Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз пісьменьнікаў абураны забаронай кнігі Бяляцкага


Сакратарыят ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» лічыць, што рашэньне Ашмянскага раённага суду забараніць увоз у Беларусь кнігі Алеся Бяляцкага палітычна матываванае і выкліканае толькі тым, што аўтар цяпер у зьняволеньні.

Кніга літаратуразнаўцы, сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» — зборнік эсэ і артыкулаў, прысьвечаных творчасьці беларускіх літаратараў. Тэксты кнігі на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў друкаваліся ў рэспубліканскіх пэрыядычных выданьнях. Асобнай кнігай яны выйшлі летась у Вільні, аднак чытачы ў Беларусі пазбаўленыя магчымасьці прачытаць яе.

Кніга Алеся Бяляцкага можа нанесьці шкоду іміджу Рэспублікі Беларусь, — да такой высновы прыйшла экспэртная камісія, на разгляд якой Ашмянская мытня накіравала яе яшчэ ў ліпені мінулага году, канфіскаваўшы 40 асобнікаў у праваабаронцы Тацяны Равякі на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог».

Спадарыня Равяка аспрэчвала рашэньне праз суд, які 11 лютага пастанавіў рээкспартаваць 40 асобнікаў «Асьвечаных беларушчынай» у Літву, адкуль яны былі прывезеныя. Такое рашэньне судзьдзя Тацяна Емяльновіч вынесла на падставе ўласнага меркаваньня, прызнаўшы разам з тым непрымальнасьць вынікаў экспэртызы, якая, на яе погляд, праводзілася з парушэньнямі.

Аўтара кнігі Алеся Бяляцкага 24 лістапада 2011 году судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за нясплату падаткаў з ахвяраваньняў, якія пайшлі на дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна» і дапамогу палітвязьням.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG