Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя садзіць, судзьдзю садзяць


У Гомелі супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі арыштавалі намесьніка старшыні суду Савецкага раёну Юрыя Жорава. У справе пра карупцыйную дзейнасьць у судовай сыстэме — яшчэ сама менш чатыры фігуранты.

Неафіцыйная інфармацыя пра арышт намесьніка старшыні суду Савецкага раёну Юрыя Жорава пачала цыркуляваць у горадзе яшчэ на пачатку тыдня. Апавядалі і некаторыя падрабязнасьці. У прыватнасьці, што падчас арышту Жорава ў ягоным кабінэце знайшлі толькі 100 даляраў і бутэльку каньяку. Так гэта ці не, дакладна невядома, бо дзяржбясьпека ніякай афіцыйнай інфармацыі не падае.

Розгалас справа набыла яшчэ й з тае прычыны, што маці затрыманага судзьдзі, Маргарыта Жорава, працяглы час была намесьнікам начальніка Гомельскай абласной управы юстыцыі, а пасьля ачоліла абласную натарыяльную палату. Да нядаўняга часу яна чатыры гады прабыла яшчэ й дэпутатам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, у якім займала пасаду намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

У тым, што сын Маргарыты Жоравай, раней памочнік старшыні суду Гомельскага раёну, хутка перайшоў у суд Савецкага раёну ўжо судзьдзёй, а пасьля перабраўся і ў крэсла намесьніка старшыні ўсё таго ж суду Савецкага раёну, некаторыя назіральнікі схільныя бачыць уплыў маці.

Дарэчы, праз Савецкі суд прайшлі многія грамадзкія актывісты й палітыкі Гомеля. Адных, як Уладзімера Кацору і Васіля Палякова, судзьдзі каралі арыштам за распаўсюд улётак з прапановай прыйсьці на сход, іншых, як Юрася Захаранку, арыштоўвалі нібыта за брыдкую лаянку, калі той ішоў на досьвітку ў дзень прэзыдэнціх выбараў на цягнік, каб ехаць у Менск на Плошчу.

Блізкі да судовай сыстэмы гомельскі юрыст апавядае:

«Калі паступала каманда пасадзіць таго ці іншага палітыка ці грамадзкага актывіста, то, вядома, судзьдзі бралі пад казырок і выконвалі той загад, які паступаў „зьверху“. Што да хабару, то яго бяруць паўсюль. Уласныя кішэні набіваюць усе, у каго толькі ёсьць магчымасьць нешта вызначаць ці разьмяркоўваць. Судзьдзі — не выключэньне. А пападаюцца, як звычайна, тыя, хто асабліва нахабнічае».

Наколькі вядома, у поле зроку cпэцслужбаў разам з намесьнікам старшыні суду Жоравым трапілі вядомы ў Савецкім раёне адвакат, чый бацька працуе ў судзе, а таксама юрыст-гаспадарнік.

Выглядае, што ўсьлед за карупцыйнай справай у гарвыканкаме спэцслужбы пачалі раскручваць аналягічны карупцыйны скандал у судовай сыстэме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG