Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч
Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч

«Вясна» судзіцца з пракуратурай за сайт

абноўлена

18 лютага суд Цэнтральнага раёну Менска разглядае скаргу намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» на рашэньне Генпракуратуры ўнесьці сайт spring96.org у сьпіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў.

Разгляд справы скончаны, бакі перайшлі да спрэчак.

Стэфановіч: Я дам ацэнку довадаў Генэральнай пракуратуры, якія мы пачулі. Адзінай падставай для ўнясеньня ў сьпіс абмежаванага доступу зьяўляецца адсутнасьць рэгістрацыі ў ПЦ «Вясна», што, на думку Генпракуратуры, зьяўляецца прапагандай дзеяньняў, забароненых заканадаўствам. Такі аргумэнт падкрэсьлівае незаконнасьць і антыканстытуцыйнасьць дадзенага рашэньня. Таму што любая інфармацыя, якая распаўсюджваецца ад групы асобаў, якія стварылі сайт, зьяўляецца незаконнай. Незалежна ад характару гэтай інфармацыі. Мы маем справу з фармальным падыходам, які характарызуе і артыкул 193-прым. У судзе мы не пачулі, у чым канкрэтна небясьпека той інфармацыі, якую я распаўсюджваю на сайце. На чые правы я замахваюся?

Між тым ва Ўказе 60 было ўказана, што ягоная мэта — гэта абараніць правы асобы ад інфармацыі, якая наносіць шкоду. Мы нават падтрымліваем дзяржаву ў такіх памкненьнях, калі казаць пра прапаганду ідэяў варожасьці, экстрэмізму, якія супярэчаць асноўным прынцыпам правоў чалавека.

Я ў сваёй дзейнасьці кіруюся выключна Канстытуцыяй РБ і міжнароднымі нормамі,
Валянцін Стэфановіч
Таму я лічу абсалютна незаконным падобнага кшталту пасыл Генэральнай пракуратуры ў абмежаваньні доступу да сайта. Канстытуцыя ўтрымлівае дапушчальныя абмежаваньні правоў і свабодаў асобы — гэта інтарэсы нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку і г.д.

У любых абмежаваньнях павінна быць законная мэта. У дадзеным выпадку я яе не пачуў. Якая мэта была гэтай пастановы? Адзіная падстава — гэта законнасьць рэгістрацыі. Я так і не зразумеў, што разумеецца пад прапагандай незаконных дзеяньняў. З дасланых матэрыялаў я асабіста не пабачыў прапаганды. Гэта звычайная інфармацыя. Ніякай прапаганды забароненых дзеяньняў я там не заўважыў.

У дачыненьні да мяне асабіста Генэральная пракуратура ніякіх папярэджаньняў не выносіла. Ці то яна ня бачыць ніякіх парушэньняў заканадаўства ў маёй дзейнасьці? А вось у дачыненьні да інфармацыі, якую я распаўсюджваю, яна бачыць парушэньні.

Я ў сваёй дзейнасьці кіруюся выключна Канстытуцыяй РБ і міжнароднымі нормамі, якія даюць права займацца той дзейнасьцю, якой я займаюся.

Я лічу, што ёсьць падставы прыняць рашэньне аб адмене гэтай пастановы.

Сам тэрмін «абмежаваны доступ» указвае на тое, што пэўнае кола людзей у атрыманьні гэтай інфармацыі абмежаваныя. Напрыклад, інтэрнаты навучальных установаў. Установы, якія прадстаўляюць платныя паслугі інтэрнэт-сувязі, напрыклад, Нацыянальная бібліятэка. Таксама інтэрнэт-кавярні. Я лічу, што ў дадзеным выпадку абмежаваная магчымасьць распаўсюду інфармацыі. Прашу суд задаволіць маю скаргу ў поўным аб’ёме і адмяніць гэтае рашэньне.
Елісееў: Я не пачуў ад заяўніка довадаў, якія б дазволілі мне сумнявацца ў пасьпешлівасьці ці неабгрунтаванасьці вынесенай пастановы. Лічу неабходным грамадзянскую справу спыніць, бо па сутнасьці ніякія асабістыя і грамадзянскія свабоды Стэфановіча парушаныя не былі. Довады яго лічу надуманымі.

Прашу прызнаць Стэфановіча В.К. неадпаведным заяўнікам па гэтай справе.


Дарэчы, Елісееў — намесьнік начальніка ў справе нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзянаў Генэральнай пракуратуры.

Алег Гулак: Паколькі пракуратура не змагла абгрунтаваць законнасьць і абгрунтаванасьць сваіх дзеяньняў, то суд проста вымушаны вынесьці рашэньне на карысьць заяўніка і прызнаць незаконнасьць дзеяньняў пракуратуры.
Спрэчкі скончаныя.

Судзьдзя пайшла выносіць рашэньне
Cуд спыняе справу

Рашэньне:

У адносінах да Стэфановіча ніякіх рашэньняў не выносілася і ягоныя правы не былі абмежаваныя.

Стэфановіч зьяўляецца неналежным пазоўнікам.

Рашэньне можа быць абскарджанае ў Менскім гарадзкім судзе на працягу 10 дзён
Валянцін Стэфановіч: «Рашэньне для мяне прадказальнае. Але ім суд фактычна ўхіліўся ад ацэнкі законнасьці пастановы Генэральнай пракуратуры і адмовіў мне ў правасудьдзі. Я буду абскарджваць рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе. Калі не — далей буду зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН».

Прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Павал Елісееў ад камэнтароў адмовіўся.
XS
SM
MD
LG