Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада ўвяла санкцыі супраць людзей Януковіча


Канада абмежавала ўезд чыноўнікам з Украіны, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў супраць апазыцыі.

Урад Канады абвясьціў сёньня, што ўвёў абмежаваньні на ўезд у сваю краіну неназваным чыноўнікам з Украіны «з прычыны іх дзеяньняў за апошнія дні», а менавіта «жорсткага падаўленьня законных пратэстаў і запалохваньня апазыцыі».

Рашэньне ўступіла ў сілу неадкладна, паведамілі ў сумеснай заяве міністар грамадзянства і іміграцыі Крыс Алегзандер і міністар замежных спраў Джон Бэрд. Канкрэтных імёнаў яны не называлі.

Апошнія дзеяньні чальцоў украінскай уладнай эліты супраць ўсё больш шырокіх народных пратэстаў вартыя рэзкага асуджэньня і змусілі да мэтанакіраваных дзеяньняў па сутнасьці, гаворыцца ў заяве.

Канада вітае апошнія падзеі ва Ўкраіне, але трэба зрабіць больш. Улады Украіны павінны задаволіць прынцыповыя патрабаваньні народа, уключаючы патрабаваньні падсправаздачнасьці і поўнага выкананьня дэмакратычных прынцыпаў, заявілі міністры.

Канада і далей назірае за падзеямі ва Ўкраіне і ў выпадку неабходнасьці разгледзець разам са сваімі міжнароднымі партнэрамі і іншыя магчымасьці, гаворыцца ў заяве.

Джон Бэрд лічыць, што цяперашнія санкцыі — сымбалічны крок, які павінен стаць для ўлады Украіны знакам неўхваленьня яго дзеяньняў. Паводле яго словаў, у выпадку, калі ўкраінская ўлада не задаволіць патрабаваньні народа аб свабодзе і дэмакратыі, Канада гатовая звярнуцца і да далейшых крокаў у адказ.

Нядаўна ЗША ўжо паведамлялі, што адмянілі візы для некаторых грамадзянаў Украіны, якія маюць дачыненьне яшчэ да першых сутычак паміж дэманстрантамі і сілавікамі ў лістападзе і сьнежні мінулага года, і папярэджвалі, што могуць пашырыць такія свае санкцыі. У Эўразьвязе на афіцыйным узроўні заяўляюць, што пра санкцыі пакуль яшчэ не ідзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG