Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец пра «Сталінград»


Найвялікшыя гурманы сьвята Новага году часам сустракаюць яго на праскай Кампе. Адсюль адкрываецца нерэальны від на Карлаў мост, на раку Влтаву і на вялізнае неба, расквечанае салютамі і фэервэркамі, якое адлюстроўваецца ў рацэ. І ўсё гэта пад гукі тысяч стрэлаў, выбухаў, сьвісту, шыпеньня і людзкіх крыкаў.

Сёлета давялося гэта ўсё назіраць і мне. І апроч усьведамленьня таго, што карціна ўваходзіць у памяць на ўсё жыцьцё, я міжволі параўнаў яе зь нядаўна гледжаным расейскім фільмам «Сталінград». Там расейскія вайскоўцы перапраўляюцца цераз раку Волгу і ўсё таксама вельмі прыгожае, нават нейкае цацачнае, літаральна як у маляваных кампутарных гульнях з танкамі ды гарматамі ў маляўнічых ляндшафтах. Ізноў – неба, вада, кананада і крыкі.

Фільм Фёдара Бандарчука я паглядзеў таму, што ён, нібыта, самы касавы за ўсю гісторыю расейскага кіно, а да таго ж вылучаны на амэрыканскага Оскара. Як і фільм бацькі Фёдара – Сяргея «Вайна і мір» (1967).

Напэўна, я б і паверыў рэжысэру «Сталінграда», калі б усё, што ён паказвае, хоць нейкім чынам мела дачыненьне да таго, што ў маёй уласнай памяці застаецца з бачанага і чутага пра тую вайну. Але яно настолькі ня мае дачыненьня, што глядзець яго нават забаўна. Да прыкладу, там усе ўвесь час крычаць: А-а-а! Калі гараць і, падпаленыя, проста лятуць на немцаў, стракочучы пры тым з аўтамата і з гэтым крыкам «А-а-а!» на ўвесь рот. Я так крычу ў душы, калі раптам пойдзе сьцюдзёная вада: «А-а-а!». Ну і ўсё астатняе ў тым жа духу. Нехта гіне ад кулі-дуры, а некага побач тая куля ніяк не бярэ. Усё паводле разнарадкі сцэнарыста і рэжысэра.

Словам, можа я і не дарэмна глядзеў «Сталінград», але калі б не паглядзеў, нічога б ня страціў.

Калісьці Васіль Быкаў закінуў у мяне думку (я браў у яго інтэрвію), зь якой я дагэтуль жыву, не разабраўшыся. Ён сказаў: дай Бог не дажыць да таго часу, калі пра вайну пачнуць пісаць тыя, хто там ня быў.

Ясна, што ён канкрэтна сябе меў на ўвазе. Але чаму тады мне гэта падумалася на фільме Бандарчука? Я ж сам так ня думаў. Я думаў па-іншаму: Талстой пісаў «Вайну і мір», на той вайне ня быўшы. І бацька Бандарчука здымаў сваю «Вайну і мір» праз паўтараста гадоў пасьля падзеяў...

Дарэчы, тое бацькава кіно атрымалася зусім наватарскае, многія фрагмэнты зьнятыя проста ў кліпавай стылістыцы і ўпершыню ў сьвеце. Нездарма ж фільм Сяргея Оскара атрымаў, а фільм сына хоць і вылучаўся, але яго не ўзялі.

Словам, варта не паглядзець.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG