Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Модны streetwear з «калюмнамі»


Ільля Аксёнаў
Ільля Аксёнаў

Брэнд беларускага адзеньня LSTR зьявіўся ў Беларусі ў 2012 годзе, першыя прадукты яго былі — зімовая шапка і майка-пола з «калюмнамі». Гэты дзяржаўны сымбаль ВКЛ і стаўся асновай лягатыпу брэнду.

За два гады асартымэнт істотна пашырыўся — кашулі, сьвітшоты, худзі, цішоткі, кепкі, торбы, шабеты, гаманцы, шапкі, папругі з выявамі пэрсанажаў беларускай гісторыі і нават дэкаратыўныя падушкі з мапай сярэднявечнай Эўропы.

Герб «Пагоня», Аршанская бітва, крылаты вершнік, Грунвальдзкая бітва, Усяслаў Чарадзей, Кастусь Каліноўскі — толькі некаторыя матывы прынтаў на адзежы брэнду.

Заснавальнік LSTR Adziennie, малады прадпрымальнік Ільля Аксёнаў распавёў у інтэрвію Свабодзе, якія сюжэты зьявяцца на прадукцыі бліжэйшым часам, а таксама падзяліўся меркаваньнем пра тое, чаму «Пагоня» на вопратцы — гэта модна.

— Малады паэт Усевалад Сьцебурака стаў новым тварам вашага брэнду. Раней у гэтай ролі засьвяціўся вядомы беларускамоўны тай-баксёр Віталь Гуркоў. Як вы абіраеце людзей, якія рэклямуюць брэнд?

— Мы працуем з вобразамі новай Беларусі. Гэта вобразы маладыя, прагрэсіўныя, цікавыя, моцныя, сьмелыя. Мне здаецца, што і ўсясьветна вядомы Віталь Гуркоў, і паэт Усевалад Сьцебурака адпавядаюць крытэрам таго, што мы хацелі паказаць сваім адзеньнем.




— Бракуе жаночага вобразу... Ці думалі пра гэта?

— Тут складаней, таму што жанчынам цяжка дагадзіць, але нешта будзем спрабаваць зрабіць. У нас ужо ёсьць дамоўленасьць з дастаткова вядомай беларускай, якая здымецца для прамоцыі жаночай цішоткі. Ёсьць плян выпусьціць некалькі жаночых цішотак ці баек. Тым больш што ўжо ёсьць гатовыя прынты.

— Вы пазыцыянуеце сябе як вытворца street wear. А ў чым адметнасьць street wear культуры па-беларуску?

— Street wear — гэта вулічнае адзеньне, тое, што можна назваць нязмушаным вулічным стылем, крыху блізкім да спартовага. Але ў гэтай адзежы не абавязкова займацца спортам. Гэта цішоткі, талстоўкі, байкі, худзі, сьвітшоты. Унівэрсальнае адзеньне, якое будзе дарэчным і на працы, і на шпацыры. Натуральна, што ў Беларусі, як і шмат дзе, такі стыль запатрабаваны.

— Так, гэтая вопратка папулярная і модная. LSTR Adziennie выбітная найперш прынтамі. Як зрабіць, каб была папулярнай «Пагоня»?

— Справа ў тым, што Беларусь ужо 20 гадоў незалежная. Нашая мэтавая група вырасла і атрымала адукацыю ў незалежнай Беларусі. Я думаю, што кожны чалавек, калі дасягае пэўнага ўзросту, ідэнтыфікуе сябе як беларуса. Затым зьяўляецца патрэба прадэманстраваць сваю беларускасьць візуальна. Тым больш што цяпер людзі часта езьдзяць за межы сваёй краіны, дзе асабліва хочацца пазначыць сябе як прадстаўніка пэўнай нацыі. А Пагоня, якая ёсьць на розных нашых прадуктах, — гэта такі спрадвечны беларускі сымбаль.

— Ці плянуеце вы распрацаваць новыя вобразы?

— Мне як аўтару ідэяў прынтаў цікава паглядзець на вобразы беларускай гісторыі пад нестандартным вуглом. Папрацаваць зь імі, перайначыць. І заўсёды хацелася зрабіць іх небанальнымі. Таму шмат увагі аддаецца ня самым папулярным вобразам. Напрыклад, вобраз крылатага вершніка ня быў раней папулярны, таму што канкрэтна атаясамляўся з пальшчызнай. А мы вырашылі, што трэба папулярызаваць яго як беларускі вобраз. У хуткім часе запусьцім лінейку прадукцыі зь сюжэтам бітвы пад Палонкай 1660 году — гэта значная падзея, але ня вельмі вядомая. Вяртаючыся да жаночых вобразаў, магу сказаць, што будзем запускаць цішоткі з Эміліяй Плятэр, якую часам называюць беларускай Жанай д’Арк і якая таксама ня ёсьць папулярным гістарычным вобразам.

— Чаму пакуль не запускаеце ў продаж гэтыя новыя сюжэты?

— Тут такая справа, што мы вырашылі цяпер дашыць усё, што ў нас замаўлялі. Акурат перад Новым годам было шмат замоваў, над якімі мы цяпер працуем. Вядома, ня вельмі добра ў дачыненьні да тых, хто замовіў. Але мы стараемся: паўтараем нашыя старыя сюжэты, дашываем. Шмат што разьбіраюць за тры дні, як толькі яно зьяўляецца на сайце. Але неўзабаве абавязкова будуць і новыя сюжэты.




— Вашая вопратка прадаецца ў некаторых гандлёвых цэнтрах. Ніколі не ўзьнікала пытаньняў што да зьместу прынтаў?

— «Пагоня» ў Беларусі — гістарычная каштоўнасьць. Гэты вобраз ёсьць на шматлікіх гербах беларускіх гарадоў. Таму праблемаў з «Пагоняй» няма і не было. Іншая справа, што праз гандлёвую сетку працаваць нам нявыгадна, таму туды мы аддаём мізэрную частку прадукцыі. Асноўнае распаўсюджваецца кур’ерскай службай. Напрыклад, я займаюся ўсім адначасова: і ідэі прыдумляю, і канцэпты распрацоўваю, і дастаўку раблю. Вядома, ёсьць тыя, хто дапамагае мне. Безумоўна, хацелася б, каб брэнд прысутнічаў у крамах, але ўмовы супрацы зь імі для нас непрымальныя ў фінансавым сэнсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG