Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура пакарала «Магілёўаўтатранс» за адказ не па-беларуску


Магілёўская пракуратура пакарала кіраўнікоў акцыянэрнага таварыства «Магілёўаўтатранс» за парушэньне закону «Аб зваротах грамадзян». Нагодай сталася скарга Ігара Барысава.

Нагодай для пракурорскага рэагаваньня сталася скарга сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава. Актывіст зьвярнуўся ў пракуратуру пасьля таго, як на ягоны зварот, напісаны па-беларуску, з аўтапарку адказалі па-расейску. Барысаў прасіў кіраўніцтва «Магілёўаўтатранса», каб кіроўцы аб’яднаньня прыбралі з кабінаў расейскую атрыбутыку.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў
Як пазначана ў лісьце з пракуратуры, да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнуты інжынэр па бясьпецы руху Аржаньнікаў. Яму вынесена вымова. Генэральнаму дырэктару аўтапарку Васілеўскаму вынесена афіцыйнае папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня закону. Намесьнік генэральнага дырэктара Скварцоў таксама значыцца сярод пакараных. У дачыненьні да яго вынесена пастанова «аб узбуджэньні дысцыплінарнай вытворчасьці».

Адказ з пракуратуры Ігару Барысаву прыйшоў на беларускай мове. Актывіст задаволены рэагаваньнем пракуратуры на ягоную скаргу. Ён заяўляе, што закон «Аб зваротах грамадзян» працуе.

«У гэтым нічога дзіўнага няма. Гэтак павінна быць у цывілізаванай краіне. Мяне, аднак, цікавіць, якія зробяць захады ў аб’яднаньні „Магілёўаўтатранс“, каб у будучым не паўтараць парушэньня законаў», — камэнтуе рэакцыю пракуратуры Ігар Барысаў.

Раней Ігару Барысаву кіраўніцтва магілёўскага аўтапарку падзякавала за пільнасьць і паведаміла, што наяўнасьць лішніх прадметаў у кабінах кіроўцаў аўтобусаў парушае правілы дарожнага руху. Гэты адказ і быў напісаны па-расейску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG