Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 студзеня пачнуцца судовыя спрэчкі ў справе «Экамэдсэрвіса»


«Экамэдсэрвіс»
«Экамэдсэрвіс»

На працэсе ў Кастрычніцкім судзе Менску па справе «Экамэдсэрвіса» скончылася судовае сьледзтва. У панядзелак, 27 студзеня пачнуцца судовыя спрэчкі.

Іх адкрые прадстаўнік абвінавачаньня Мікалай Жэчка, які паведаміць, якога пакараньня пракуратура просіць ад суду для лекара Аляксандра Шурава, галоўнага інжынэра «Экамэдсэрвіса» Вадзіма Ліхуты і былога гендырэктара мэдычнага цэнтру Галіны Валжанкінай. Пакуль паводле артыкулаў, якія ім інкрымінаваныя за датычнасьць да сьмерці пацыенткі Юліі Кубаравай, ім пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пры гэтым Вадзім Ліхута і Галіна Валжанкіна вінаватымі сябе не прызнаюць, Аляксандар Шураў прызнае віну часткова.

24 студзеня суд дапытаў юрысконсульта «Экамэдсэрвіса» Мікалая Ёдку. У прыватнасьці, суд цікавіла фінансавае становішча цэнтру, да якога пацярпелыя выставілі пазоў больш як на мільён даляраў. Паводле Мікалая Ёдкі, за 9 месяцаў, якія мінулі ад часу апэрацыі над Юліяй Кубаравай, пасьля якой яна памерла, «Экамэдсэрвіс» панёс фінансавыя страты на 861 мільён рублёў. Пры гэтым чысты прыбытак сумеснага прадпрыемства за 2013 год склаў 562 мільёны рублёў.

Пацярпелы Юры Кубараў у апошні дзень судовага сьледзтва павялічыў суму кампэнсацыі матэрыяльных стратаў ад «Экамэдсэрвіса» да 74 мільёнаў рублёў. З чаго склалася гэтая сума?

«Раней я патрабаваў спагнаць зь іх 20 мільёнаў, але сам прадстаўнік цэнтру папрасіў даць расклад гэтай сумы. І я падлічыў: на рытуальныя паслугі пайшло 17 мільёнаў рублёў, на юрыдычную дапамогу — больш за 40 мільёнаў, на апэрацыю — 15 мільёнаў. Вось і набралася 74 мільёны. Наколькі я сёньня зразумеў, банкрутам „Экамэдсэрвіс“ не зьяўляецца», — сказаў Юры Кубараў карэспандэнту Свабоды.

Акрамя кампэнсацыі матэрыяльных стратаў, бацькі Юліі Кубаравай патрабуюць ад «Экамэдсэрвіса» кампэнсаваць маральныя страты, якія яны ацанілі ў 10 мільярдаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG