Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 12 студзеня: калядная вечарына ў БНФ, Менск атрымаў герб


Старажытны герб Менска на пячатцы магістрату
Старажытны герб Менска на пячатцы магістрату

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, у гісторыі.


У менскім офісе Партыі БНФ адбудзецца сьвяточная калядная вечарына з музычнай праграмай, у тым ліку беларускімі каляднымі песьнямі. Пачатак а 14-й гадзіне.

У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адбудзецца канцэрт ансамбля «Тымпан» з песьнямі на вершы расейскіх і беларускіх паэтаў. Пачатак а 15-й гадзіне, уваход паводле квіткоў у музэй.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1591 — Менск атрымаў гарадзкі герб: у блакітным полі — ушэсьце Дзевы Марыі.

1895 — у Менску была адкрытая першая электрастанцыя. Яна знаходзілася на правым беразе Сьвіслачы, побач зь цяперашнім будынкам Дзяржаўнага цырку. Станцыя сілкавала электрычнасьцю амаль чатырыста лямпачак, палова зь якіх была ў вулічных ліхтарох.

1989 — прайшоў Усесаюзны перапіс жыхарства. Згодна зь яго вынікамі, у Беларусі на той час жыло 10 мільёнаў 200 тысяч 200 чалавек.



2010 — на Гаіці здарыўся катастрафічны землятрус. Больш як 100 тысяч людзей загінулі.

2011 — на аснове пастановы Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні быў спынены эфір незалежнай менскай радыёстанцыі «Аўтарадыё».


У гэты дзень нарадзіліся:

1901 — Антаніна Абрэмбская-Яблонская, польская мовазнаўца, першая і шматгадовая кіраўніца катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Супольна зь Мікалаем Бірылам уклала «Падручны польска-беларускі слоўнік» (1962).

1906 — Язэп Малецкі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, рэдактар і выдавец, доктар мэдыцыны, аўтар кнігі ўспамінаў «Пад знакам Пагоні» (1976).

1917 — Міхась Калачынскі, беларускі паэт, у 1960 — 1978 гг. галоўны рэдактар часопісу «Беларусь».

1919 — Васіль Хомчанка, беларускі празаік. У 1937-м быў рэпрэсаваны, адбываў пакараньне на Далёкім Усходзе. У ліку найбольш вядомых твораў — аповесьць «Пры апазнаньні — затрымаць» (1983) пра жыцьцёвы і творчы шлях Францішка Багушэвіча. У кнізе аповесьцяў і апавяданьняў «Цар — зэк Сямён Івашкін» (1992) адлюстраваў падзеі пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў.

1929 — Дзьмітры Бугаёў, беларускі крытык і літаратуразнаўца. Прафэсар, выкладаў у БДУ. Напісаў кнігі пра Максіма Гарэцкага, Максіма Танка, Васіля Быкава ды многіх іншых літаратараў.



1941 — Уладзімер Мулявін, музыка, кампазытар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамблю «Песьняры», народны артыст Беларусі і СССР.



1959 — Вераніка Чаркасава — беларуская журналістка. Працавала на Беларускім тэлебачаньні, у выданьнях «Голас Радзімы», «Имя», «БДГ», «Наша Свабода», «Белорусская газета», «Салідарнасць». У кастрычніку 2004 году была па-зьверску забітая ва ўласнай кватэры ў Менску.


У гэты дзень памерлі:

2000 — Яўген Глебаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі і СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.



2002 — Яўген Кулік, мастак, грамадзкі дзяяч, сябра суполкі «Пагоня» і адзін з ініцыятараў яе стварэньня. У 1991 годзе браў удзел у стварэньні графічнага эталёну гербу «Пагоня» як дзяржаўнага сымбалю Рэспублікі Беларусь.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Ку тому, показуючи им в том ласку нашу гдрскую, ку оздобе и учтивому захованью того места нашего Меньского надаем им на герб до печати местское на ратуш фикгуру внебовзятья панны Марыи, и в сем листе нашом вымолевати есьмо тую фикгуру велели... которое вжо они за герб в печати местской вечне ужывати... мают».

Зь вялікакняскага прывілею аб наданьні герба Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG