Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе бяруцца за вяндліну. Што чакае Беларусь?


Эўразьвяз зьбіраецца абмежаваць продаж вэнджаных мясных вырабаў. Абмежаваньні пачнуць дзейнічаць праз 9 месяцаў. Прычынай стала тое, што вэнджаныя каўбасы, мяса, сала, рыба ўтрымліваюць канцэрагены — рэчывы, якія выклікаюць рак і асаджваюцца на прадуктах з драўнянага дыму.

Як адаб’ецца гэта на Беларусі? Што думаюць адмыслоўцы? Ці гатовыя спажыўцы адмовіцца ад смачных, але шкодных прадуктаў?

Вэнджаньне мяса, каўбасаў, сала — частка агульнаэўрапейскай культурнай спадчыны, старадаўняя традыцыя. Водар вэнджанага кумпяка ці каўбасаў на ядлоўцы, асінавым пілавіньні — для многіх беларусаў гэта настальгічны ўспамін пра дзяцінства ў бабулі ў вёсцы...

Мы правялі невялікае апытаньне ў гіпэрмаркеце «Карона»: ці зможа беларус пражыць безь вяндліны, каўбасы і вэнджанага сала?

Хлопец: «Я думаю, што не. Гэта так смачна!»

Спадар: «Ды не! Як жа — бязь мяса вэнджанага?»

Карэспандэнтка: «А ведаеце, што гэта шкодна, там ёсьць канцэрагены?»

Спадар: «Ды ўсё шкодна! Але елі і будзем есьці. Прызвычаіліся з маленства».

Юнак: «Не, канечне, вэнджанае мяса, асабліва вэнджаная рыба — гэта вельмі смачна».

Карэспандэнтка: «Адмовіцца ад таго, што смачна, вам цяжка?»

Юнак: «Ня ведаю наагул, ці магчыма гэта».

Спадар: «Магчыма, хтосьці і зможа, але бальшыня — не. Усё залежыць ад сілы волі, ад моцы характару».
Ды ўсё шкодна! Але елі і будзем есьці

Эўракамісія цяпер абмяркоўвае, ці магчыма зьмякчыць патрабаваньні, каб вяндліна ня зьнікла як прадукт. Адмыслоўцы будуць шукаць новыя спосабы, як вэндзіць мяса ды рыбу, магчыма, вынаходзіць мэтады апрацоўкі прадукту пасьля вэнджаньня.

Экспэрт у мяса-малочнай прадукцыі, вядучы спэцыяліст беларуска-аўстрыйскага прадпрыемства спадарыня Тацяна кажа, што толькі сыравяленая прадукцыя ня ўтрымлівае канцэрагенаў, а вось сыравэнджаная — шкодная:

«Сапраўды, канцэрагены ўтрымліваюцца ў сыравэнджаных прадуктах, асабліва ў верхніх слаях, таму што гэтыя канцэрагены ёсьць у дыме, і іх шмат. І на што яны дрэнна ўзьдзейнічаюць — дык гэта печань, у першую чаргу. Але гэта калі есьці іх тонамі. Але скажыце, хто ў нас на сьняданак, абед і вячэру есьць сыравэнджаную каўбасу? Наўрад ці шмат хто. І ў гэтым пляне сасіска для здароўя будзе значна больш шкодная, чым кавалак сыравэнджанай каўбасы на сьняданак».

Але канцэрагены будуць утрымлівацца і ў паўвэнджанай каўбасе, і ў варана-вэнджаным сэрвэлаце, бо яны вэндзяцца паводле пэўнай тэхналёгіі, сьцьвярджае спадарыня Тацяна:

«Канцэнтрацыя там, вядома ж, меншая, чым у сыравэнджанай каўбасе. Таму што паўвэнджаныя і варана-вэнджаныя апрацоўваюцца дымам, бывае, і цягам паўгадзіны, але паводле тэхналёгіі да 3–5 гадзін. А сыравэнджаная, калі робіцца паводле тэхналёгіі, вэндзіцца некалькі сутак пры тэмпэратуры 22 градусы. Там вельмі вялікая канцэнтрацыя дыму».

А вось сыравэнджанае мяса апрацоўваецца «вадкім дымам», які — цалкам хімічны, не натуральны прадукт. Таму для печані вэнджаная паляндвіца нават больш небясьпечная, чым каўбасы:
Там „вадкі дым“. Паляндвіцу гэтую ніхто ня вэндзіць

«Там „вадкі дым“. Паляндвіцу гэтую ніхто ня вэндзіць (за рэдкім выключэньнем). Яе залілі „вадкім дымам“. І для таго, каб мець права ў маркіроўцы напісаць, што яна вэнджаная, яе могуць пару гадзін павэндзіць. Але правэндзіць такі вялікі кавалак за пару гадзін па-сапраўднаму немагчыма».

З 1 верасьня ў краінах Эўразьвязу пачне дзейнічаць забарона на продаж вяндліны. Ці паўплывае гэта на беларускіх вытворцаў, ці ня страціць краіна рынкі збыту на Захадзе? Адказная чыноўніца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, якая пагадзілася адказаць на пытаньні Радыё Свабода, але прасіла не называць яе імя, кажа:

«Мы нават ня можам увайсьці ў той рынак. Закрытыя ўсе рынкі для нас. Вяндліна ідзе ў асноўным на ўнутраны рынак, і крыху — экспарт у Расейскую Фэдэрацыю ў межах Мытнага зьвязу. Гэта ж ня так проста — захацеў, і пастаўляеш у Эўразьвяз прадукцыю. Вельмі складаная працэдура. Павінна прыехаць адмысловая камісія з Эўразьвязу, якая атэстуе прадпрыемства. Гэта Эўразьвяз да нас хоча завозіць, а не каб мы туды везьлі...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG