боку, то і ў Майдану могуць быць закладнікі. Але гэта не генэральная лінія Майдану — частка людзей проста заняла такую пазыцыю».

Радыё Свабода: «Ці сапраўды ў Кіеве паніка — людзі скупляюць прадукты ў крамах, стаяць чэргі на запраўках?»

Андрэй Стрыжак: «Учора было шмат тэлефанаваньняў, зьвязаных зь дзьвюма рэчамі — пра перакрываньне мастоў праз Дняпро і пра запраўкі. Мы пераправяралі гэтую інфармацыю. Яна збольшага не пацьвердзілася. Але праблемы ёсьць. Яны зьвязаныя з тым, што некаторыя прадукты проста не пасьпяваюць паставіць на базы менавіта з-за таго, што быў перакрыты ўезд у Кіеў. Цяпер сытуацыя трохі зьмянілася. Забесьпячэньне гэтымі першаснымі таварамі будзе наладжанае.

Нейкай вялікай панікі ў прыватных размовах зь людзьмі я не заўважыў. Магчыма, гэтая сытуацыя недзе ёсьць, але СМІ часта робяць карцінку, што тут гвалт і вайна. Але яшчэ раз паўтараю: Кіеў на Майдане і Кіеў за 500 мэтраў ад яго — гэта дзьве розныя рэчы».

Радыё Свабода: «Вы сочыце за тым, якая інфармацыя распаўсюджваецца ў СМІ і праз сацыяльныя сеткі. Ці ёсьць нешта, што вам з уласнага досьведу хацелася б абвергнуць?»

Андрэй Стрыжак: «Большасьць таго, што распаўсюджваецца, падмацоўваецца відэаматэрыяламі. Бачыць гэтыя кадры непрымальна, балюча і жахліва. Жахліва разумець, што людзей расстрэльваюць у эўрапейскай сталіцы за тое, што яны выяўляюць сваю думку.
Што магу параіць сябрам, якім баліць душа за Ўкраіну, — гэта ўважліва сачыць за крыніцамі інфармацыі. Зараз шмат фэйкавых крыніцаў. Сачыце за імі і не распаўсюджвайце плёткі

Цяпер усё вельмі складана. Ты бачыш нейкую інфармацыю, напрыклад, „Луцкая міліцыя перайшла на бок народу“, — і думаеш, што гэта нейкая „качка“. А пасьля бачыш відэа, дзе гэтыя міліцыянты перадаюць свае шаломы і шчыты маніфэстантам, і разумееш, што гэта абсалютная праўда. Тое, у што ты ня верыў тыдзень таму, можа стаць рэальнасьцю.

Напрыклад, тая самая сытуацыя, калі людзі заблякавалі чыгунку перад цягніком, на якім ехалі вайскоўцы ў Кіеў. Гэта падавалася „качкай“ і немагчымасьцю. Але калі бачыш кадры — гэта праўда.

Адзінае, што магу параіць сябрам, якім баліць душа за Ўкраіну, гэта ўважліва сачыць за крыніцамі інфармацыі. Зараз шмат фэйкавых крыніцаў. Сачыце за імі і не распаўсюджвайце плёткі».

Радыё Свабода: «Ці страшна было прымаць гэтае рашэньне? Ці не шкадуеце цяпер?»

Андрэй Стрыжак: «Страшна было. Страшна было прымаць рашэньне. Хоць галавой разумееш, што ня так усё жорстка, як паказвае СМІ, але ўсё адно страшна. Не баяцца толькі ідыёты.

Але трэба было зрабіць, бо інакш я проста ня мог. Я для сябе некалькі разоў гэта ўсё пракручваў. Нават калі б прымаў рашэньне ўжо пасьля той крывавай бойні, якія здарылася ўчора, то ўсё адно паехаў бы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG