Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскага аштрафавалі за выклік міліцыі


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Былы кандыдат на прэзыдэнта, сустаршыня аргкамітэту Партыі БХД Віталь Рымашэўскі пакараны штрафам у 16 базавых велічынь за ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку.

Такое рашэньне 7 лютага ўхваліла кіраўніцтва міліцыі Савецкага раёну Менску.

2 лютага каля рынку актывісты БХД зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету актывісткі БХД Марыны Хоміч. Падчас збору подпісаў, як паведаміў Віталь Рымашэўскі, «людзі ў цывільным усяляк абражалі ўдзельнікаў, здымалі іх на відэа, аказвалі псыхалягічны ціск». Віталь Рымашэўскі мяркуе, што гэта былі прадстаўнікі праваахоўных органаў.

На 7 лютага Віталя Рымашэўскага выклікалі ў Савецкі РУУС і там абвясьцілі, што ён пакараны штрафам у 16 базавых велічынь — гэта больш за 2 мільёны рублёў.

Паводле Віталя Рымашэўскага, фармальна яго пакаралі нібыта «за беспадстаўны выклік міліцыі». Віталь Рымашэўскі не абвяргае, што выклікаў міліцыю на месца пікету, дзе людзі ў цывільным перашкаджалі актывістам БХД зьбіраць подпісы. Між тым, паводле палітыка, міліцыя на ягоны выклік так і не прыехала, хоць пазьней у пратаколе адміністрацыйнага парушэньня было запісана, што міліцэйскі нарад да Камароўкі выяжджаў.

«Гэта была адміністрацыйная справа, якую цяпер можа разглядаць міліцыя. Разгляд быў вельмі кароткі, нават ня выслухалі сьведак з майго боку. Рашэньне прымаў непасрэдна кіраўнік Савецкага РУУС. Гэта пацьвярджае факт палітычнага перасьледу актывістаў з боку менавіта дадзенай міліцэйскай установы, калі згадаць, што нядаўна Анатоля Лябедзьку міліцыянты з гэтага ж раёну схапілі каля Камароўкі за збор подпісаў і потым яго асудзілі да штрафу. Сёньняшні штраф мне — працяг псыхалягічнага ціску, спроба запалохаць актывістаў. Удвая абуральна, што гэта адбываецца падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы».

Віталь Рымашэўскі мае намер абскардзіць рашэньне ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG