Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ схапіўся са Жбанковым. Ці наадварот


Прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па разьвіцьці і міжнародных сувязях Дарыюс Удрыс абвяргае сьцьвярджэньне выкладчыка ЭГУ Максіма Жбанкова пра запалохваньні студэнтаў.

Выкладчык ЭГУ Максім Жбанкоў, камэнтуючы для Свабоды канфлікт у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, заявіў, што адміністрацыя ЭГУ запалохвае ўдзельнікаў пратэстных акцый. «Студэнты кажуць, што таксама сутыкаюцца з пагрозамі з прычыны магчымага ўдзелу ў акцыях у падтрымку Сэнату», — сьцьвярджае ён.

Адміністрацыя ЭГУ не прайшла міма гэтых заяваў.

«Калі на мінулым пасяджэньні Сэнату прагучалі абвінавачваньні, што прадстаўнікі адміністрацыі пагражаюць ці чыняць прэсінг на студэнтаў, адміністрацыя папрасіла прадставіць доказы як ад Сэнату, так і ад Студэнцкага прадстаўніцтва, каб разабрацца ў сытуацыі, — гаворыцца ў допісе прарэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па разьвіцьці і міжнародных сувязях Дарыюса Удрыса, дасланым на адрас Свабоды. — Дагэтуль доказы не былі прадстаўленыя, і Студэнцкае прадстаўніцтва не атрымала такіх скаргаў.»

«Адміністрацыя ўспрымае падобныя абвінавачваньні вельмі сур’ёзна і будзе дасьледаваць любыя адпаведныя выпадкі. Ні ў якіх абставінах студэнты не павінны адчуваць прэсінг ці пагрозы ў сувязі з рознагалосьсямі што да кіраваньня Унівэрсытэтам,» — падсумоўвае адміністрацыя ЭГУ.

"Цікава, што пратэст адміністрацыі выклікаў толькі маленькі другасны пасаж. Трэба разумець, што з асноўным пасылам майго выказваньня яны згодныя",— пракамэнтаваў Свабодзе гэтую заяву Дарыюса Ўдрыса сам Максім Жбанкоў.


Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Церашковіча звольнілі.

Максім Жбанкоў у інтэрвію Свабодзе ад імя супрацоўнікаў ЭГУ выказаў упэўненасьць, што звальненьне Паўла Церашковіча — гэта толькі пачатак чарады звальненьняў, у выніку якіх унівэрсытэт будзе пазбаўляцца менавіта ад беларускіх выкладчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG