Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Дрозд: «У мяне няма жаданьня бачыць гэтыя суды, лепш я выплачу пазоў»


Дзьмітры Дрозд
Дзьмітры Дрозд

27 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы разглядаліся пазовы бабруйскай калёніі № 2 да былых сядзельцаў.

Адміністрацыя калёніі патрабуе заплаціць за так званае «рэчавае забесьпячэньне». Былы палітвязень Дзьмітры Дрозд з пазовам не пагадзіўся, але вырашыў заплаціць 160 тысяч, каб больш яго не цягалі па судах. А вось Аляксандар Бахцін, які адбываў тэрмін за крымінальнае злачынства, плаціць калёніі адмовіўся.

Навуковец-архівіст Дзьмітры Дрозд у траўні 2011 году быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня, а ў жніўні ўжо выйшаў на волю праз памілаваньне. Адбываючы тэрмін у Бабруйскай калёніі № 2, ён цягам месяца працаваў. Кажа, што працоўную вопратку атрымліваў, але потым яе здаў, бо дрэнная прыкмета — забіраць нешта з турмы. На памяць пра калёнію ў яго засталіся толькі новыя, ні разу не надзетыя майткі з грубай чорна-шэрай тканіны, якія ён хацеў вярнуць на судзе прадстаўніку калёніі, але ніхто з адміністрацыі на суд не зьявіўся. Падчас судовага працэсу Дзьмітры Дрозд заявіў:

«Я ня ведаю, адкуль узяўся гэты пазоў. Прайшло ўжо два з паловай гады. Ніхто пры выхадзе з калёніі мне ніякіх папер не выстаўляў. Прайшло шмат часу. Калі б тады да мяне былі прэтэнзіі, я б заплаціў гэтыя грошы. Я магу паказаць высокаму суду даведку, што на момант вызваленьня ў мяне былі грошы на рахунку, вось напісана — 275 тысяч на той момант, і гэтыя грошы мне выдалі наяўнымі пры вызваленьні».

Судзьдзя патлумачыла, што тэрмін даўнасьці такога пазову — 3 гады, а пасьля вызваленьня прайшло толькі два з паловай, таму калёнія можа выставіць такія прэтэнзіі. А пракурор параіў:

«Калі вы зараз без уліку інфляцыі заплаціце гэтую суму, то пытаньне будзе зьнятае».

Дзьмітры Дрозд адразу пагадзіўся выплаціць гэтыя 160 тысяч:

«Мог я ўпірацца, але ўсё адно мне б давялося гэту суму заплаціць, альбо нават большую — з улікам інфляцыі. Але ў мяне проста няма жаданьня больш бачыць гэтыя суды. Думаю, не аднаму мне прасьцей заплаціць гэтыя 160 тысяч, хоць я ня згодны. Я лічу, што даўно адпрацаваў гэтую суму. Але мне прасьцей заплаціць гэтыя 160 061 рубель, каб не прыходзіць у суд».

Пасьля разгляду справы Дразда ў кабінэт судзьдзі выклікалі былога крымінальніка. Аляксандар Бахцін адбываў тэрмін 2,5 года за рабунак. У жніўні 2011 году выйшаў на волю. Днямі яму таксама прыйшоў пазоў у суд Фрунзенскага раёну. Падобна, што адміністрацыя Бабруйскай калёніі вырашыла палепшыць сваё фінансавае становішча за кошт былых сядзельцаў, лічыць Аляксандар Бахцін:

«Я цягам усяго тэрміну працаваў, і з маёй заработнай платы вылічвалі грошы. Але налічвалі мне сьмешныя сумы — 6028 рублёў за месяц, вось даведка. Зараз хочуць спагнаць зь мяне 104 448 рублёў быццам бы за адзеньне. Справа ў тым, што я пісаў заяву, каб з майго заробку вылічвалі. Вопратку таксама пакінуў у калёніі. Але тут трэба задаць пытаньне калёніі: чаму яны такія мізэрныя сумы заробку налічвалі?»

Аляксандар Бахцін катэгарычна адмовіўся выплаціць калёніі 104 тысячы. Кажа, што гэта справа прынцыпу.

Дарэчы, Дзьмітры Дрозд таксама прынёс на судовы працэс даведку пра свой месячны заробак у Бабруйскай калёніі ў ліпені 2011 году:

«Для высокага суду я хачу прадставіць доказ, што я працаваў. І мая зарплата пры шасьцідзённым працоўным дні па 8 гадзін на дрэваапрацоўчым станку склала 12 тысяч рублёў. З гэтай сумы 9 тысяч вылічылі яшчэ за харчаваньне».

Позву ў суд з Бабруйскай калёніі атрымаў таксама былы палітвязень Сяргей Казакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG