Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Костка: Калі будзе загад Масквы, беларускі дыктатар дапаможа Януковічу


Валер Костка
Валер Костка

Былы вайсковы контравыведнік Валер Костка мяркуе, што расейскія спэцпадразьдзяленьні насамрэч бяруць удзел у падзеях ва Ўкраіне на баку Віктара Януковіча.

Зьвесткам з Майдану пра тое, што ў аднаго з захопленых у палон міліцыянтаў на форме быў шаўрон з сымболікай расейскага МУС, паводле Валера Косткі, варта даць веры. На думку былога контравыведніка, у цэнтральнай і ўсходняй Украіне могуць дзейнічаць як групы міліцэйскага спэцназу, так і вайсковай выведкі ГРУ ды іншыя сілавікі.

«Януковіч выканаў загад Крамля не падпісваць з Эўропай пагадненьне аб асацыяцыі — лягічна, што яму ўзамен абяцаная дапамога, і яна аказваецца ня толькі грашыма», — мяркуе Валер Костка. А ці могуць апынуцца ўва Ўкраіне і беларускія міліцыянты ці іншыя сілавікі?

«На гэтай постсавецкай прасторы галоўнакамандуючы — Крэмль, палітычнае кіраўніцтва Расеі. Калі яно аддасьць загад, то супроць нічога ніхто ня зробіць. Сытуацыя ж вельмі сьлізкая: калі сёньня ты адмовісься, прыкладам, дапамагаць Януковічу, то заўтра адмовяцца дапамагаць табе. Пэўнай інфармацыі ў мяне, вядома, няма. Але паводле лёгікі, калі дадуць каманду паслаць адну, дзьве, тры групы якога спэцназу ці АМАПу — пашлюць, а куды падзенуцца? Што, Лукашэнка не разумее, што сёньня трэба дапамагаць Януковічу, каб табе дапамаглі заўтра? Таму не сьцьвярджаю, але магу такое дапусьціць. Дыктатары дапамагаюць адзін аднаму, гэта звычайна».

Валер Костка паведаміў, што ўважліва сочыць за падзеямі ўва Ўкраіне, у тым ліку кантактуе з крыніцамі з Кіева і з рэгіёнаў. Як, на думку Валера Косткі, будуць далей разьвівацца падзеі ўва Ўкраіне?
Мяркую, на Януковіча стаўку ўжо ніхто ня робіць

Былы вайсковы контравыведнік адзначае, што днямі ўва Ўкраіне была пройдзеная кропка, калі дзейная ўлада яшчэ магла вырашыць канфлікт мірным шляхам, прыняўшы варыянт Канстытуцыі 2004 году і абвясьціўшы новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Але Віктар Януковіч абраў іншы шлях — захаваньня ўлады любым коштам, праз ужываньне гвалту і зброі. Радыкальнае крыло апазыцыі таксама адказала гвалтам ды зброяй, у выніку канфлікт ужо немагчыма спыніць і кантраляваць. Валер Костка мяркуе, што Віктару Януковічу давядзецца сысьці і нават ягоныя «крамлёўскія апекуны» хутка ад яго адмовяцца.

«Мяркую, на Януковіча стаўку ўжо ніхто ня робіць. Сытуацыя выйшла з-пад кантролю, ані ўлада, ані апазыцыя ўжо ня можа кантраляваць гэтыя масы, а гэта стыхія. Чакаю, што падзеі будуць разьвіцца досыць хутка, бо на дадзены момант паралізавана ўсё. Улада паралізаваная, сілавікі пачынаюць пераходзіць на бок народу. Мне бачыцца безумоўным падзеньне рэжыму Януковіча. Выбары, толькі новыя выбары павінны вырашыць пытаньне, каму кіраваць Украінай».

Зьвесткам пра тое, што ў Кіеў сьцягваюцца войскі, якія могуць узяць удзел у канфлікце, Валер Костка дае веры. Паводле яго, ужываньне войскаў супроць Майдану можа абярнуцца тым, што і васкоўцы пяройдуць на бок паўстанцаў, як гэта было ў 1991 годзе ў Маскве зь Ельцыным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG