Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны за забойства Канстанцін Казлоў быў у інтэрнэце «Воландам»

абноўлена

15 гадоў зьняволеньня — забойцу лучніцы Ганны Сярдзечкінай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00
Наўпроставы лінк

Заводзкі суд Менску асудзіў на 15 гадоў зьняволеньня забойцу вядомай беларускай лучніцы Ганны Сярдзечкінай.

Суд на чале з судзьдзёй Жаннай Брысінай прызнаў вінаватым у забойстве Ганны Сярдзечкінай яе былога мужа Канстанціна Казлова і асудзіў яго на 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму. Суд прызнаў Казлова вінаватым у наўмысным злачынстве, не паверыўшы ягоным паказаньням, што забойства здарылася ў выніку спантаннай сваркі. Сястры забітай Кацярыне Сярдзечкінай, паводле суду, Казлоў мусіць сплаціць 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральныя пакуты.

Ці будзе пацярпелая ў справе Кацярына Сярдзечкіна аспрэчваць рашэньне суду? Дзяўчына ад камэнтару адмовілася. Маці і бацькі забітай на судзе не было. Паводле зьвестак, агалошаных у судзе, яшчэ калі Ганна і Кацярына былі малыя, іхніх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Чатырохгадовым сынам Ганны Сярдзечкінай і Канстанціна Казлова Артурыюсам цяпер апякуецца цётка забітай. Паводле зьвестак сяброў Ганны Сярдзечкінай, яна будзе дамагацца, каб Канстанціна Казлова пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Назіральнікі адзначаюць жудасны момант гэтай справы — тое, што пасьля забойства былой жонкі Канстанцін Казлоў разрэзаў яе цела на кавалкі, адны пасьля закапаў у лесе, а другія патапіў у Цнянскім вадасховішчы. Сябра Ганны Сярдзечкінай Віталь Кандраценка мяркуе, што Казлоў не раскаяўся, як было бачна і зь ягоных паводзін у судзе.

«Мы ўсе бачылі, як ён усьміхаўся цягам усяго працэсу. Ня думаю, што ён раскаяўся. Ня веру і ў тое, што ён, як казаў, спантанна ўсё зрабіў. Цягам двух гадоў ён не спрабаваў убачыць свайго сына, а тут раптам запатрабаваў пазачарговага спатканьня і нібыта раззлаваўся, калі яму адмовілі. Гэта прыдуманая прычына», — мяркуе Віталь Кандраценка.
Канстанцін Казлоў у апошні дзень суду
Канстанцін Казлоў у апошні дзень суду

Сябры Ганны Сярдзечкінай паведамілі, што ў інтэрнэце Канстанцін Казлоў выкарыстоўваў мянушку «Канстанцін Воланд». Ці магчыма, што Казлоў захапляўся сатанізмам? Сябры Ганны Сярдзечкінай гэтак ня думаюць, але адзначаюць, што Казлоў быў аматарам гэтак званых «ролевых гульняў».

Адзін з тых, хто пазнаёміўся з Канстанцінам Казловым у інтэрнэце менавіта праз агульнае захапленьне «ролевымі гульнямі», — мянчук Аляксей Матусевіч. Аляксей мяркуе, што Казлоў стаў ахвярай складанай сямейнай сытуацыі і суд мог бы даць яму меншае пакараньне.

«Мне падалося ў судзе, што ён раскаяўся», — сказаў Свабодзе Аляксей.

Адвакат асуджанага Казлова сышоў з суду адразу пасьля прысуду, не паразмаўляўшы з журналістамі, таму застаецца пакуль невядомым, ці будзе Казлоў абскарджваць прысуд.

На пачатку жніўня мінулага году ў Менску зьнікла вядомая лучніца Ганна Сярдзечкіна. Пра зьнікненьне заявіў яе былы муж Канстанцін Казлоў. Празь некалькі дзён пад Менскам знайшлі кавалкі цела Сярдзечкінай, а потым міліцыя затрымала Казлова як падазронага ў забойстве. Вядома, што спачатку ён адмаўляў віну. Калі Казлову прапанавалі даць паказаньні на дэтэктары хлусьні, ён таксама адмовіўся, а потым усё ж прызнаў сябе вінаватым. На судзе над Казловым стала вядома, што ён забіваў сваю былую жонку ў прысутнасьці чатырохгадовага сына, які бачыў, па ягоных словах, «як тата з мамай бароліся і тата перамог».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG