Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны рэфэрэндум» плянуе сабраць паўмільёна подпісаў


Пяць тысяч подпісаў у падтрымку «Народнага рэфэрэндуму» здолелі сабраць за першы тыдзень ініцыятары гэтай акцыі.

Такую лічбу агучыў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Да пачатку сакавіка мы хочам сабраць 50 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі. Гэта дастаткова, каб перадаць матэрыялы ў Палату прадстаўнікоў, якая, згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, мае права ініцыяваць правядзеньне афіцыйнага рэфэрэндуму», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Людзі незадаволеныя тым, што ўлады ўжо даўно перасталі раіцца зь імі, як жыць далей, — кажа прадстаўнік грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“ Андрэй Дзьмітрыеў. — Я асабіста зьбіраў подпісы і кажу гэта з уласнага досьведу. Людзі падпісваюцца і за тое, каб прэзыдэнт беларускай дзяржавы ня меў права займаць гэтую пасаду болей за два тэрміны. Нават тыя людзі, якія кажуць, што Лукашэнка шмат зрабіў для Беларусі, сёньня лічаць, што ён ужо дастаткова кіраваў краінай. Трэба даваць магчымасьць і іншым».

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі казалі. што падчас збору подпісаў амаль у кожнай кватэры закраналася сытуацыя ва Ўкраіне. Як сьведчыць старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, стаўленьне да гэтага рознае:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Ёсьць тыя, хто кажа, што не хацелася б, каб у нас падзеі разгортваліся, як на Ўкраіне. А ёсьць і тыя, якія кажуць: калі ўжо падымаемся? Колькі можна ўжо трываць? Вось украінцы ўсталі, чаго мы сядзім? Абсалютна розныя ёсьць рэакцыі. Але мы і адным, і другім адказваем: у Беларусі ня будзе так, як ва Ўкраіне. У нас будзе свой шлях пераменаў. У нас будзе мірны пратэст. Ён цяпер заганяецца ўсярэдзіну. Але ён накіпае, накіпае, накіпае і абавязкова выплесьнецца».

Калі Палата прадстаўнікоў праігнаруе сабраныя 50 тысячаў подпісаў, то ініцыятары акцыі будуць зьбіраць паўмільёна подпісаў.

У кааліцыю «Народны рэфэрэндум» уваходзяць грамадзянская кампанія «Гавары праўду», рух «За свабоду», партыі БНФ і БСДП (Грамада), аргкамітэт у справе стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу, рэгіянальныя няўрадавыя арганізацыі. Подпісы зьбіраюцца за правядзеньне агульнарэспубліканскага рэфэрэндуму з шасьцю пытаньнямі:


  • Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі для грамадзян Беларусі павінны аказвацца бясплатна?
  • Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад заплянаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсьці на кампэнсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі 2011 году, і стварэньне працоўных месцаў?
  • Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны абірацца прамым галасаваньнем грамадзян?
  • Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?
  • Ці згодныя вы, што дзеля забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несьці службу за мяжой?
  • Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG