Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква зьвязвае Менск нафтай і грашовымі крэдытамі


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Такіх шчыльных вайсковых дачыненьняў, як зь Беларусьсю, Расея ня мае зь ніводнай іншай краінай на былой савецкай прасторы. Пра гэта сёньня заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Амбасадар Сурыкаў заявіў, што Расея будзе аплачваць знаходжаньне сваёй авіябазы на беларускай тэрыторыі. Ён таксама нагадаў, што канчатковы пункт фармаваньня авіябазы — 2014 год. Першае зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў ужо прыляцела на авіябазу пад Баранавічамі.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін пракамэнтаваў на просьбу Свабоды паведамленьне амбасадара Сурыкава:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Ён тут сказаў чыстую праўду. Калі мы паглядзім на вайсковую сфэру, то тут яркі паказьнік — стратэгічныя вучэньні „Захад-2013“. Толькі вельмі цесным саюзьніцтвам тлумачыцца той факт, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў значны кантынгент расейскіх вайсковых сілаў. Тут жа адбывалася іх забесьпячэньне. То бок у прававым дачыненьні яны знаходзіліся тут у такім самым стане, як беларускае войска. Гэта вельмі цесная ступень супрацоўніцтва.

Ну, і ня трэба забывацца пра ўвесь гэты працэс вакол расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Гэты працэс ідзе, рыхтуюцца прававыя асновы. І ў 2015 годзе мы ўбачым у горадзе Лідзе паўнавартасны расейскі авіяцыйны полк з ударнымі самалётамі».

Расея пакуль падпісала дамову аб пастаўках нафты ў Беларусь толькі на першую палову 2014 году, хоць Менск дамагаўся афармленьня пагадненьня адразу на ўвесь наступны год. Многія аналітыкі зьвязваюць такое рашэньне з абяцаньнямі беларускага боку да 1 ліпеня наступнага году ажыцьцявіць інтэграцыйныя праекты, кшталту аб’яднаньня МАЗа і КамАЗа. Я спытаў амбасадара Сурыкава: наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?

Амбасадар адказаў:

Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў
«На 2014 год Беларусь просіць 23 мільёны тон. Расейскі бок пакуль гатовы паставіць 21 мільён. Гэта не таму, што мы ня хочам даць болей. Гэта зьвязана з павелічэньнем паставак нафты ў Кітай: пастаўкі нафты туды растуць кротна. А аб’ём здабычы так не павялічваецца».

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці зьвязана падпісаньне нафтавага балянсу толькі на першую палову наступнага году з тым, што беларускі бок не выконвае сваіх абавязаньняў па інтэграцыйных працэсах, Аляксандар Сурыкаў адказаў:

«Так, ёсьць некаторыя асобы, якія спрабуюць зьвязаць інтэграцыйныя праекты з пастаўкай сыравіны ў Беларусь. Сярод іх і афіцыйныя расейскія асобы. Наколькі гэта справядліва, мне сказаць цяжка. Але думаю, што ў гэтым ёсьць пэўная справядлівасьць».

Дырэктар Лібэральнага клюбу па дасьледаваньнях Яўген Прэйгерман кажа, што наўпроставая сувязь паміж дапамогай Крамля Лукашэнку і інтэграцыйнымі працэсамі насамрэч існуе:

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
«Чым бліжэй было да маскоўскіх сустрэч, дзе павінны былі прымацца рашэньні, тым больш актывізаваліся інтэграцыйныя праекты. Было нават праведзена адмысловае паседжаньне нашага Савету Міністраў на гэтую тэму. Так што няма сумневу, што гэта адна з асноўных умоваў, якая застаецца і па якой Расея і надалей будзе выстаўляць патрабаваньні, каб праекты ажыцьцяўляліся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG