Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы беларускі арыштант у Афрыцы


Шлях карабля «Алег Найдзёнаў»
Шлях карабля «Алег Найдзёнаў»

Міністэрства замежных спраў Беларусі пацьвердзіла, што ў складзе экіпажу расейскага рыбалавецкага судна «Алег Найдзёнаў», затрыманага вайскоўцамі Сэнэгалу ў Атлянтычным акіяне, сапраўды ёсьць грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Такія зьвесткі атрыманыя ад расейскіх дыпляматаў. У МЗС не называюць прозьвішча беларуса, аднак у расейскай кампаніі «Росрыболовство», якой падпарадкаваны карабель, сьцьвярджаюць, што гэта 43-гадовы матрос Аляксандар Януковіч.

Удакладняецца, што траўлер, якія адносіцца да найбольшых у сваёй катэгорыі, быў арыштаваны яшчэ 3 студзеня, за паўсотні марскіх міляў ад узьбярэжжа Гвінеі-Бісаў. Каманда судна складаецца прыблізна з 60 грамадзянаў Расеі, 20 грамадзянаў Гвінеі-Бісаў і, як выглядае, аднаго беларуса. Усе яны засталіся без пашпартоў і чакаюць свайго лёсу на вайсковай базе, куды доступ цывільным асобам забаронены.

Улады Сэнэгалу лічаць, што расейскі карабель вёў нелегальны рыбны промысел у сэнэгальскіх водах без адпаведнага дазволу. Цяпер увесь груз могуць сканфіскаваць, а за парушэньне заканадаўства кампаніі-ўладальніцы, хутчэй за ўсё, пагражае штраф. Праўда, калі адпачатку фігуравала лічба ў 3 мільёны даляраў, то цяпер яе зьнізілі да 1 мільёна.
«Алег Найдзёнаў»
«Алег Найдзёнаў»

Беларусы не ўпершыню трапляюць у скандальныя сытуацыі, спакушаючыся высокімі заробкамі ня ў самых бясьпечных рэгіёнах сьвету. Дагэтуль у лібійскай турме застаюцца некалькі грамадзянаў Беларусі, якіх пасьля зьвяржэньня палкоўніка Муамара Кадафі новыя ўлады абвінавацілі ў супрацоўніцтве з крывавым рэжымам і асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Спробы беларускай дыпляматыі выцягнуць землякоў з палону ня маюць ніякага плёну.

У розныя гады здабыткам галоснасьці станавіліся факты выкраданьня беларусаў на нафтавых промыслах у Нігерыі, авіякатастрофаў у Конга, Танзаніі ды іншых краінах.

Лекар з Баранавічаў Аляксандар Лазарчык некалькі гадоў адпрацаваў па кантракце ў Лібіі і перакананы: у Афрыку можна выяжджаць толькі тады, калі ты на 100% упэўнены ў чыстых намерах працадаўцы і рэкрутэра. Іначай гарантуецца доўгае і часта бясплённае змаганьне за свае правы:

Алегяксандар Лазарчык
Алегяксандар Лазарчык
— Усё трэба зусім ня так рабіць. Трэба дзейнічаць, як кажуць, падспудна. Гэта вельмі тонкая дыпляматыя. Я неяк выказваў прапанову, каб нашы перамоўнікі для пачатку навялі сувязі з паважанымі людзьмі ў Лібіі і ўжо празь іх вырашалі пытаньні. І то гэта цягнулася б досыць доўгі час, таму што арабы, увогуле жыхары афрыканскага кантынэнту, ня могуць сказаць «не». Яны будуць казаць, што, магчыма, «заўтра» будзем вырашаць вашу праблему, ці «потым». Мы адразу не разумелі, бо ў нас жа як? Калі ты кажаш «так», то заўтра ты выканаеш тое, што сказаў. Або ня будзеш сябе паважаць. А там зусім ня так. Але для іх гэта абсалютна звычайна. Да гэтага трэба прыстасавацца і гэта прыняць. І тады адносіны будуць іншыя. Там усё ня так проста, а значыць, нельга так проста падыходзіць, секчы з пляча. Увогуле яны вельмі напружана ставяцца ня толькі да замежных дыпляматаў, але і да спэцыялістаў. За нашым кожным крокам таксама сачылі — не паказвалі выгляду, але мы гэта вельмі хутка зразумелі.

Адметна, што паўплываць на лёс суайчыньнікаў дыпляматы ня могуць нават пры наяўнасьці беларускай амбасады ў Трыпалі. Што да Сэнэгалу, то ў гэтай краіне дыппрадстаўніцтва Беларусі няма ўвогуле, таму пэрспэктывы затрыманага Аляксандра Януковіча цалкам залежаць ад эфэктыўнасьці высілкаў расейскіх кансулятаў у Сэнэгале і Гвінеі-Бісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG