Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: каб стаць кандыдатам, патрэбна экспэртыза


20 лютага завяршаецца рэгістрацыя патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Пакуль прыходзяць паведамленьні пра завяршэньне гэтай працэдуры толькі на роўні раённых, пасялковых і сельскіх саветаў — там, дзе няма канкурэнцыі і дзе абсалютная бальшыня акругаў безальтэрнатыўныя. А вось у Менску, у абласных і буйных гарадах рэгістрацыю адкладаюць на апошнія дні.

Дзьве экспэртызы давядзецца разглядаць тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёну Менску, каб вызначыць, ці ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты сталічнага гарсавету па Чыгуначнай акрузе № 20 можна рэгістраваць. Кіраўніцтва раённай міліцыі зьвярнулася ў Міністэрства юстыцыі з запытам: ці ўжываньне бел-чырвона-белай сымболікі на выбарчых пікетах — гэта парушэньне заканадаўства? А той, хто гэтай сымболікай карыстаўся — актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Максім Гацак, напісаў запыт у Цэнтравыбаркам:

«Мы абскарджваем такі падыход раённай міліцыі, бо ўва ўсіх выбарчых дакумэнтах — і ў Выбарчым кодэксе, і ў мэтадычным дапаможніку для сябраў выбарчых камісіяў — нідзе не напісана, што нельга выкарыстоўваць якуюсьці сымболіку».

Сытуацыя ў Чыгуначнай акрузе выглядае самай складанай. Раённая камісія ўжо вынесла афіцыйнае папярэджаньне Максіму Гацаку. Гарадзкая — пакараньне скасавала.

На дадатак да гэтага рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Юры Бондар, які тут балятуецца, паскардзіўся на сустаршыню аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталя Рымашэўскага. Маўляў, той абражаў студэнцка-выкладчыцкую каманду, якая зьбірала подпісы ў падтрымку свайго рэктара-кандыдата.

Віталь Рымашэўскі кажа, што нікога не абражаў. А пікеты двух кандыдатаў сапраўды стаялі побач:
Яны звычайна глядзяць наш расклад. І тады выстаўляюць свае пікеты ў той жа час

«Прыйшлі на наш пікет. Яны звычайна глядзяць наш расклад. І тады выстаўляюць свае пікеты ў той жа час. А цяпер улады выкарыстоўваюць і праўладных кандыдатаў, і іх каманды. У якасьці сьведак будуць іх трымаць».

Пакуль няма зьвестак, каб камісіі пачалі рэгістраваць кандыдатаў менскага гарадзкога і абласных саветаў. У абласной камісіі на пытаньне Свабоды, чаму рэгістрацыя кандыдатаў паўсюль пераносіцца на апошнія дзень-два, спасылаюцца на рэкамэндацыю Цэнтравыбаркаму. Маўляў, з ЦВК прыйшла ўстаноўка — рэгістраваць усіх прэтэндэнтаў у адзін дзень.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік тлумачыць, што сапраўды была прапанова рэгістраваць у адзін дзень усіх кандыдатаў па адной акрузе. Каб ніхто ня меў перавагі па колькасьці дзён для агітацыі. Але ў які канкрэтна дзень праводзіць паседжаньне — гэта прэрагатыва выключна мясцовых камісіяў.

Па-іншаму ўспрымае такі падыход адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк. Ён балятуецца ў Менскі гарсавет. І ягоныя дакумэнты разглядаюць 19 лютага:

«Мабыць, ёсьць агульная ўстаноўка — адкласьці разгляд да 19-га, каб скараціць пэрыяд агітацыі. Гэта маё ўражаньне».

Мясцовыя выбары прызначаныя на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG