Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя патрабуе ад Януковіча поўнага замірэньня


Віталь Клічко, Арсень Яцанюк і Алег Цягнібок
Віталь Клічко, Арсень Яцанюк і Алег Цягнібок

«Трагічныя падзеі 18 лютага — гэта не сцэнар украінскай палітычнай апазыцыі, якая была, ёсьць і будзе прыхільніцаю выключна мірных формаў пратэсту».

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве трох апазыцыйных фракцыяў.

«Мы ніколі не заклікалі, не заклікаем і ня будзем заклікаць людзей да зброі. Гэта — наша прынцыповая пазыцыя. Сьмерць кожнага чалавека — асабістая трагедыя кожнага з нас», — адзначаюць Яцанюк, Клічко і Цягнібок.

Паводле іхніх словаў, да беспрэцэдэнтнай трагедыі прывялі «тры месяцы глухаты Януковіча да патрабаваньняў Майдана ў спалучэньні з пастаяннай правакацыйнай гульнёй мускуламі, патураньнем беспакаранай агрэсіі супраць людзей з боку сілавых структур і крымінальных элемэнтаў».

«Віна за гэта цалкам ляжыць на ўладзе», — адзначаецца ў заяве.

«Весьці перамовы з рэжымам, чыя палітыка прывяла да сьмерці многіх людзей, — справа вельмі непрыемная, але мы абавязаныя зрабіць усё магчымае і нават немагчымае, каб прадухіліць далейшае кровапраліцьце».

«Януковіч перш за ўсё павінен забясьпечыць поўнае замірэньне, гарантаваць адсутнасьць сілавога ціску на Майдан, адвесьці ўнутраныя войскі і спэцпадразьдзяленьні з зоны непасрэднага кантакту з Майданам».

«„Роспуск“ Майдана як перадумова, вылучаная Януковічам апазыцыі, зьяўляецца контрапрадуктыўнай і адарванай ад рэалій», — адзначаюць апазыцыянэры.

«Ня мы зьбіралі Майдан, і ня нам яго распускаць! Людзі самі вырашаць, як ім быць — у залежнасьці ад таго, калі і якім чынам будуць задаволеныя іх патрабаваньні.
Даведзеныя да роспачы людзі патрабуюць ужо ня проста адстаўкі Януковіча, а суду над ім

Януковіч павінен нарэшце ўсьвядоміць: у краіне адбываецца паўстаньне супраць яго асабіста, выкліканае ўсёй яго палітыкай за час чатырохгадовага праўленьня. Даведзеныя да роспачы людзі патрабуюць ужо ня проста адстаўкі Януковіча, а суду над ім.

Вяртаньне да Канстытуцыі 2004 году — не капрыз апазыцыі, а вялікі кампраміс з боку Майдана. Сёньня пэрспэктыва такога кампрамісу звузілася як ніколі».

«Застаюцца лічаныя гадзіны, каб трагічны працэс ня стаў незваротным.

Уся паўната адказнасьці за неадкладнае спыненьне эскаляцыі канфлікту, за выхад з глыбокага палітычнага крызісу ляжыць асабіста на Віктару Януковічу», — рэзюмуецца ў заяве.

Таксама ў штабе нацыянальнага супраціву паведамілі, што, паводле іхняй інфармацыі, 19 лютага на 18:00 па ўкраінскім часе ўлада рыхтуе паўторны сілавы штурм Майдана.

Паводле дадзеных штабу, цяпер сілавікоў прыводзяць у поўную баявую гатоўнасьць, выдаюць адмысловую амуніцыю і боепрыпасы.

«Просьба да ўсіх кіяўлянаў, якія хочуць абараніць сталіцу і сваю краіну ад крымінальнай акупацыі, зьбірацца на Майдане, каб разам адбіць атаку і „зачыстку“ мірнага пратэсту. Мы павінны аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам, каб перамагчы», — гаворыцца ў заяве штабу нацыянальнага супраціву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG