Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А маўчальнікі выйшлі ў начальнікі


Відаць, для чыноўніка ёсьць нешта страшнейшае за публічную ганьбу. Што? Незадавальненьне вышэйшага начальства.

Калі прачытаў анэкдатычную гісторыю пра тое, як старшыня камітэту па ахове здароўя Мінгарвыканкаму Віктар Сірэнка сем хвілін круціў галавой у адказ на пытаньні журналіста газэты «Наша ніва», то адразу прыгадалася літаратурная клясыка. Але не беларуская («Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе»), а хутчэй расейская (вобраз Маўчаліна з камэдыі Грыбаедава «Гора ад розуму») ці нават савецкая. Найбольш гэтаму выпадку адпавядае знакамітая песьня Аляксандра Галіча пра маўчальнікаў. А ёсьць яшчэ цудоўны афарызм незабыўнага ў сваёй непасрэднасьці Віктара Чарнамырдзіна: «На любой мове я ўмею гаварыць з усімі, але гэтым інструмэнтам я стараюся не карыстацца».

З гэтай камэдыйнай гісторыі можна было б пасьмяяцца, паіранізаваць. Але яна лепш, чым што іншае, адлюстроўвае псыхалёгію беларускага чынавенства. Тут якраз той выпадак, калі ўсё гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна.

Першае пытаньне, якое ўзьнікае: чаму яны не баяцца выглядаць сьмешнымі ў вачах тысяч карыстальнікаў інтэрнэту? Бо, як вядома, насьмешкі баіцца нават той, хто ўжо нічога не баіцца. Відаць, для чыноўніка ёсьць нешта страшнейшае за публічную ганьбу. Што? Незадавальненьне вышэйшага начальства.

Доўгае жыцьцё ў сыстэме, якая дзейнічае паводле прынцыпу «ты — начальнік, я — дурань», спарадзіла цэлае пакаленьне чыноўнікаў, якіх мы кожны дзень бачым па ТБ на розных нарадах у кіраўніка дзяржавы.

У гэтай сыстэме чыноўнікі ня маюць ніякай адказнасьці перад народам. Грамадзтва іх не выбірае, не кантралюе, ня можа іх вызваліць ад пасады. Таму ў іх няма ні юрыдычнага, ні маральнага абавязку даваць насельніцтву справаздачу за свае дзеяньні. І яны могуць дазволіць сабе не адказваць на пытаньні прадстаўнікоў мэдыяў. Роля сродкаў масавай інфармацыі як чыньніка ўплыву на палітычныя рашэньні ў Беларусі мінімальная.
У гэтай сыстэме чыноўнікі ня маюць ніякай адказнасьці перад народам. Грамадзтва іх не выбірае, не кантралюе, ня можа іх вызваліць ад пасады

Затое ад волі вышэйшага начальніка чыноўнік залежыць цалкам. І кар’ера, і дабрабыт, і дараваньне грахоў, якіх у кожнага намэнклятурнага работніка шмат. І на гэтым тле ўсе эмацыйныя і маральныя пачуцьці адыходзяць на другі плян.

Калі вяртацца да згаданага кур’ёзу з старшынёй камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Віктарам Сірэнкам, то тут варта адзначыць два моманты. Найперш, «Наша ніва» — незалежная газэта. А паводле афіцыйнага ідэалягічнага канструкту, незалежныя мэдыі — ворагі цяперашняга рэжыму. Хто ня верыць, паслухайце, што кажа пра іх Аляксандар Лукашэнка. Таму для чыноўніка любы кантакт з ворагам — гэта, як на вайне, раўназначна здрадзе. Дзеля гэтага існуюць адмысловыя структуры, кшталту парлямэнцёраў. Яны называюцца прэс-службамі і існуюць у кожным ведамстве. Па-за імі ўступаць у камунікацыю зь незалежнымі мэдыямі чыноўнікам забаронена.

Яшчэ больш напужала Віктара Сірэнку сама тэма пытаньняў. Журналіст спрабаваў даведацца пра рэакцыю ўладаў на ліст мэдыкаў аб падвышэньні заробкаў. У мэдыях сам збор подпісаў пад гэтым дакумэнтам ужо назвалі акцыяй пратэсту. Хоць, на мой погляд, гэта ніякі не пратэст, а звычайная чалабітная да начальства з просьбай паспагадаць гаротнаму стану працаўнікоў службы хуткай дапамогі. Але ў беларускіх умовах любое публічнае незадавальненьне, калектыўная дзея — гэта замах на жалезабэтонную стабільнасьць. І камэнтар на згаданую тэму — рэч палітычная. А палітыка для чыноўніка — гэта вялікая крамола.

А яшчэ высьвятляецца, што Віктар Сірэнка — чыноўнік мечаны. На яго распаўсюджваюцца візавыя санкцыі ЭЗ. Бо ён, займаючы пасаду галоўнага лекара менскай бальніцы хуткай дапамогі, мэдычна абгрунтаваў выкраданьне і гвалтоўны вываз з гэтай установы зьбітага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева 19 сьнежня 2010 году. За пару гадзін ён памяняў дыягназ: першапачаткова ў дакумэнтах значылася «закрытая чэрапна-мазгавая траўма», а потым яна кудысьці зьнікла. За што і атрымаў падвышэньне: яго прызначылі ў Менгарвыканкам старшынём камітэту па ахове здароўя.

Як тут зноў не ўзгадаць Аляксандра Галіча:

«Пусть другие кричат от отчаянья,
От обиды, от боли, от голода!
Мы-то знаем — доходней молчание,
Потому что молчание — золото!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG