Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сараеве, магчыма, згарэла памяць пра Першую сусьветную вайну


Гісторыкі баяцца, што пажары ў Сараеве на мінулым тыдні зьнішчылі некаторыя з найбольш важных архіўных дакумэнтаў, датычных эўрапейскай гісторыі пачатку ХХ стагодзьдзя.

Мішэньню пратэстоўцаў у Сараеве сталі будынкі прэзыдэнцкай адміністрацыі і дзяржаўнага архіву Босьніі-Герцагавіны.

Дзяржаўны архіў Босьніі-Герцагавіны зьмяшчае ў асноўным дакумэнты з пэрыяду 1878-1918 гадоў, калі краіна была аўстра-вугорскім пратэктаратам. Частка матэрыялаў у гэтым архіве датычыць таксама ранейшага пэрыяду, калі Босьнія была пад панаваньнем Асманскай імпэрыі; там таксама знаходзяцца дакумэнты камісіі па вывучэньні ваенных злачынстваў, якая працавала пасьля Другой сусьветнай вайны.

Працаўнікам архіву пакуль што не дазволілі ўвайсьці ў часткова зьнішчаны будынак, каб ацаніць шкоду ад пажару. Дырэктар архіву Адамір Еркавіч назваў падпал будынку актам вандалізму.

Пажар дзяржаўнага архіву Босьніі-Герцагавіны здарыўся ў год, калі Эўропа рыхтуецца да адзначэньня стагодзьдзя зь дня выбуху Першай сусьветнай вайны. Фармальнай зачэпкай для ўзьнікненьня гэтага першага глябальнага канфлікту было забойства аўстра-вугорскага насьледніка пасаду Франца Фэрдынанда басьнійскім сэрбам, студэнтам Гаўрылам Прынцыпам, 28 чэрвеня 1914 году ў Сараеве.

Пасьля пажару Нацыянальнай бібліятэкі ў Сараеве ў 1992 годзе, падчас аблогі гораду сэрбамі, цяперашні пажар дзяржаўнага архіву зьяўляецца другім моцным ударам па запісах гістарычнай памяці Босьніі-Герцагавіны.

Антыўрадавыя пратэсты ў Босьніі-Герцагавіне ўспыхнулі ў горадзе Тузла 5 лютага. Наўпроставай прычынай гвалтоўных забурэньняў стала закрыцьцё шэрагу нядаўна прыватызаваных дзяржаўных прадпрыемстваў у гэтым горадзе. Пратэсты хутка распаўсюдзілася на іншыя гарады, у тым ліку на Бігач, Мостар, Сараева і Зэніцу. Як ацэньваецца, беспрацоўе ў Босьніі-Герцагавіне дасягнула 30%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG