Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікеты за кандыдатаў і супраць расейскіх баз


Ад сёньняшняга дня застаецца тыдзень на вылучэньне кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў. Менавіта гэтыя камісіі будуць непасрэдна лічыць бюлетэні на мясцовых выбарах. А афіцыйна зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы тым часам працягваюць зьбіраць подпісы за сваіх кандыдатаў.

Партыя БНФ на сёньняшні дзень мае 40 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў агульнай колькасьцю 400 чалавек. Усе кандыдаты, за якіх яны агітуюць, падзяляюць праграмныя партыйныя дакумэнты. Сярод іх і патрабаваньне не разьмяшчаць на беларускай зямлі расейскія вайсковыя базы.

У нядзелю, 26 студзеня, партыя хоча правесьці Адзіны дзень пікетаў. Яе актывісты адначасова са зьбіраньнем подпісаў за сваіх кандыдатаў у дэпутаты будуць пратэставаць супраць расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі. Старшыня партыі Аляксей Янукевіч мяркуе, што акцыя ахопіць паўтара дзясятка гарадоў.

Аднак Цэнтравыбаркам лічыць: гэта супярэчыць выбарчаму заканадаўству. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што пікеты праводзяцца толькі для збору подпісаў за кандыдатаў. А калі хтосьці жадае агітаваць, напрыклад, супраць зьнешняй палітыкі Беларусі, то на гэта трэба спачатку атрымаць дазвол ад мясцовых уладаў. Маўляў, такая акцыя падпадае не пад Выбарчы кодэкс, а пад закон аб масавых мерапрыемствах.

Аляксей Янукевіч кажа, што гэта вольная трактоўка заканадаўства з боку ЦВК:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Падчас збору подпісаў за кандыдатаў дазваляецца выкарыстоўваць інфармацыю пра іхнія праграмы. Гэта неад’емнае права, якое гарантуецца кожнаму, хто зьбірае подпісы за сваё вылучэньне. Вывад усіх расейскіх вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі і забарона на разьмяшчэньне новых ёсьць неад’емным пунктам праграмы кожнага з нашых кандыдатаў. Мы перакананыя: гэтая інфармацыя падвысіць колькасьць ахвотных падпісацца за іх. Таму ніякага парушэньня выбарчага заканадаўства мы тут ня бачым.

Але мы разумеем, што цяперашняя ЦВК вольная трактаваць Выбарчы кодэкс так, як ёй выгодна, зыходзячы зь нейкіх палітычных матываў, а ня зь літары закону».

Апазыцыйныя лідэры, калі іх папракаюць невялікай колькасьцю вылучэнцаў у склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіяў, кажуць, што для іх значна важнейшыя ўчастковыя камісіі, дзе ідзе непасрэдны падлік галасоў выбарцаў. Паводле намесьніка старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валерыя Ўхналёва, у партыі будзе 150–160 вылучэнцаў:

Валеры Ўхналёў
Валеры Ўхналёў
«Згодна з Выбарчым кодэксам нашы абласныя партыйныя камітэты маюць права вылучыць сваіх прадстаўнікоў у любую ўчастковую камісію на тэрыторыі вобласьці, незалежна ад таго, ёсьць там зарэгістраваная партыйная структура альбо няма. Так мы і зробім. Я думаю, іх будзе 150–160, ня меней. У гэтыя суботу і нядзелю мы правядзем пленумы».

Ірына Вештард
Ірына Вештард
Нечакана для многіх найбольшую колькасьць зарэгістраваных ініцыятыўных групаў сярод апазыцыі — 53 — мае Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Яе лідэр Ірына Вештард сказала Свабодзе, што сацыял-дэмакраты гатовыя паспрачацца за лідэрства і па колькасьці вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі:

«Будзе днямі нарада. Дай Бог, „даплывем“ усе. Я нават не кажу, у які дзень, каб не перашкодзілі „даплыць“ туды. Там усё будзем высьвятляць. Бо час тут, як кажуць, блізенька падыходзіць, трэба зрабіць усё да 2 лютага. Але мы сустракаемся значна раней».

Мясцовыя выбары заплянаваныя на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG