Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізія ў чарзе па беларускія граблі


У сакавіку Кіргізія можа далучыцца да Мытнага саюзу. Многія ў краіне гэтага баяцца. Кіргізія спрабуе выгандляваць прэфэрэнцыі, але пакуль марна.

Кіргізія адмовілася падпісваць «дарожную мапу» — плян захадаў, якія вядуць да яе ўступленьня ў Мытны саюз, у які ўваходзяць Расея, Беларусь і Казахстан. Бішкек сьцьвярджае, што «мапа» была ўхваленая ў Маскве без уліку інтарэсаў Кіргізіі. Цяпер экспэрты спрабуюць дапрацаваць дакумэнт. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў лічыць, што пры уступленьні ў МС нікому патураньняў быць не павінна, але расейскі лідэр Уладзімер Пуцін менш катэгарычны. Між тым намер кіргіскага кіраўніцтва далучыць краіну да МС выклікае ў Кіргізіі апасеньні: ці не прывядзе гэта да вялікіх праблем для эканомікі?

«Дардой» — найбуйнейшы рынак у Цэнтральнай Азіі. Тут штогод круцяцца сотні мільёнаў даляраў — за кошт рээкспарту кітайскіх і турэцкіх тавараў. Але гэтая імпэрыя зь дзесяткаў тысяч жалезных кантэйнэраў, якая ўзьнікла ў апошнія 20 гадоў на ўскраіне Бішкеку, можа абрынуцца, калі кіргіскі ўрад не даможацца часовага захаваньня нізкіх мытных пошлін пасьля ўступленьня ў Мытны саюз. Аналягічных умоваў ён дамагаецца таксама і для двух іншых значных рынкаў — найбуйнейшага базару тканін «Мадзіна» і паўднёвага «Кара-Суу». Паводле кіргіскага Міністэрства эканомікі, на сёньня сярэдняя стаўка мытных пошлін на імпарт складае 5,2%. Патрабаваньні Мытнага саюзу прадугледжвае павелічэньне больш чым у два разы — да 10,6 %.

Плюсы і мінусы

Прадпрымальнікі на «Дардоі» са страхам чакаюць прыходу МС. Паводле сацыялягічных апытаньняў, амаль 70 працэнтаў зь іх выказаліся супраць уступленьня ў аб’яднаньне.

— Бізнэсу ня будзе, калі ўсё падаражэе. Цяпер ужо тавар дарагі, а калі ў Мытны саюз увойдзем, тады наогул нічога ня будзе. Людзі ўжо адмаўляюцца працаваць у новых умовах. Ня ведаю, можа быць, дома будуць сядзець ці паедуць куды-небудзь. Калі мы ўвойдзем у МС, цэны давядзецца падвоіць: калі паліто каштавала дзьве тысячы сомаў, то будзе чатыры тысячы. Калі пошліны падымуць, гандлярам з Расеі і Казахстану ня будзе сэнсу сюды прыяжджаць. Навошта ім сюды езьдзіць за таварам, калі яны па такіх жа коштах могуць у сябе там узяць? — задаецца пытаньнем Чынара Касымбекава, якая прывозіць з Кітаю паліто і курткі.

Акрамя трох найбуйнейшых рынкаў, можа пацярпець і галіна, якая забясьпечвае асноўны экспарт Кіргізіі ў Расею і Казахстан — лёгкая прамысловасьць.
Паводле прэзыдэнта Асацыяцыі лёгкай прамысловасьці Фархада Талагонава, калі тканіны і іншыя камплектуючыя для пашыву адзеньня, якія прывозяцца ў асноўным па льготных пошлінах з азіяцкіх краін, падаражэюць, то прадукцыя кіргіскіх швейных прадпрыемстваў перастане быць канкурэнтаздольнай на рынках Расеі і Казахстану. А гэта азначае крах адзінай пасьпяховай галіны эканомікі Кіргізіі.

— Таму мы просім даць нам прэфэрэнцыі на сем гадоў, — кажа Фархад Талагонаў. — Чаму менавіта сем? Гэта дае магчымасьць нашым прадпрыемствам заключыць новыя кантракты, напрыклад, зь Беларусьсю, дзе ёсьць тэкстыльныя фабрыкі. У той жа час гэта дае нам магчымасьць прыцягнуць інвэстыцыі. Мы спадзяемся, што за гэты пэрыяд тут будуць пабудаваны фабрыкі па вырабу тканін, таму што цяпер ёсьць цікавасьць да гэтага з боку Турцыі, Кітаю і Паўднёвай Карэі.
Бізнэсу ня будзе, калі ўсё падаражэе. Цяпер ужо тавар дарагі, а калі ў Мытны саюз увойдзем, тады наогул нічога ня будзе.

Падвысіўшы стаўкі мытных пошлін у два разы для трэціх краін-імпартэраў, Кіргізія будзе весьці бяспошлінны гандаль з краінамі Мытнага саюзу. Гэта азначае, што яна зможа бесьперашкодна экспартаваць сваю прадукцыю ў Казахстан, Расею і Беларусь і свабодна ўвозіць тавары гэтых краін на свой рынак. Аднак членам МС з уласнай прадукцыі прапанаваць Кіргізіі практычна няма чаго. А паколькі імпарт з трэціх краін рэзка падаражэе, у выніку пацярпяць звычайныя грамадзяне, лічыць адзін з праціўнікаў інтэграцыі, лідэр партыі «Рэформа» Мірбек Асангарыеў.

Ён разам зь іншымі актывістамі арганізаваў акцыю ў цэнтры Бішкеку: расклаў па сталах розныя тавары і паказаў на цэньніках кошт — цяперашні і той, які чакаецца пасьля ўступленьня ў Мытны саюз. Вынік: за паўтары гадзіны 300 чалавек падпісаліся пад пэтыцыяй супраць уступленьня Кіргізіі ў МС.

— Доля нашага зьнешняга гандлю з краінамі, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, — гэта Кітай, Турцыя і гэтак далей — складае каля 60 адсоткаў. Краіны МС ня здольныя замясьціць гэтыя тавары сваімі. Кіргізія — імпартазалежная краіна. Мы ў два разы больш тавараў увозім, чым самі экспартуем. А краіны МС — Казахстан і Расея — наадварот, у два разы больш экспартуюць, чым імпартуюць. То бок, гэта ім выгадна, а нам — не. Таму мы не павінны абмяжоўвацца ў сваіх гандлёвых сувязях гэтымі трыма краінамі. Павышэньне коштаў на тавары і прадукты харчаваньня рэзка адмоўна адаб’ецца на сацыяльна-эканамічнай абстаноўцы.

У той жа час асноўныя прадукты харчаваньня і паліва Кіргізія імпартуе выключна з краін Мытнага саюзу. Па дадзеных міністэрства эканомікі, на долю Расеі прыпадае амаль 30 працэнтаў гандлёвага абароту Кіргізіі, а Казахстану — 13,4 працэнта.

Тры ўмовы Кіргізіі

Кіргізія выказала жаданьне ўступіць у МС яшчэ ў красавіку 2011 году. Пасьля гэтага дата ўступленьня некалькі разоў адкладалася. Каб стаць членам МС, краіна павінна падпісаць так званую «дарожную мапу» — рамачнае пагадненьне, у якім прапісваюцца ўсе ўмовы і забавязаньні. Яе праект быў канчаткова зацьверджаны ў лістападзе 2013 году, аднак кіргіскае кіраўніцтва адмовілася яго падпісваць, бо там не былі ўлічаныя яго ўмовы.

— У нас тры ўмовы: першае — даць ільготны пэрыяд тром буйным рынкам, куды тавары паступаюць па зьніжаных мытных пошлінах. Другое — стварыць фонд, куды штогод будуць улівацца па 200 мільёнаў даляраў для адраснай дапамогі нашым прадпрымальнікам. Відавочна, што некаторыя сэктары нашай эканомікі пацярпяць, іншыя наогул зьнікнуць, і для падтрымкі нам неабходныя фінансы на працягу сямі гадоў. Трэцяе ўмова — аблегчанае знаходжаньне для нашых мігрантаў, а таксама спрыяньне ў стварэньні тэхнічных лябараторыяў для адпаведнасьці нашых тавараў нормам МС. І ўмацаваньне нашых межаў, бо пасьля ўступленьня яны стануць і межамі аб’яднаньня. Гэтыя ўмовы прапісаны ў нашым праекце «дарожнай мапы», але яны прынялі сваю «дарожную мапу», у якой няма ніводнай з гэтых умоў. Гэта вельмі прынцыповае пытаньне для нас, — сказаў міністар эканомікі Тэмір Сарыеў у інтэрвію Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG