Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністы, дынаміт і ключ ад раю


У любым каралеўскім горадзе мноства статуй на палацах, камяніцах, брамах. Бязь іх гістарычны антураж бедны (адных сьценаў замала). У цэнтры Варшавы ці Прагі іх мноства. У Горадні статуй брак, так парачка сфінксаў на браме. Адно толькі дзякуючы таму, што рукі савецкай улады не дабраліся да ўсіх касьцёлаў, на іх фасадах захаваліся некалькі вялікіх драўляных скульптураў, якія сёньня – прынада для турыстаў.

Высока на шчыце бэрнардынскага касьцёлу – тры статуі. Іх нядаўна адрэстаўравалі. Дайшла чарга да скульптураў Катэдральнага, былога езуіцкага, касьцёлу на Савецкай плошчы. Перш у храме аднавілі алтарныя скульптуры ўнутры, якія пацярпелі, калі здарыўся пажар. Між іншым, у іх знайшлі сьвінцовыя кулі часоў напалеонаўскай вайны. Невядома: ці жаўнеры Жэрома Банапарта, на той час бязбожнікі, стралялі, ці царскія, якім не даспадобы мог быць неправаслаўны храм. Нельга выключыць, што ў вулічных апосталаў таксама цалялі. Я бачыў іх амаль штодня трыццаць гадоў, і вось яны зьніклі, як надоўга – невядома.

Усё тая ж Горадня нібыта,
ды штось ня так.
Не хапае апосталаў двух.
Тры з паловай
стагодзьдзя
прастаялі
пад гэтым надвор’ем,
скурай, дрэвам сваім
перажыўшы
марозны парывісты
вецер, клімат гэты
вільготны: цяжка
дыхаць, не хапае
паветра! І страляюць,
і падаюць бомбы
на плошчы, быццам
з Бога вышыняў.

Невядома яшчэ:
ці хаваюць у тулавах
кулі, асколкі,
жалезныя часу
адзнакі, сьмерць
памерла ў якіх.
А пакуль двух
апосталаў,
Пятра, як вядома,
і Паўла, зь біблейскім
цалкам узростам,
як можна меркаваць,
чакаюць рукі
рэстаўратараў.

Сыход апосталаў
будзённым быў.
Спачатку аблыталі
левага, Пятра.
Мужчынка у халаце
шэрым як заўгас
стамескай працаваў,
каб ногі адарваць
апостала ад мура.
Раз-два: апушчаны
ляжыць на доле,
задзёршы ключ
ад раю ў неба.
І фаліянт пры ім
таксама, бяз надпісу,
прынамсі не відзён,
не прачытаць.
Прахожы выпадковы
спыніўся, пстрыкае
у твар апостала.

На жаль вялікі,
табе здымаць
няма чым.
Але неўзабаве
няма Пятра.
Затое Павал,
пакінуўшы другую
нішу, ляжыць
бязрадна з кнігай
і з прыстаўленым
да ног мячом.
А міма паміж
сьветлафораў двух
бяжыць натоўп
і толькі часам
зрокам бакавым
адзначыць: пад нагамі
статуя драўляная,
старая і парэпаная,
ня цягне блізка
да сягоньняшніх
правадыроў і каля іх,
адлітых, як вядома,
з бронзы.

Кожны дзень яны сустракалі каля дзьвярэй ахвотных памаліцца, кожны дзень іх бачылі проста тысячы мінакоў. Дзіўна, але храм прысьвечаны зусім ня ім, хоць яны стаялі нібы вартавыя – абапал.

Абодва трымалі разгорнутыя фаліянты. Хоць калі яны жылі, кнігі былі ў выглядзе скруткаў. З вокладкамі паявіліся пазьней, спачатку рукапісныя, пазьней – з-пад варштату Гутэнберга, Скарыны, Буднага. Што магло быць у тых кнігах? У царкоўнікаў, мабыць, падрыхтаваны адказ. Асабіста я быў бы схільны лічыць, што ў кожнага ў кнізе гісторыя яго жыцьця і сьмерці. Абодвух, Пятра і Паўла, забілі ў Рыме: аднаго ўкрыжавалі, але дагары нагамі, другому адсеклі мячом галаву.

Начальства ў Горадні падрыхтавала некалі для Пятра і Паўла дынаміт. Можа ўскосна спынілі іх самі апосталы? Пётр – брамнік меў ключ ад хрысьціянскага раю. Хацелася начальству ў свой камуністычны, канечне (усе, хто храмы ўзрываў – там павінны быць), але Павал, зь мячом, нагадваў моўчкі: хто размахвае ім, ад яго й загіне?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG