Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лыжнікі агаляюцца пад летнім сонцам Сочы


Асноўная ўвага заўзятараў і адмыслоўцаў 14 лютага засяроджаная на індывідуальнай біятлённай гонцы на 15 кілямэтраў з удзелам Дар’і Домрачавай і яе сябровак па камандзе — Надзеі Скардзіны, Людмілы Калінчык і Надзеі Пісаравай.

Чатыры гады таму ў канадзкім Ванкувэры менавіта гэтая дысцыпліна стала галоўнай пастаўшчыцай мэдалёў камандзе Беларусі: Домрачава тады заваявала бронзу, а Сяргей Новікаў падзяліў срэбра з Оле Эйнэрам Б’ёрндаленам. Напярэдадні Новікаў фінішаваў 54-м, але Домрачава разьлічвае як мінімум трапіць у лік прызёраў.

Стаўка ў беларускім біятлёне па-ранейшаму робіцца на асыміляваных расейцаў. Тыя ж Надзея Скардзіна, Надзея Пісарава, Анастасія Каліна, а яшчэ раней Вольга Назарава, Кацярына Іванова ды іншыя на фоне кадравага голаду выпісаныя з Расеі. Дый Дар’я Домрачава хоць і нарадзілася ў Менску, але ўсё сьвядомае жыцьцё пражыла ў Сыбіры. А дзе ж нацыянальныя героі? Камэнтуе біятлённы аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Вярсоцкі:

«Напэўна, таксама бачыце, як наш „нацыянальны складнік“ выступае на Кубку IBU — Ала Талкач, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава, Дар’я Юркевіч, якую прыцягвалі на этапы Кубку сьвету. То бок пакуль гэта далёкія вынікі, і аб’ектыўна дзяўчаты не адпавядаюць фармату міжнародных спаборніцтваў кшталту Кубку сьвету, я ўжо не кажу пра Алімпійскія гульні. Чаму так адбываецца? Пытаньне з катэгорыі тых, якія падвісаюць у паветры, бо няма адказу. У тых жа Крыўко, Талкач былі вельмі добрыя вынікі па юніёрах, яны ня толькі нядрэнна выступалі, а стартавыя пазыцыі, магчыма, былі нават вышэйшыя, чым у цяперашніх добрых спартовак Нарвэгіі ці Расеі. Але чамусьці менавіта стадыя пераходу зь юніёрскага біятлёну ў дарослы не пераадоленая. То бок няма такога росту вынікаў у дарослым біятлёне».

Пасьля ўчорашняй мужчынскай гонкі на 20 кілямэтраў «нацыянальны складнік» біятлённай каманды яшчэ паменее — пра завяршэньне кар’еры заявіў уладальнік срэбнага мэдаля Алімпіяды-2010 Сяргей Новікаў. У родных Чавусах пасьля таго трыюмфу ён стаў чалавекам № 1, але яшчэ больш падмацаваць аўтарытэт у вачах землякоў не ўдалося. Пры гэтым засмучае, што на пяты вэтэрану ніхто не наступае. Ірына Іванаўна, маці Сяргея Новікава, лічыць, што новае пакаленьне папросту не арыентаванае на фізычныя нагрузкі ні ў працы, ні ў спорце:

«Дзе гэтыя маладыя — хто іх ведае. Яны цяпер ня хочуць займацца ня тое што
спансіруюць расейцаў, бо свае не растуць
канкрэтна біятлёнам, а спортам увогуле. Усе сядзяць у кампутарах, там ім, відаць, цікавей. Цяжка сказаць, чаму цяпер так адбываецца. Але аб’ектыўна, што раней моладзь больш цікавілася спортам, чым сёньня. Таму і спансіруюць расейцаў, бо свае не растуць».

Расейская прысутнасьць у асобных алімпійскіх дысцыплінах сягае 100%. Так, абодва прадстаўнікі беларускай гарналыжнай каманды ў Сочы — Юры Данілачкін і Марыя Шканава — «прызваныя» з Расеі. Адтуль жа ў калектыў па лыжных гонках выпісаныя Аляксандар Лазуткін і Міхаіл Сямёнаў. Дарэчы, сёньняшнія лыжныя гонкі суправаджаліся нябачаным дагэтуль масавым «стрыптызам». З-за высокай тэмпэратуры многія лыжнікі на хаду адрывалі рукавы і закасвалі трыко, бо літаральна плавалі ў поце. Некаторыя фэдэрацыі ня выключылі звароту ў Арбітражны спартовы суд на той падставе, што зімовыя спаборніцтвы паступова ператвараюцца ў летнія — у Сочы паветра прагрэлася да 18–20 градусаў. Ці апраўданыя нараканьні алімпійцаў — спартовы аглядальнік Андрэй Асмалоўскі:

«Справа ў тым, што гонку не адмянілі. А калі так, то, значыць, яна праходзіць паводле нормаў Міжнароднай фэдэрацыі, адпавядае тым умовам надвор’я, якія дазваляюцца правіламі. Па вялікім рахунку, надвор’е прадказаць нельга. Ня так даўно, напрыклад, скасавалі біятлённую гонку на Кубку сьвету, калі бегла Домрачава — апусьціўся туман, пачаўся сьнегапад. У Нагана таксама гонку спынялі з-за сьнегападу, калі Папоў бег. А ў Сочы пакуль ніводнай гонкі не адмянілі. То бок, у прынцыпе, яна праходзіць паводле ўсіх правілаў. Дый учора жанчыны па гэтай трасе беглі, ніхто не сказаў — маўляў, я прайграла з-за надвор’я. Таму ўмовы для ўсіх аднолькавыя, і выйграюць мацнейшыя — мы ж бачым, што ніякіх нечаканасьцяў у лыжным спорце не адбываецца».

Тым часам пачынаюць барацьбу прадстаўнікі яшчэ аднаго стратэгічнага для беларусаў віду спорту — фрыстайлу. Яшчэ ніводнага разу «лыжнікі-летуны» не вярталіся зь зімовых Алімпіядаў без узнагародаў, і першае золата на белых гульнях было здабыта менавіта ў гэтай дысцыпліне. Спартовец, які ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускага спорту, — Аляксей Грышын. У экстрым-парку «Роза-хутар» стартуюць кваліфікацыйныя скачкі ў лыжнай акрабатыцы, першымі на старт выйдуць жанчыны. Барацьбу за пападаньне ў фінал павядуць Ала Цупер, для якой гэта ўжо пятая Алімпіяда, і дэбютантка спаборніцтваў Ганна Гуськова. І калі ў посьпех жанчын вераць, але стрымана, то на таго ж Аляксея Грышына, Дзьмітрыя Дашчынскага, Антона Кушніра спадзеў як на рэальных мэдалістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG