Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч
Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч

«Вясна» судзіцца з пракуратурай за сайт

абноўлена

18 лютага суд Цэнтральнага раёну Менска разглядае скаргу намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» на рашэньне Генпракуратуры ўнесьці сайт spring96.org у сьпіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў.

«У сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе spring96.org разьмяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеяньні, забароненыя заканадаўствам, Генпракуратурай у жніўні 2011 году вынесена пастанова аб уключэньні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнэт-рэсурса ў сьпіс абмежаванага доступу», — паведаміла Генпракуратура.

Валянцін Стэфановіч просіць суд прызнаць пастанову Генпракуратуры незаконнай і скасаваць яе.

Праваабаронца кажа, што паводле Канстытуцыі абмежаваньне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Раней Стэфановіч зьвяртаўся ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар, які зацьвярджаў пастанову аб абмежаваньні доступу інтэрнэт-карыстальнікаў да асобных сайтаў, і ў Беларускую дзяржаўную інспэкцыю электрасувязі, якая непасрэдна фармуе сьпісы абмежаванага доступу. Аднак гэтыя ўстановы не прадставілі інфармацыі пра тое, хто ініцыяваў унясеньне сайту spring96.org у «чорны сьпіс».
Справу разглядае судзьдзя Алена Сямак.

Паседжаньне не пачалося. Стэфановіча пакуль няма.
Працэс пачаўся.

Стэфановіч хадайнічае, каб працэс вёўся па-беларуску ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Стэфановіч заявіў хадайніцтвы: пра допуск да ўдзелу ў працэсе Алега Гулака, а таксама пра тое, каб яму далі магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі, якія прадставіла Генэральная пракуратура.

Пастанова пракуратуры, прынятая ў жніўні 2011 году, — гэта тая пастанова, якая абскарджваецца Стэфановічам.

Судзьдзя сьцьвярджае, што іншых дакумэнтаў Генэральная пракуратура не прадстаўляла.

Дыялёг пра мову


Судзьдзя: Что касается ходатайства о том, чтобы судебное заседение велось на белорусском языке. Вы русский язык понимаете?

Стэфановіч: Так, я разумею.

Судзьдзя: Когда к вам обращаются по-русски, вы понимаете? Вам нужен переводчик?

Стэфановіч: У мяне ёсьць падозраньні, ці ўдзельнікі працэсу будуць дакладна разумець мае словы.

Судзьдзя: Все мы граждане Республики Беларусь и так или иначе владеем двумя языками. Вам на этот счет не нужно волноваться.
Прадстаўнік Генпракуратуры палкоўнік Павал Елісееў ня супраць таго, каб працэс вёўся па-беларуску, калі пазоўнік ня будзе настойваць, каб іншыя ўдзельнікі працэсу абавязкова гаварылі па-беларуску.

«Такога патрабаваньня ў заканадаўстве няма», — сьцьвярджае ён.
Судзьдзя задаволіла хадайніцтва пра допуск да працэсу Алега Гулака ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці.
А вас, Стэфановіч, мы вас цудоўна разумеем. Вы можаце выказвацца па-беларуску
«У адпаведнасьці з артыкулам 16 судаводзтва вядзецца як па-расейску, так і па-беларуску. Суд, сакратар, прадстаўнік пракуратуры будуць гаварыць па-расейску. А вас, Стэфановіч, мы вас цудоўна разумеем. Вы можаце выказвацца па-беларуску. Калі вам трэба рашэньне суду па-беларуску, мы вам прадставім такі варыянт. Можам прадставіць вам перакладчыка. Мы ня супраць, каб вы выказваліся па-беларуску», — заявіла судзьдзя.

Стэфановіч просіць, каб ягоныя словы ў пратаколе былі зафіксаваныя па-беларуску. Судзьдзя запэўніла, што так і будзе.

Прадстаўнік пракуратуры Павал Елісееў
Прадстаўнік пракуратуры Павал Елісееў
Перапынак на 10–15 хвілін, каб Стэфановіч і Гулак азнаёміліся з матэрыяламі, прадстаўленымі Генпракуратурай.
Працэс аднавіўся
Гулак зьвяртаецца да прадстаўніка Генпракуратуры з пытаньнем, чаму сярод прадстаўленых матэрыялаў ёсьць публікацыі з сайту, якія па даце пазьнейшыя за вынесеную пастанову. Якое дачыненьне яны маюць да справы?

Адказ Елісеева: «Мы яшчэ раз хацелі зьвярнуць увагу высокага суду на тое, што нават пасьля абмежаваньня доступу да гэтага інтэрнэт-рэсурсу па дадзеным факце ў лютым 2011 году было абвешчана афіцыйнае папярэджаньне вядомаму Бяляцкаму за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І распаўсюд інфармацыі пасьля гэтых падзеяў сьведчыць пра тое, што дадзены рэсурс і цяпер знаходзіцца па-за прававым полем. Рэакцыя органаў была фактычна праігнараваная. Гэта можа сьведчыць пра адсутнасьць элемэнтарнай павагі да правоў і свабодаў грамадзянаў і да дзейнага заканадаўства».

Гулак просіць, каб гэтыя матэрыялы былі выключаныя са справы. Судзьдзя адмаўляе, бо рашэньне аб уключэньні матэрыялаў да справы ня мае зваротнай сілы.
Стэфановіч зьвяртае ўвагу: як яму стала вядома з публічных крыніц, у сьпіс заблякаваных сайтаў уваходзяць тыя, што разьмяшчаюць на сваіх старонках парнаграфію. А таксама сярод іх былі інфармацыйныя сайты, у тым ліку і сайт «Вясна’96».

Стэфановіч: «Асабіста нам ніхто не паведамляў, што сайт унесены ў сьпіс абмежаванага доступу, і ніхто нам не тлумачыў прычынаў гэтага. Мяне зацікавіла, на якіх падставах быў заблякаваны наш праваабарончы сайт. Я зьвяртаўся ў шэраг дзяржаўных органаў, пачынаючы ад ААЦ і сканчаючы Міністэрствам інфармацыі. Усе гэтыя дзяржаўныя ўстановы мне не далі інфармацыі пра тое, хто прымаў рашэньне і ў сувязі з чым яно прымалася. Мне было прапанавана зьвярнуцца ў тыя дзяржаўныя органы, якія ўпаўнаважаныя. Гэта вельмі вялікі сьпіс: усе міністэрствы і камітэты, ААН, Генпракуратура і КДК. Я зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру і атрымаў адказ ад 10.12.2013, дзе паведамлялася, што такая пастанова была зробленая ў жніўні 2011 году. За гэты час нам ніхто такой інфармацыі не прадстаўляў. Паводле Генэральнай пракуратуры, яна вызначыла, што на сайце сыстэматычна разьмяшчалася інфармацыя пра дзейнасьць Праваабарончага цэнтру „Вясна“ шляхам публікацыяў. Я так разумею, што менавіта сама інфармацыя пра тыя ці іншыя падзеі і іх ацэнка з боку „Вясны“ паслужыла падставай для ўнясеньня інтэрнэт-рэсурса ў сьпіс абмежаванага доступу».
Прадстаўнік пракуратуры сьцьвярджае, што сайт «Вясны» быў унесены ў сьпіс абмежаванага доступу, бо на ім ажыцьцяўлялася дзейнасьць ад імя арганізацыі, афіцыйна не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь. Такім чынам, маўляў, ажыцьцяўлялася прапаганда дзеяньняў, забароненых заканадаўствам.

Стэфановіч удакладняе: якіх менавіта дзеяньняў, пералічыце?

Прадстаўнік пракуратуры адказвае, што публічны характар выкладу інфармацыі ад імя арганізацыі, якая ня мае рэгістрацыі — гэта прапаганда дзеяньняў, забароненых заканадаўствам.

Стэфановіч: Такім чынам, любая інфармацыя, разьмешчаная ад імя незарэгістраванай арганізацыі — гэта прапаганда дзеяньняў, забароненых заканадаўствам?

Елісееў: Так, любая.
Стэфановіч зьвяртаецца да Елісеева: «У чым грамадзкая небясьпека дзейнасьці ПЦ „Вясна“? На што гэта замахваецца? На дзяржаўны лад? На грамадзкую бясьпеку? На мараль?»

Елісееў: «Я вам адказаў».

Стэфановіч: «Я не зразумеў. Вы сказалі, што калі будзе 50 такіх арганізацый, то што?»

Елісееў: «То ўсё»

Елісееў: «Я вам сказаў: зарэгіструйцеся — распаўсюджвайце што заўгодна».
У судзе абвешчаны перапынак да 14.30

Гулак: Прывядзіце ацэнку.

Елісееў: Я вам сказаў канкрэтна: патаму што!

Стэфановіч: «Я так і не атрымаў адказу на пытаньне, якім чынам дзейнасьць Вясны ўяўляе небясьпеку для беларускай дзяржавы».

Гулак: «Для мяне галоўнае пытаньне — высьветліць пазыцыю пракуратуры ў дачыненьні да таго, ці любая дзейнасьць незарэгістраванай групы грамадзянаў у інтэрнэце будзе лічыцца незаконнай. Прадстаўнік пракуратуры на гэтае пытаньне адказаць ня можа».

Стэфановіч кажа, што калі б баяўся адказваць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, то даўно б зьехаў.

«Мы ня робім нічога незаконнага, нам няма чаго баяцца», — кажа ён.
Працэс аднавіўся
Судзьдзя пачаў дасьледаваць матэрыялы справы.

Сярод іх скрыншоты матэрыялаў сайта, якія прадставіў Елісееў.

Алег Гулак просіць гэтыя матэрыялы ня ўлічваць, бо невядома, якім чынам яны здабытыя.

Судзьдзя кажа, што якасьць матэрыялаў будзе ацэненая пазьней.
Гулак: Права карыстацца інфармацыяй абмежаванае, але доступ да сайта ёсьць. Ці няма тут парадоксу прававога: калі пракуратура лічыць, што гэтую інфармацыю нельга распаўсюджваць, то ці ня трэба яе цалкам забараніць? Калі пракуратура так ня лічыць, то навошта абмяжоўваць доступ?

Елісееў: Мы скарысталіся адзіным шансам, які нам дадзены заканадаўствам. Калі б у нас была магчымасьць агулам забараніць, мы б гэта зрабілі.

Стэфановіч: Патлумачце, якую шкоду мы нанесьлі інтарэсам асобы сваім сайтам?

Елісееў: У дадзеным выпадку генэральная пракуратура зыходзіла з імкненьня абмежаваць доступ да сайта арганізацыі, якая ня мае рэгістрацыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG