Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебску зьбіраюць грошы на падпіску беларускіх газэт для бібліятэкі


Збор грошай для падпіскі на беларускія газэты для віцебскай бібліятэкі

Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна нібыта з мэтаю эканоміі з гэтага году перастала выпісваць «Нашу Ніву», «Народную волю» і «БелГазету». Абласная рада ТБМ прапанавала сабраць грошы і падарыць бібліятэцы падпіску на гэтыя выданьні.

Збор сродкаў праводзіўся на гарадскім сходзе таварыства. Зь ініцыятывай сабраць грошы і аформіць падпіску ў падарунак выступіў старшыня абласной рады ТБМ Ёсіф Навумчык. Прапанову падтрымалі і прыхільнікі роднай мовы, і журналісты — сябры БАЖ.

Паводле спадара Навумчыка, прысутныя на сходзе супольна ахвяравалі каля 300 тысяч рублёў. На гэтыя грошы ўжо можна выпісаць або ўсе тры выданьні на другі квартал, або два з трох — на паўгода. Але збор сродкаў працягваецца, і да канца гэтага тыдня сума мае павялічыцца.

На сходзе ТБМ пісалі агульнанацыянальную дыктоўку
На сходзе ТБМ пісалі агульнанацыянальную дыктоўку
Дырэктар бібліятэкі Аляксандар Сёмкін тлумачыць адмову ад падпіскі захадамі эканоміі: маўляў, бракуе бюджэтнага фінансаваньня. Аднак журналісты высьветлілі, што на 2014 год абласная бібліятэка выпісала больш найменняў розных выданьняў у параўнаньні з 2013 годам. Таму больш верагоднымі падаюцца тлумачэньні супрацоўнікаў бібліятэкі, якія ў прыватных размовах з чытачамі спасылаюцца на адмысловае распараджэньне ўправы ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму.

Таксама на гарадскім сходзе сябры ТБМ напісалі 7-ю агульнанацыянальную дыктоўку па творы Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». Фрагмэнт успамінаў пісьменьніка — ураджэнца Віцебшчыны — быў абраны для дыктоўкі невыпадкова: сёлета ў чэрвені будзе адзначацца 90-гадовы юбілей Васіля Быкава. Віцебск першым распачаў сёлетнюю эстафэту агульнанацыянальных дыктовак, прымеркаваных да Дня роднай мовы.
XS
SM
MD
LG