Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не знайшла сьведку забойства Жызьнеўскага


Падчас пахаваньня Міхаіла Жызьнеўскага
Падчас пахаваньня Міхаіла Жызьнеўскага

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны апублікавала вынікі экспэртыз забойстваў трох мітынгоўцаў: Міхаіла Жызьнеўскага, Сяргея Нігаяна і Рамана Сеніка.

Забойствы ўчыненыя 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

Паводле заявы МУС, устаноўлена, што адлегласьць, зь якой пацярпелыя атрымалі раненьні, складае 2-3 мэтры. На гэта, паводле дадзеных МУС, паказваюць сьляды пораху на іх вопратцы.

Сілавікі заяўляюць, што стрэлы зроблены зьверху пад досыць вялікім вуглом.

Аднак у міліцыі кажуць, што ня могуць правесьці дэталёвае расьсьледаваньне з-за недахопу зьвестак.

Паводле выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу Сьледчага ўпраўленьня ў Кіеве Юрыя Таткова, праваахоўнікі змаглі вызначыць дакладны час сьмерці трох мітынгоўцаў.

«Аднак час і месца атрыманьня імі цялесных пашкоджаньняў устанавіць пакуль не ўдалося, бо для гэтага трэба ведаць дакладнае месца, дзе пацярпелыя атрымалі раненьні. А гэтых дадзеных, як і паказаньняў сьведак, у праваахоўнікаў пакуль няма», — гаворыцца ў паведамленьні МУС.

У міліцыі адзначаюць, што яны спрабавалі знайсьці і дапытаць сьведку, які нібыта бачыў, як атрымаў раненьне беларус Міхаіл Жызьнеўскі, і падаў камэнтар пра гэта на тэлебачаньні.

«Яго клічуць Тарас Кабялка. Але па дадзеных людзей, якія называюць сябе „аховай“ Украінскага дому, такога чалавека сярод тых, хто знаходзіцца ў будынку, ня значыцца», — заявілі ў МУС.

Міліцыя яшчэ раз зьвярнулася да магчымых сьведак з просьбай падаць інфармацыю, якая паспрыяе раскрыцьцю гэтых злачынстваў.

У міліцыі запэўніваюць, што патроны, якімі нанесены цялесныя траўмы Жызьнеўскаму, органамі ўнутраных спраў не выкарыстоўваюцца і на ўзбраеньні не знаходзяцца. Акрамя таго, сілавікі дапускаюць, што забітых на вуліцу Грушэўскага прынесьлі.

Міхаіла Жызьнеўскага і Рамана Сеніка забілі кулямі 12 калібру.

Вінтоўка Форт 500 Т выкарыстоўваецца спэцпрызначэнцамі на Грушэўскага і мае менавіта 12 калібар. А яшчэ ў яе можна зарадзіць мэталёвую карцеч, якой быў забіты Сяргей Нігаян, перадае «Ўкраінская праўда».

Сябар Міхаіла Жызьнеўскага Тарас Кабялка распавёў, што Міхаіл на вуліцы Грушэўскага абараняўся ад куляў драўляным шчытом, але ўпаў ад мэталёвай кулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG