Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два нападнікі на Чарнавол затрыманыя, трэці — у вышуку


Пратэсты, выкліканыя зьбіцьцём Тацяны Чарнавол, ля ўкраінскага МУС
Пратэсты, выкліканыя зьбіцьцём Тацяны Чарнавол, ля ўкраінскага МУС

Украінская міліцыя заявіла, што выявіла трох чалавек, якія падазраюцца ў нападзе на грамадзкую актывістку, журналістку і сябра Рады Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Майдан» Тацяну Чарнавол.

Двух падазраваных ўжо затрымалі, яшчэ аднаго шукаюць. Па факце зьбіцьця міліцыя адкрыла крымінальную вытворчасьць паводле артыкулу «хуліганства, учыненае групай асобаў». Апазыцыя клясыфікавала напад на Тацяну Чарнавол як замах на яе жыцьцё і запатрабавала адстаўкі міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанка. Да гэтых патрабаваньняў далучылася і журналісцкая супольнасьць Украіны.

Цяпер Тацяна Чарнавол знаходзіцца ў кіеўскай клініцы «Барыс». Паводле мэдыкаў, яна ў сярэднім стане цяжкасьці. Кіраўнік клінікі Міхаіл Радуцкі ня стаў распавядаць аб траўмах, якія атрымала Тацяна Чарнавол, спаслаўшыся на мэдычную таямніцу, але адзначыў, што яна знаходзіцца не ў рэанімацыі, а ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі.

У ноч з 24 на 25 сьнежня невядомыя на джыпе заблякавалі аўто Тацяны Чарнавол на трасе Кіеў—Барыспаль. Яна спрабавала ўцячы, але яе дагналі і жорстка зьбілі.

«Джып стукнуў мяне ў бок, разьбілі мне акно. Я выскачыла — спрабавала бегчы. Мяне дагналі і пачалі біць», — апавяла Тацяна Чарнавол.

Тацяна Чарнавол вядомая выкрывальніцкімі расьсьледаваньнямі аб злоўжываньнях чыноўнікаў. У дзень перад нападам яна пабывала паблізу маёнткаў генпракурора Віктара Пшонкі і міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі. Матэрыял аб маёнтку Захарчанкі быў апублікаваны за некалькі гадзін да таго, як адбылося жорсткае зьбіцьцё.

Міліцыя разглядае тры вэрсіі нападу: прафэсійная дзейнасьць пацярпелай, ДТЗ і правакацыя.

Украінская апазыцыя зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам адбылося некалькі нападаў на актывістаў Эўрамайдану, а міліцыя ня можа выявіць вінаватых. Таму апазыцыя працягвае настойваць на адстаўцы міністра ўнутраных спраў.

Некаторыя экспэрты выказваюць меркаваньне, што зьбіцьцё Тацяны Чарнавол можа быць правакацыяй, накіраванай на дыскрэдытацыю ўлады і ў прыватнасьці міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі.
Кожны раз, калі пратэсты на Эўрамайдане згасалі, улада невядома чаму рабіла нелягічныя крокі, якія прыводзілі да таго, што пратэсты зноў набывалі сілу

«Кожны раз, калі пратэсты на Эўрамайдане згасалі, улада невядома чаму рабіла нелягічныя крокі, якія прыводзілі да таго, што пратэсты зноў набывалі сілу. Тое, што аднойчы магло здавацца выпадковасьцю, на сёньня выглядае як ланцужок мэтанакіраваных крокаў: частка асяродзьдзя прэзыдэнта ваюе зь іншай часткай», — лічыць паліттэхноляг Тарас Беразавец.

Між тым, былы намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандар Скібінецкі сумняваецца ў тым, што падобныя правакацыі арганізаваныя якім-небудзь трэцім бокам, зацікаўленым у дэстабілізацыі сытуацыі.

Паколькі прэзыдэнт не адправіў у адстаўку кіраўніка МУС ні пасьля разгону Эўрамайдану ў ноч на 30 лістапада, ні пасьля зьбіцьця Чарнавол, то ўвесь нэгатыў кладзецца таксама і на яго, мяркуе ён.

«Януковіч зыходзіць з прынцыпу, што калі ён сёньня вызваліць і аддасьць пад незалежны суд кагосьці з працаўнікоў МУС ці самога міністра ўнутраных спраў, то гэта разбурыць асновы яго ўлады і зьнішчыць ляяльнасьць сілавых структур», — мяркуе паліттэхноляг Тарас Беразавец.

Між тым, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Незалежны медыя-прафсаюз абураныя жорсткім зьбіцьцём журналісткі і грамадзкай дзяячкі. Яны таксама адзначаюць, што ўкраінская міліцыя ў цяперашнім выглядзе ўяўляе грамадзкую пагрозу.

У ноч на 25 сьнежня ў Харкаве невядомыя напалі на аднаго з арганізатараў Эўрамайдану Дзьмітрыя Піліпца, жорстка зьбілі і нанесьлі 12 нажавых раненьняў. Ён таксама знаходзіцца ў цяжкім стане ў шпіталі.

У Харкаве напалі на арганізатара харкаўскага Эўрамайдану
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:22 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG