Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым незадаволеныя лекары хуткай дапамогі, якія пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, Свабодзе распавёў лекар вышэйшай катэгорыі Аляксандар Валчанін, які працуе на хуткай дапамозе ў Жодзіне. Ягоны працоўны стаж — 30 гадоў.

— Спадар Аляксандар, чаму, нягледзячы на тое, што праблемы ў хуткай дапамозе існуюць даўно, менавіта цяпер адбыўся яўны ўсплёск са зьбіраньнем віртуальных і рэальных подпісаў?

— Калісьці даўно праца на хуткай дапамозе добра аплочвалася, калі параўноўваць зь іншымі мэдыкамі. Пасьля сытуацыя памянялася. Але ж трэба ўлічваць, што праца на машыне хуткай дапамогі — гэта ня праца ў кабінэце. Гэта вельмі небясьпечная праца. Гэта праца на вуліцы, у падвалах, у вёсках. Гэта праца з асацыяльнымі тыпамі. Калі яшчэ не прыехала міліцыя, мы ўжо ў хаце, і на нас ідуць зь сякерамі і з нажамі. Асабліва гэта тычыцца часу навагодніх сьвяткаваньняў. Вы ня можаце сабе ўявіць, як часта лекарам хуткай дапамогі даводзіцца ісьці ўрукапашную з нашымі асацыяльнымі тыпамі. У гэтым сэнсе праца міліцыянтаў мала чым адрозьніваецца ад нашай працы. Напэўна, незадаволенасьць проста дасягнула таго пункту, калі пачаліся канкрэтныя дзеяньні, як з гэтым зборам подпісаў.

— Апроч заробкаў, што яшчэ не задавальняе супрацоўнікаў хуткай дапамогі?

— Заробак — важная і ключавая праблема. Але далёка не адзіная. Ёсьць пытаньні пра страхаваньне. Напрыклад, едзе хуткая і трапляе ў аварыю. Супрацоўнікі хуткай дапамогі атрымліваюць групу інваліднасьці, ня могуць больш працаваць. А як ім жыць далей? Хто будзе аплочваць страхоўку? Абавязкова трэба, каб мэдыкі хуткай дапамогі былі застрахаваныя. Па-другое, калі б хуткая дапамога атрымала той жа ранг, што і службы «101» і «102», наш заробак стаў бы аўтаматычна вышэйшы за кошт небясьпечнасьці працы і яе складанасьці. Тут трэба павялічваць заробак не праз павышэньне акладаў, а праз вывад службы хуткай дапамогі ў іншы ранг.

— Ці ідуць працаваць у хуткую дапамогу маладыя мэдыкі?

— Так, маладыя прыходзяць. Але пасьля першага ж заробку, які складае каля 3 мільёнаў рублёў, яны ня могуць зразумець, як за такія грошы ўтрымліваць сям’ю. Таму шмат хто сыходзіць. Шмат працуе пэнсіянэраў. Ну, і вельмі вялікі недабор кадраў, каля 40 працэнтаў. Напрыклад, у рэанімацыйнай брыгадзе едзе два чалавекі замест чатырох, як гэта патрабуецца паводле стандартаў.

— Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што хуткую дапамогу трэба вывесьці ў адзін ранг зь міліцыяй і службай надзвычайных здарэньняў?

— Вось гэтае пытаньне я лічу ключавым, і яго мусіць вырашаць урад. Трэба выводзіць хуткую дапамогу ў ранг апэратыўнай службы, як гэта зроблена са службамі «101» і «102». Такое робіцца ва ўсім сьвеце. Хуткая дапамога лічыцца апэратыўнай службай. І вядома, што супрацоўнікі апэратыўнай службы ня могуць атрымліваць заробак у 3,5 мільёна — гэта вельмі мала.
Трэба выводзіць хуткую дапамогу ў ранг апэратыўнай службы, як гэта зроблена са службамі «101» і «102».

Супрацоўнікі хуткай дапамогі Менску падчас збору подпісаў паднялі пытаньні, якія ўжо даўно сасьпявалі. Трэба, каб і выхад на пэнсію быў раней: для мужчын — пасьля 25 гадоў службы, для жанчын — пасьля 20 гадоў. Вы ж паглядзіце, недахоп супрацоўнікаў хуткай дапамогі — 40 працэнтаў. Трэба супрацоўнікам хуткай дапамогі, асабліва тым, хто мае вялікі стаж, сабрацца ў міністра аховы здароўя і правесьці дыялёг, каб высьветліць, што дзяржава можа зрабіць.

А тут можна зрабіць толькі адно — вывесьці хуткую дапамогу ў ранг апэратыўнай службы. Такі ранг мае, напрыклад, служба судмэдэкспэртызы, якая працуе разам зь міліцыяй. Калі такое будзе зроблена, то адбудзецца прыток кваліфікаваных супрацоўнікаў, і іх можна было б браць на працу на конкурснай аснове.

Час для такой рэформы настаў. Калі гэта ня будзе зроблена сёньня, тады пытаньні яшчэ больш абвострацца заўтра. Цяпер самае галоўнае, каб пытаньне з хуткай дапамогай ня вырашылася толькі праз чыноўнікаў ад мэдыцыны. Тут абавязкова трэба выслухаць практыкуючых фэльчараў, а ім, я вас упэўніваю, ёсьць што прапанаваць.

— Як вы лічыце, чаму ініцыятары электроннай пэтыцыі былі вымушаныя спыніць зьбіраньне подпісаў? Ці адбылося гэта пад уплывам нейкага ціску?

— Я лічу, што на мэдыкаў, якія зьбіралі подпісы, ня трэба чыніць нейкі ціск. Таму што гэта праблема старая і добра вядомая ўсім, хто мае дачыненьне да сыстэмы аховы здароўя. І гэтую праблему ціскам на супрацоўнікаў нельга вырашыць. Тут патрэбныя дыялёг і канкрэтныя рашэньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG