Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: апазыцыі няма каго вылучаць у выбаркамы


2 лютага быў апошні дзень, калі дазвалялася вылучаць кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў на мясцовыя выбары. Як скарысталася гэтай магчымасьцю апазыцыя? Болей ці меней заявак яна падала ў параўнаньні зь мінулай выбарчай кампаніяй?

Менавіта ўчастковыя камісіі непасрэдна працуюць зь бюлетэнямі, лічаць галасы выбарцаў. І пачатак усіх фальшаваньняў — на ўзроўні гэтых камісіяў. Таму апазыцыйныя лідэры абяцалі накіраваць сюды як мага болей сваіх вылучэнцаў.

Ці выканана абяцаньне? Пахваліцца прыростам у два дзясяткі вылучэнцаў можа толькі партыя «Справядлівы сьвет». Намесьнік партыйнага старшыні Валеры Ўхналёў паведаміў Свабодзе:

«Наша партыя падала дакумэнты на 200 нашых сябраў. Вось такая роўная лічба атрымалася. Найбольшая колькасьць у гомельскім рэгіёне — 89 чалавек. Каля 30 — у віцебскім. У астатніх — прыкладна аднолькава».

Астатнія апазыцыйныя партыі альбо топчуцца на месцы, альбо скарацілі колькасьць вылучэнцаў. Так, намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў кажа, што партыя заяўляе для падліку бюлетэняў крыху болей за 100 чалавек:

«Мы вырашылі, што няма сэнсу масава падаваць. Але тэстава ўсё ж неабходна. Мы вылучылі ў Магілёве 10 чалавек, у Гомелі — 20, дый у іншых рэгіёнах».

Гэтаксама 100 чалавек рэкамэндуе і партыя БНФ. А чатыры гады таму абедзьве гэтыя партыі мелі вылучэнцаў болей. Як і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Дзяніс Садоўскі — сакратар аргкамітэту ў справе стварэньня БХД — тлумачыць гэта тым, што партыя дагэтуль не зарэгістраваная:

«Калі, напрыклад, нехта вылучаецца ад БНФ альбо нейкай іншай зарэгістраванай партыі, то старшыня Цэнтравыбаркаму Ярмошына мусіць уключыць хоць некага для працэнту. А нашы ж актывісты юрыдычна беспартыйныя. Таму мясцовай вэртыкалі абсалютна няма сэнсу іх уключаць у камісіі. Зыходзячы з гэтага, мы на ўчастковыя камісіі ўхіл і не рабілі. Мы акцэнтуемся на пікетах, якія адбываюцца і ў Менску, і ў рэгіёнах».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Сытуацыя з вылучэньнем кандыдатаў у камісіі ўсіх роўняў на мясцовых выбарах хоць і руцінная, але вельмі паказальная, — адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Яна паказвае і аблічча ўлады, і патэнцыял апазыцыі. Улада „рэжа“ вылучэнцаў ад пятай калёны, як называе апазыцыю. Ад яе праскокваюць адзінкі. А ад праўладных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў залічваюць амаль аўтаматам.

Але нават калі ўявіць сабе немагчымае — у камісіі прайшлі ўсе прадстаўнікі апазыцыі, — то і тады яны б не вялі там рэй. Бо штыкоў у апазыцыі нягуста. І яшчэ праблема ў тым, што апазыцыя ня мае выразнай стратэгіі. Калі партыя кажа, што мы гуляем у гэтыя выбары і выкарыстоўваем іх толькі дзеля таго, каб нашыя сьпікеры там нешта сказалі, то тут цяжка спадзявацца на водгук абывацеля. Асабліва на мясцовых выбарах, дзе людзей найперш хвалююць мясцовыя праблемы».

Чатыры гады таму на такіх жа выбарах апазыцыя супольна вылучыла для падліку бюлетэняў 760 чалавек. Фармаваньне ўчастковых камісіяў пачалося 3 лютага і павінна скончыцца цягам трох дзён. Усяго на гэтых выбарах — 6170 участкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG