Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт Камоцкай скасавалі, але нікому не паведамілі


Кася Камоцкая
Кася Камоцкая

Канцэрту Касі Камоцкай, які нібыта меўся адбыцца 10 студзеня ў КЗ «Менск», ня будзе.

Арганізатар канцэрту Павал Кашырын кажа, што проста «забыліся паведаміць пра адмену», а адміністрацыя КЗ «Менск» сьцьвярджае, што на гэты дзень у іх заплянаваны спэктакль.

У прыёмнай КЗ «Менск» на пытаньне, ці адбудзецца канцэрт Камоцкай, жаночы голас адказвае: «Па-мойму, усё застаецца ў сіле. Але пазваніце ў аддзел культуры».

«Мы ніякага ліста пра адмену канцэрту Камоцкай ад арганізатараў не атрымлівалі, — кажа намесьнік загадчыка аддзелу культуры Канстанцін Мардар. — Нічога ня ведаем. У нас на гэты дзень „Старасьвецкая камэдыя“ тэатру Янкі Купалы».

Сайт kvitki.by на 14.00 прадаваў квіткі і на канцэрт Касі Камоцкай, і на спэктакль «Старасьвецкая камэдыя». Абедзьве падзеі меліся адбыцца 10 сьнежня ў малой залі КЗ «Менск».

На 14.20 было прададзена каля 50 квіткоў на канцэрт Камоцкай і 1 (!) квіток на спэктакль «Старасьвецкая камэдыя».

Павал Кашырын, арганізатар канцэрту Касі Камоцкай, нэрвова кажа:

«Я ня буду нічога тлумачыць. Я ўжо ўсім усё расказаў. Гэта састарэлая інфармацыя. Гэты канцэрт павінен быў быць яшчэ на пачатку сьнежня. Але праз два дні мы вырашылі, што яго ўсё ж ня будзе 10 студзеня. Мы проста забыліся адклікаць гэтую навіну».

Чаму квіткі дагэтуль прадаюцца праз kvitki.by, Кашырын тлумачыць так:

«На kvitki.by продаж замарожаны. Я толькі што зь імі размаўляў. Я не магу сачыць, што і як там у іх адбываецца».

На пытаньне, ці будзе ўсё ж канцэрт Касі Камоцкай, Кашырын кажа, што ня ведае.

«У нас тут і канцэпцыя зьмянілася, і трэба з памяшканьнем вырашыць. Я проста ня ведаю», — кажа Кашырын.

Кася Камоцкая цяпер ў Літве. Зьвязацца зь ёю пакуль не ўдалося.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG