Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве сёньня разьвітаюцца з Міхаілам Жызьнеўскім


Міхаіл Жызьнеўскі
Міхаіл Жызьнеўскі

Адпяваньне і разьвітаньне з Міхаілам Жызьнеўскім у Кіеве заплянаванае сёньня на 13-ю гадзіну.

Яно адбудзецца ў Міхайлаўскім залатаверхім саборы Кіева. Пра гэта паведаміў ўкраінскі 5 канал.

Міхайлаўскі залатаверхі сабор Кіева зьяўляецца адным з самых прыгожых і вялікіх у Кіеве, ён знаходзіцца побач з Сафійскім саборам, быў зьнішчаны савецкай уладай, яго аднавілі ўжо ў гады незалежнасьці на ахвяраваньні ўкраінцаў з усяго сьвету, якія зьбірала Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату.

Менавіта ў гэтым саборы знаходзілі прытулак студэнты пад час першага разгону Майдана «Беркутам» 30 лістапада.

У Белай Царкве, дзе жыў Міхаіл Жызьнеўскі, у мінулую пятніцу ўшанавалі памяць загінулых 22 студзеня і правялі пікет ля гарадзкой рады.

Пасьля гэтага некалькі тысяч чалавек рушылі шэсьцем па цэнтры горада, патрабуючы адстаўкі ўраду Мікакая Азарава і прэзыдэнта Віктара Януковіча.



МУС Украіны заявіла ўчора, што да іх не паступіла ні аднаго паведамленьня ад тых, хто мог быць сьведкамі забойстваў Сяргея Нігаяна і Міхаіла Жызьнеўскага.

Абодвух застрэлілі 22 студзеня пад час сутычак пратэстоўцаў зь «Беркутам» на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

Сьледзтвам ўстаноўлена, што пацярпелыя працавалі ахоўнікамі на Майдане і ўвесь час былі ў полі зроку вялікай колькасьці людзей. Аднак да гэтага часу ў МУС не паступіла ні аднаго паведамленьня ад тых, хто мог быць сьведкамі тых падзей, заявіў першы намесьнік начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня МУС Украіны Віталь Сакал.

Паводле ягоных слоў, цяпер вядзецца расьсьледаваньне крымінальных спраў, адкрытых па фактах наўмысных забойстваў Сяргея Нігаяна і грамадзяніна Беларусі Міхаіла Жызьнеўскага, якія адбыліся 22 студзеня ў час масавых мерапрыемстваў на вуліцы Грушэўскага.

Лекары Эўрамайдану заяўляюць, што 22 студзеня пасьля сутычкі яшчэ два трупы засталіся на тэрыторыі захопленай «Беркутам», іх лёс невядомы.

Акрамя таго, каля Барыспаля было знойдзена цела Юрыя Вярбіцкага — актывіста, якога разам з адным з каардынатараў Майдана Ігарам Луцэнкам выкралі невядомыя.

Учора ў шпіталі памёр паранены пад час сутычак 45-гадовы Раман Сенік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG