Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны нампаліт і маўчаньне пра лёс Захаранкі


Былы салдат унутраных войскаў Іван працягвае расповед пра ідэалягічную падрыхтоўку ў ягонай частцы і пра тое, як у ім выхоўвалі нянавісьць да апазыцыянэраў.

Іван служыў у частцы ўнутраных войскаў, якая знаходзіцца ў Менску, у 2009–2010 гадах. Ён дэмабілізаваўся яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў і таму ня браў удзелу ў разгоне мітынгу 19 сьнежня 2010 году, як ягоныя сябры, якія засталіся служыць. Зь іхніх словаў ён ведае, што мітынгоўцы нібыта «білі вокны і дзьверы» Дома ўраду. Тое, што да ўдзельнікаў апазыцыйнай акцыі потым ужылі сілу, Іван апраўдвае. Пра тое, што падчас затрыманьняў былі факты нематываванага зьбіцьця мітынгоўцаў, Іван заўважае: «У нашай роце такое было немагчыма». Чым была адметная частка ўнутраных войскаў, дзе служыў Іван?

Паводле Івана, палкоўнік, які адказваў у частцы за ідэалягічную працу, быў беларускамоўны. З-за гэтага, кажа Іван, салдаты давалі яму розныя сьмешныя мянушкі, але збольшага ставіліся да яго добра, бо і сам ён быў зь імі паважлівы і шмат у чым дапамагаў. А як салдаты рэагавалі на беларускую мову мітынгоўцаў, «працуючы» на акцыях?

Іван запэўнівае, што ў іхняй роце беларускамоўнасьць не лічылася прыкметай апазыцыйнасьці. «Для нас апазыцыянэр — гэта той, хто кідаецца на ачапленьне ды б’е шкло, а на якой мове ты размаўляеш, ня важна», — кажа Іван. Былы салдат згадаў, як аднойчы ротны камандзір таксама выказаўся па-беларуску, а хлопцы яго не зразумелі ды засьмяяліся. «Ён папярэдзіў, што калі будуць яшчэ сьмяяцца, прымусіць усіх вывучыць мову», — згадвае Іван.

Іван назваў «даволі нэўтральным» стаўленьне і да бел-чырвона-белага сьцяга. «Яшчэ ў вучэбцы нам чытаў лекцыю капітан, які паведаміў, што гэта гістарычны сьцяг і што з 1991 па 1995 год ён быў дзяржаўным, але цяпер яго выкарыстоўвае апазыцыя, а дзяржаўны сьцяг вось такі — чырвона-зялёны», — згадаў суразмоўца. На ўсю іхнюю роту быў адзін хлопец, якога Іван з нацяжкай залічыў бы да апазыцыянэраў — малады чалавек падзяляў анархісцкія погляды. «Мы дзівіліся, як ён да нас трапіў з такімі думкамі. Потым аказалася, нармальны хлопец, яго ўсе паважалі», — згадаў Іван.

Палкоўнік, які адказваў у частцы за ідэалягічную працу, быў беларускамоўны
Паводле Івана, салдаты мусілі ведаць усё кіраўніцтва ўнутраных войскаў, а ня толькі афіцэраў сваёй часткі. «Паводле фатаздымкаў усіх вывучалі ў абавязковым парадку». Таму ведалі і пра камандзіра вайсковай часткі 3214 Дзьмітрыя Паўлічэнку. Але пра тое, што Паўлічэнку падазраюць у датычнасьці да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў, ім ніхто, у тым ліку беларускамоўны нампаліт, не распавядаў. І паміж сабой такіх размоў не было. Не распавядалі і пра зьніклага былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку.

«Не, увогуле ня чуў такога імя. Як паказвалі па тэлевізары, што нехта ў той жа Чачні зьнік, гэта я ведаў, а калі не — дык не. Любога вазьміце зараз, ніхто нічога ня ведае. Нават прозьвішчы гэтыя будуць чуць упершыню».

Чаму, на думку Івана, пры нармальным стаўленьні да апазыцыянэраў ягоныя таварышы па службе часта дапускаюць ужываньне да іх гвалту ды недазволеных прыёмаў? Іван тлумачыць гэта тым, што ў іх фармавалася варожасьць да фашыстоўскай ідэалёгіі, якую наўпрост зьвязвалі з апазыцыянэрамі любых кірункаў.

«Для мяне адклалася, што калі чалавек крычыць „Хайль Гітлер!“ ці нешта іншае, зьвязанае з фашыстоўскай ідэалёгіяй, значыць, гэтага чалавека можна зьбіць. І дагэтуль такія пачуцьці. Хоць ужо ніхто не загадвае, ніхто за гэта не заплаціць, але я сам падыду і гэтак зраблю».

Паводле Івана, салдатам тэрміновай службы ўнутраных войскаў у час ягонай службы выплачвалі штомесяц грашовае ўтрыманьне ў эквіваленце прыкладна ад 10 да 20 даляраў ЗША. Старшы лейтэнант зарабляе менш за 500 даляраў, а афіцэры, старэйшыя за капітана, — ад 700 даляраў і вышэй. Іван кажа, што ва ўнутраных войсках сярод афіцэраў шмат незадаволеных грашовым забесьпячэньнем, але людзі мусяць цярпець, бо пэрспэктывы працаўладкаваньня ў цывільным жыцьці цьмяныя.
Самаарганізаванасьць і дысцыпліна ў апазыцыянэраў даволі слабыя, а таксама і ўзаемадапамога

Як чалавек, які шмат разоў назіраў за акцыямі апазыцыі, Іван мае што сказаць крытычнага адносна іх арганізацыі: «Самаарганізаванасьць і дысцыпліна ў апазыцыянэраў даволі слабыя, а таксама і ўзаемадапамога», — мяркуе Іван.

А як адказваюць на пытаньне пра прычыны агрэсіі да мітынгоўцаў з боку некаторых сілавікоў самі ўдзельнікі апазыцыйных мітынгаў? Былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка, які сам калісьці служыў у вайсковым спэцназе, камэнтуе сытуацыю гэтак:

«У вайсковым спэцназе ідэалягічнай апрацоўцы надавалі вельмі шмат увагі. Былі савецкія часы, 80-я гады, я быў цалкам савецкі чалавек, і калі ўжо прыйшоў з войска, то ня мог спакойна глядзець на людзей, якія былі апранутыя ў вайсковую форму ЗША — тады якраз такая мода ўзьнікла. Для мяне гэта адназначна былі ворагі, гэта было на ўзроўні рэфлексаў. Таму скажу, што і ў часы Лукашэнкі ідэалягічнай апрацоўцы надаецца вельмі шмат увагі. І жорсткасьць дзеяньняў АМАПу і ўнутраных войскаў 19 сьнежня пацьвярджае, што там дзейнічалі людзі з „прамытымі мазгамі“».

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
Палітык Зьміцер Бандарэнка ня дзеліць тых, хто разганяў мітынг, на жорсткі АМАП і лагаднейшыя ўнутраныя войскі, бо, паводле яго, «усе гатовыя выканаць самы жорсткі загад, дзеля чаго іх туды адмыслова і адбіраюць».

«Там дзейнічае яшчэ такая простая рэч, як абарона таварыша. Калі ў міліцыянта ляціць камень, ён атрымаў траўму, то ягоныя калегі будуць проста за яго помсьціць. Гэта закон зграі. Цяпер мы гэта назіраем ува Ўкраіне, дзе ідуць і пазасудовыя разборкі. А ідуць яны ў тым ліку таму, што ўлады адмыслова падставілі гэтых людзей пад камяні, пад гвалт з боку апазыцыі. Менавіта каб выклікаць нянавісьць і пачуцьцё помсты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG