Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Камароўцы весела — расейцы прыехалі»


На Камароўскім рынку ў Менску з пачаткам новага году традыцыйна падвысіліся цэны на прадукты харчаваньня. Сярод наведнікаў у гэтыя дні — багата прыезджых з Расейскай Фэдэрацыі.

На Камароўскім рынку ў Менску адносна людна. Бальшыня наведнікаў у разгар працоўнага дня — людзі пэнсійнага веку. Цікаўлюся іхнімі ўражаньнямі ад новых цэнаў:

Карэспандэнтка: «Ці вы ўпершыню на Камароўцы ў гэтым годзе?»

Спадарыня: «Так, я перад новым годам закупы рабіла і не прыходзіла яшчэ сюды. Вядома, кошты падвышаюцца, але ж гэта рынак. Ён у кожным разе падвышае кошты. Да прыкладу, на мяса, калі ўжо перад самым Новым годам і назаўтра мусілі не працаваць, то кошты зьніжалі крыху, а так — у асноўным падвышалі».

Карэспандэнтка: «Ці хапае вам вашых даходаў на пражыцьцё?»

Спадарыня: «Ну, хапае, але ўсё роўна даводзіцца працаваць».

Наўпроставы лінк


Спадарыня: «Не, катэгарычна не — на пэнсію не разгуляесься. Прычым гэта і кошты на харчаваньне, і на жыльлё, і на паслугі, і на ўсё, усё, усё. Калі б я жыла адна і не дапамагалі дзеці, якія маюць працу, дзякуй Богу, і мужык таксама працуе, то яшчэ можна. А каб толькі на маю пэнсію — ката не пракорміш. А адзнака якая ўсяму гэтаму? Зайшлі ў тупік, а як выйсьці зь яго — ня ведаем і ведаць не жадаем (гэта я пра вышэйшых чыноўнікаў). І ўвогуле, чыноўнікі зажэрліся».

Карэспандэнтка: «Ці хапае вам вашай пэнсіі на пражыцьцё?»

Спадарыня: «Ну што за дзіўнае пытаньне? Вы ж ведаеце, якая пэнсія — як яе можа хапаць?»

Карэспандэнтка: «Як вы думаеце, чаму так ёсьць?»

Спадарыня: «Ну, што там думаць? Што там думаць: няма ў дзяржаве грошай — і няма пэнсіі».

Карэспандэнтка: «А што трэба зрабіць, каб зьмяніць такое становішча?»

Спадарыня: «Трэба людзям кватэры будаваць, а не палацы. Жыцьцё спачатку годнае зрабіць, а пасьля палацы будаваць».

Моладзь, гэтаксама як і пэнсіянэры, не задаволеная ні коштамі, ні сацыяльнай палітыкай уладаў:

Карэспандэнтка: «Што можаце сказаць пра кошты, ці заўважылі зьмены?»

Юнак: «Я да новага году ня быў, то не магу параўнаць, але кошты растуць увесь час».

Карэспандэнтка: «Ці хапае вам вашага бюджэту?»

Юнак: «Не, не хапае. Толькі з афіцыйнага заробку — не хапае».

Карэспандэнтка: «Як удаецца харчавацца, жыць?»

Юнак: «Выкручваемся неяк — жывем зь сям’ёй у аднапакаёўцы».

Карэспандэнтка: «Са статусам «маладая сям’я?»

Юнак: «Так, і для нас самае галоўнае — гэта жыльлё. Я ня ведаю, што з гэтым статусам... Я ня ведаю ўвогуле, што і каму ён дае і навошта ён патрэбны — ня бачу ніякага сэнсу. Працуем, і, папраўдзе сказаць — няма нават уяўленьня, калі зможам зарабіць на кватэру. Пабудаваць кватэру ў Менску паводле цяперашніх коштаў можа — ну, я ня ведаю — пэўна, толькі злодзей».

Юначка: «На Камароўцы высокія кошты. Як былі, так і ёсьць высокія. І для вас жа таксама не сакрэт, што чым бліжэй сьвята, чым іх больш — тым вышэйшыя кошты».

Юнак: «Падвышаюцца цэны пакрысе ўвесь час».

Карэспандэнтка: «Вам як удаецца пражыць на ваш даход?»

Юнак: «Складана, вядома, бо ёсьць сям’я, сын. А я на дзяржаўнай працы не працую, я музыка, мушу езьдзіць па гастролях, каб зарабіць. Складана».

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра такую сацыяльную і эканамічную сытуацыю ў краіне?»

Юнак: «Ну што — даўно пара мяняць яе разам з уладай».

Гандляры Камароўскага рынку таксама адзначаюць рост коштаў і кажуць, што добры гандаль у сьвяточныя ім дапамагаюць трымаць расейскія турысты. Адна з прадавачак, спадарыня Ганна, кажа гэтак:

Ганна: «Зь першага студзеня заўсёды мяняюцца кошты — заўсёды робяцца вышэйшыя».

Карэспандэнтка: «Ці ўплывае гэта на пакупнікоў, ці ня менш становіцца людзей?»

Ганна: «Нашых людзей вельмі мала. Расейцы ёсьць — вельмі шмат гасьцей прыяжджае на Камароўку. Нашых беларусаў вельмі мала. Кошты зашкальваюць, і ў людзей грошай не хапае».

Карэспандэнтка: «Як купляюць расейцы — прыцэньваюцца ці не?»

Ганна: «Не, яны не прыцэньваюцца — кажуць, што прыяжджаюць сюды, бо для іх гэта капейкі. А нашы людзі спрабуюць на смак, выбіраюць што таньнейшае».

Карэспандэнтка: «Калі расейцаў больш — заўсёды ці ў сьвяты?»

Ганна: «У сьвяты больш, і цяпер таксама. Добра цяпер, весела».

Карэспандэнтка: «А як госьці зьедуць?»

Ганна: «Будзе сумна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG