Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскол у Партыі рэгіёнаў, частка патрабуе датэрміновых выбараў


Львоўская абласная арганізацыя Партыі рэгіёнаў выступіла за адстаўку прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, ураду і за перавыбары Вярхоўнай Рады і прэзыдэнта.

Пра гэта гаворыцца ў заяве львоўскіх рэгіяналаў, апублікаванай на іхнім афіцыйным сайце.

«Львоўская абласная арганізацыя Партыі рэгіёнаў падзяляе боль украінцаў па загінулых на Эўрамайдане ў Кіеве», гаворыцца ў заяве.

На думку дэпутатаў, «адказнасьць за сьмерць людзей у мірны час кладзецца ў першую чаргу на ўладу, якая надзелена паўнамоцтвамі і абавязана абараняць гонар, годнасьць і жыцьцё кожнага грамадзяніна дзяржавы, нават калі ён парушае закон».

У заяве адзначана: «Відавочна, што, будучы арыентаванымі на настроі толькі пэўнай часткі грамадзян Украіны, лідэры Партыі рэгіёнаў, пасьля таго як прыйшлі да ўлады, ня здолелі ці не захацелі прыслухацца да пазыцыі іншай часткі ўкраінцаў».

«На жаль, нашы спробы ўнесьці карэктывы ў гэтую палітыку натыкаліся на зьверхнасьць і самаўпэўненасьць кіеўскіх функцыянэраў. Сёньня відавочна, што тыя праграмныя прынцыпы, зь якімі Партыя рэгіёнаў ішла на выбары, не выконваюцца. Замест абяцанай стабільнасьці і эўраінтэграцыі краіна пастаўлена на мяжу грамадзянскай вайны, хаосу і расколу. Таму ў такой сытуацыі мы патрабуем неадкладна склікаць зьезд партыі.

Згодна з эўрапейскай практыкай старшыня Партыі рэгіёнаў Мікалай Азараў, яе кіраўніцтва на зьезьдзе павінны падаць у адстаўку. Зьезд партыі павінен абраць новага лідэра, а Прэзыдэнт — абвясьціць пазачарговыя выбары ў Вярхоўную Раду, сфармаваць новы ўрад. Гэта дэмакратычны шлях.

Спробы далейшага сілавога разьвязваньня палітычнага канфлікту робяць немагчымым наша далейшае знаходжаньне ў Партыі рэгіёнаў. Хоць мы добра разумеем, што гэтым мы адкрываем дарогу радыкальным настроям на ўсходзе нашай дзяржавы, даем дадатковыя аргумэнты тым, хто хоча яе расколу», — гаворыцца ў заяве.

«Рассудзіць уладу і апазыцыю мае права толькі ўкраінскі народ. І не на плошчах, а праз выбары. Спачатку ў Вярхоўную Раду, а затым і Прэзыдэнта.

Толькі так мы можам паставіць кропку ў далейшым абвастрэньні супрацьстаяньня грамадзянскай супольнасьці».

Лідэры Партыі Рэгіёнаў Віктар Януковіч і Мікалай Азараў ад новых выбараў адмаўляюцца і настойваюць на сілавым варыянце вырашэньня канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG