Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага махляра ў Гомелі пасадзілі на паўтара году. «Справядлівы суд!» — крычаў ён


Навабеліцкі раённы суд
Навабеліцкі раённы суд

Гамельчукі набралі ў крэдыт для расейскага грамадзяніна 10 ноўтбукаў, 6 пляншэтаў, 19 мабільных тэлефонаў, тэлевізар LG і нават залаты ланцужок.

27 сьнежня суд Навабеліцкага раёну Гомеля пакараў грамадзяніна Расеі Яна Панчанку паўтарагадовым турэмным зьняволеннем за шматразовае махлярства ў буйным памеры. Адседзеўшы ў свой час тэрмін за маёмасныя злачынствы ў Калужскай вобласьці, расеец прыехаў у Гомель, знайшоў сабе грамадзянскую жонку ў Навабеліцы і, выстаўляючы сябе пасьпяховым дзелавым чалавекам, праз падман угаворваў гамельчукоў браць у крэдыт мабільнікі, ноўтбукі, пляншэты — і такім чынам падмануў звыш двух дзесяткаў гараджанаў на 200 зь лішнім мільёнаў рублёў. Радыё Свабода ўжо пісала пра гэтую справу

Гамельчукі набралі ў крэдыт для расейскага грамадзяніна 10 ноўтбукаў, 6 пляншэтаў, 19 мабільных тэлефонаў, тэлевізар LG і нават залаты ланцужок. Сьледзтва зафіксавала каля 40 эпізодаў падману на агульную суму 238 мільёнаў.

Больш за ўсіх пацярпеў ад махлярства расейца 25-гадовы жыхар Навабеліцы Ільля, даверлівы малады чалавек, які з-за п’янства бацькоў і без таго шмат пакутаваў у дзяцінстве. Ільля кажа, што пазнаёміўся з Панчанкам празь знаёмага цыгана, які адбываў «хімію». І наўпрост патрапіў пад псыхалягічны прэс прыежджага расейца — па настойлівай просьбе Панчанкі за кароткі час узяў крэдыты і набыў для яго мабільны тэлефон з сыстэмай Андроід, ноўтбук, плязмавы тэлевізар, пляншэт і нават залаты ланцужок.

Ільля: «Ён такі чэл — такія сувязі мае, са знакамітасьцямі знаёмы. Ён і тое, і сёе. У мяне галава задурманілася. Я думаю: ну, калі такая „шышка“, то чаму ж не пазнаёміцца. Ён усюды за мною па пятах хадзіў. Усё, што я браў на сваё імя па ягонай просьбе, — ён усюды прысутнічаў са мною. Ён кляўся сваімі дзецьмі, сваёй маці, што ўсё аддасьць, што ў яго людзі працуюць у Маскве, Санкт-Пецярбурзе. Як просты чалавек, я думаў лягічна: калі мне патрэбна будзе дапамога, то я да яго зьвярнуся — і справа будзе зроблена».
Падмануты Ільля апавёў, што сплаціць частку крэдытаў яму дапамагалі знаёмыя італьянцы, у якіх ён гасьцяваў яшчэ са школьных гадоў і якія дазналіся пра яго бяду.

Суразмоўца прызнаецца, што асабіста да яго Панчанка ўцёрся ў давер праз рэлігію:

«Я не такі ўжо і набожны, але ў Бога веру. Ён і Біблію абяцаў, пераконваў, што таксама моліцца, чытае сьвятыя кнігі — і ўсё такое. Казаў: „Ты ў мяне такі сябар — самы надзейны. Я ня ведаю, каму больш магу давяраць, апрача цябе“. Але гэта ўсё прыгожыя словы, завязка, каб толькі на мне падзарабіць. Цяпер ён мяне наагул не пазнае, у вочы мне глядзіць, пачвара, і сьмяецца. І так сьмяецца нахабна, што мне вельмі цяжка. Я хачу, каб яго пакаралі».

Падмануты Ільля апавёў, што сплаціць частку крэдытаў яму дапамагалі знаёмыя італьянцы, у якіх ён гасьцяваў яшчэ са школьных гадоў і якія дазналіся пра яго бяду. Бо праца ўпакоўшчыка ў адной з гомельскіх арганізацыяў асаблівых даходаў не прыносіць. Пасьля ўнёскаў за крэдыты на пражытак амаль нічога не застаецца:

«Калі я поўнасьцю сплачваў усе крэдыты, то палічыў, што ў месяц мне даводзілася плаціць 2 мільёны 300 тысяч — і за ланцужок залаты, і за тэлевізар, і за ўсё іншае. А месячны мой даход такі: аванс 600 тысяч, а заробак — 2 мільёны 100 альбо 2 мільёны 200 тысяч. Я, вядома, усё заплачу. Але ў гэтым месцы я ўсё думаю: як я мог не спыніцца хоць бы пасьля двух крэдытаў?»

Некаторых навабеліцкіх выпівак Ян Панчанка завабліваў невялікімі сумамі наяўных грошай. Маўляў, ты мне — крэдыт на ноўтбук, а я табе — 100-200 тысяч. Тут і цяпер. Менавіта так і папаўся на кручок расейца гамяльчук Мікалай:
Гамельчукі набралі ў крэдыт для расейскага грамадзяніна 10 ноўтбукаў, 6 пляншэтаў, 19 мабільных тэлефонаў, тэлевізар LG і нават залаты ланцужок.

«Паддаты я быў і захацеў пахмяліцца. А ён мне сказаў, што дасьць грошай. Даў 200 тысяч, а я ўзяў на сябе крэдыт. Ён абяцаў, што будзе штомесяц плаціць і мне прыносіць чэкі. Праз тры месяцы з банку прыйшлі паперы: аплачвайце крэдыт — ён жа ня плаціць. Пайшоў і напісаў заяву ў міліцыю».

І такіх заяваў у міліцыі набралася звыш двух дзясяткаў. Крымінальную справу пра махлярства расейца расьсьледаваў Навабеліцкі раённы аддзел Сьледчага камітэту.

Адзін са сьледчых апавёў, што Панчанка ў сваім мікрараёне імкнуўся старыць вобраз дзелавога чалавека. Скарыстоўваў дзеля гэтага паездкі на зямельны ўчастак ці то сваёй грамадзянскай жонкі, ці то яе сваякоў. Вазіў туды навабеліцкіх беспрацоўных траву пакасіць, траншэі капаць нібыта пад будучы катэдж.

Сьледчы: «Такім чынам ён пускаў пыл у вочы — стварыў вобраз дзелавога чалавека. Нават калі прыехаць папрацаваць, то там ужо людзі працуюць. І яны таксама магуць пацьвердзіць: ён такі, увесь час на таксоўцы езьдзіць, нібыта вырашае нейкія пытаньні. Людзям Ян казаў прыкладна так: „Вось у мяне сын ноўтбук зламаў — цяпер няма на чым мульцікі глядзець“. І зноў-такі: „Дапамажы. Я аб’ект здаю, заўтра ці пасьлязаўтра будуць грошы. Буду паціху выплачваць крэдыт — не перажывай"».

Крэдыты на пакупку тэлефонаў, ноўтбукаў ахвяры Панчанкі афармлялі праз прадстаўнікоў апэратара сотавай сувязі „Лайф“, Дельта Банку, МТБанку, СомБелБанку.

На апошняе паседжаньне перад выракам грамадзянская жонка Панчанкі прывяла ў Навабеліцкі суд малалетняга хлопчыка. Убачыўшы смуглага, няголенага 39-гадовага Яна ў атачэньні міліцыянтаў і ў кайданках, хлопчык стаў клікаць: «Тата, тата, калі ты прыйдзеш?»
«Справядлівы суд!» — задаволена заключыў расеец Панчанка ўжо ў калідоры, перш чым міліцыянты адвялі яго ў дзяжурны варанок.

У апошнім слове Панчанка папрасіў суд, калі ёсьць магчымасьць, не разлучаць яго надоўга з сынам, бо яму «лягчэй руку адсячы».

Судзьдзя Новікаў, які зь перапынкамі разглядаў справу пра махлярства Яна Панчанкі больш як паўгоду, пакараў яго годам і шасьцю месяцамі калёніі агульнага рэжыму. І дадаў, што з улікам часу, праведзенага ў сьледчым ізалятары да суду, Ян выйдзе на волю ў сакавіку.

«Справядлівы суд!» — задаволена заключыў расеец Панчанка ўжо ў калідоры, перш чым міліцыянты адвялі яго ў дзяжурны варанок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG