Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадзенскім музэі рэарганізацыя. Усе звольніліся


Назва «Музэй Максіма Багдановіча» застаецца, запэўніў карэспандэнта Свабоды дырэктар Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-архэалягічнага музэю Юры Кітурка, «але структурна гэта будзе літаратурны аддзел нашага музэю».

Цяпер ідзе працэс перадачы фондаў, «звычайна, ён не аднамамэнтны». Чатырнаццаць тысяч прадмэтаў у фондах вымагаюць часу, таму працэдура зацягнулася, тлумачыць ён. І калі музэй адчыніць дзьверы для наведнікаў зноў — пакуль невядома.

Ніхто спэцыяльна не звальняў людзей, гаворыць Юры Кітурка:

«Кожнаму супрацоўніку было прапанавана, ніхто зь іх не захацеў працаваць надалей... Усім было прапанавана месца ў музэі, ня горшае, чым было, яны адмовіліся. На пытаньне чаму? Быў адказ — знайшлі новую працу. У іх быў час, два месяцы працягваўся працэс ліквідацыі юрыдычнай асобы, і яны шукалі сабе працу».

Але чаму яны шукалі, калі ім было прапанавана застацца? Можа заробкі зьменшыліся б? Тлумачэньне дырэктара гісторыка-архэалягічнага музэю: яны атрымалі кожны трохмесячную грашовую кампэнсацыю і можа адгуляла ролю, «што каб яны прыйшлі працаваць у музэй, яе давялося б вярнуць». Каб яны пагадзіліся перайсьці на новую працу, кампэнсацыі не было б. Што да новых заробкаў, то яны будуць большыя, паколькі гісторыка-архэалягічны музэй — больш высокай катэгорыі.

Старая экспазыцыя застаецца, яе трошку падрамантуюць, сказаў Юры Кітурка. У музэі паявіліся новыя плошчы, там будзе створаная разгорнутая экспазыцыя «Гарадзеншчына літаратурная» (цяпер існуе невялікая), там знойдзецца месца Васілю Быкаву і ўсім гарадзенскім пісьменьнікам, запэўніў спадар Кітурка.

«Ніхто нішчыць музэй Багдановіча ня будзе», кажа ён, «гэта проста спроба аптымізаваць структуру». Але наймаць людзей, пакуль яна ня створаная, немагчыма. Аднак вядома, што працаваць будуць чатыры навуковыя супрацоўнікі (раней былі тры, адну стаўку яны эканомілі).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG