Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтычны слэм: Глеба Лабадзенку абышоў госьць з Расеі


14 лютага больш за тры гадзіны беларускія і замежныя паэты змагаліся за званне найлепшага слэмера. У трэці раз у рамках міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» адбыўся слэм Святога Валянціна. У ім узялі ўдзел 20 паэтаў з Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы. У фінайл выйшлі тры паэты. Найлепшым з якіх быў прызнаны Аркадзь Штыпель з Расеі.

У крэатыўнай прасторы «Цэх» сабралася багата народу. Ад тых, хто не часта наведвае падобныя мерапрыемствы, нават даводзілася чуць, што яны і не ўяўлялі, каб такія імпрэзы карысталіся такой папулярнасцю. І хаця палову наведнікаў слэму склалі журналісты ды ўласна літаратары і толькі другую палову — звычайныя гледачы — у «Цэху» панавала атмасфера абсалютнай запатрабаванасці літаратуры.

Сёлета сутнасць першага туру слэму заключалася ў тым, каб найбольш артыстычна прачытаць не свой, а чужы верш. У выніку гэтага спаборніцтва ў паўфінал мусілі прайсці 8 паэтаў.

І пачалося
  • Андрэй Адамовіч з перкладамі Акіта Фуджы цалкам раскрыў тэму Японіі, Хірасімы, Нагасакі, харакіры ды мацюкоў.
  • Раіса Баравікова традыцыйна прачытала нешта лірычнае.
  • Украінка Алена Герасімюк адчытала хутка пра нешта трагічнае.
  • Галіна Дубянецкая — пра «калі маўчыць душа, гібее розум наш».
  • Марыя Мартысевіч — пераклады у украінскай Галіны Крук ды верш беларускага паэта Аляксея Пысіна.
  • Анка Ўпала чытала пра аленя.
  • Юры Завадзкі з Украіны прачытаў свой фундамэнтальны пераклад з нямецкай Эрнста Яндля. Ён зімітаваў кулямётную чаргу. «Ту-ту-ту», — з веданнем справы заліваўся крэатыўны ўкраінец. Што праўда, беларуская публіка яго фанетычнай паэзіі не ацаніла.
  • Усевалад Сьцебурака прачытаў верш Віктара Шалкевіча.
  • Марыя Галіна з Расеі надзвычайна артыстычна прачытала верш, які знайшла ў ЖЖ, пра тэлеперадачу «Поле чудес». Неверагодна дасціпны ды іранічны.
  • Віка Трэнас агучыла Наталлю Арсенневу.
  • Аркадзь Штыпель, сівабароды паэт з Расеі, прачытаў па-ўкраінску верш Пушкіна «Мороз и солнце...».
  • Глеб Лабадзенка — невялікія дасціпныя вершы на злобу дня ад Рыгора Барадуліна, якія раней нідзе не публікаваліся.
  • Альвідас Шляпікас з Літвы на працягу сваіх трох хвілінаў (макісмальны дазволены час чытання на слэме) больш разважаў пра нейкія экзістэнцыйныя рэчы. Потым вырашыў, што можна было б абысціся ўжо і без вершаў, чым выклікаў вясёлае шушканне ў зале. Але потым усё-ткі прачытаў верш літоўскага паэта Сігітаса.
  • Паэтка з Магілёва Таццяна Сьветашова з эмацыйна і выразна прачытала верш Віталя Рыжкова ў сваім перакладзе на расейскую мову.
  • Юля Цімафеева агучыла Чарльза Букоўскі — верш пра тое, якім паэтам быць не трэба.
  • Віктар Жыбуль разыграў сцэнку з капелюшом і сачком «Матылькі». Напрыканцы аказалася, што гэта верш Віктара Казлоўскага 1928 года.
  • Алена Сцепаненка (Украіна) чытала сэксуальна, томным ціхім голасам.
  • Вера Бурлак ў касцюме сцюардэсы прачытала верш Янкі Купалы, паралельна распавядаючы, як пасажыры мусяць паводзіць сябе ў самалёце. І, вядома, «парвала залу», сарваўшы, напэўна, першыя шчырыя апладысменты.
  • Анастасія Векшына (Расія-Польшча), маладая паэтка нефармальнага выгляду, прачытала літоўскі верш у перакладзе на рускую мову.
  • Андрэй Такінгданг — скарочаны варыянт верша Уладзіміра Караткевіча «Заяц варыць піва», бо ўвесь тэкст узгадаць не змог.


У выніку сумленнай барацьбы і нават інтрыгі (калі судзьдзі, выбраныя сярод гледачоў, доўга не маглі вызначыцца, каму паставіць вышэйшыя балы — Юлі Цімафеевай або Віктару Жыбулю) ў паўфінал прайшлі 8 паэтаў.

Імі сталі Аркадзь Штыпель, Раіса Баравікова, Марыя Мартысевіч, Анастасія Векшына, Марыя Галіна, Таццяна Светашова, Глеб Лабадзенка ды Вера Бурлак.

У фінал выйшлі Светашова з вершам Віталя Рыжкова, Штыпель са сваім вершам «Апрельский блюз», які паэт прачытаў практычна нараспеў, і Лабадзенка з вершам Рыгора Барадуліна. Апошнія два ўдзельнікі набралі роўную колькасць балаў і выступалі яшчэ раз. І новыя судзьдзі (яны спантанна выбіраюцца з залы для кожнага новага тура) вырашылі, што рускі паэт Аркадзь Штыпель заслугоўвае званне пераможцы слэму.

Паэтычны слэм як форма паэтычнага спаборніцтва, калі паэты чытаюць свае вершы на працягу не больш, чым трох хвілінаў, а балы ім прысуджаюць выпадковыя слухачы з залы, упершыню з’явілася ў ЗША. Але апошнім часам прыжываецца і ў Беларусі. І хаця нашыя слэмеры не распранаюцца на паэтычных слэмах, як, напрыклад, украінскія паэты, і не ладзяць ніякіх радыкальных акцый, відовішча атрымліваецца заўжды надзвычай цікавае.


Паэтычны фестываль памяці Старльцова працягнецца ў Мінску яшчэ 15 і 16 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG