Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор зноў патрабуе пакараць забойцу студэнткі расстрэлам


23 сьнежня ў Гомельскім абласным судзе, дзе пераглядаецца крымінальная справа Аляксандра Грунова пра забойства з асаблівай жорсткасьцю студэнткі Наташы Емяльянчыкавай, адбыліся спрэчкі.

Дзяржаўны абвінаваўца — прадстаўніца абласной пракуратуры Тацяна Жызьнеўская. У сваёй прамове яна заявіла, што на рахунку Аляксандра Грунова ўжо два жыцьці — сужыцеля сваёй маці, які памёр ад ягонага жорсткага зьбіцьця, і студэнткі Наташы Емяльянчыкавай, забітай ім 20 верасьня 2012 году. Прычым апошняй за абразьлівае слова Груноў нанёс ня менш як 102 раненьні нажом, душыў яе й зламаў рэбры. Студэнтка ў муках сканала ля свайго дому ад вялікай страты крыві.

Маці забітай Ірына Емяльянчыкава сказала сёньня ў судзе, што цела дачкі, каб не развалілася ад мноства ранаў, перад пахаваньнем даводзілася змацоўваць скотчам і наносіць ажно пяць грымаў.

Яна падтрымала пазыцыю пракурора ў тым, што яўкі з павіннай у Грунова не было. Ён напісаў прызнаньне, калі ўжо быў дастаўлены ў міліцыю і апэратыўнікі мелі ўжо дастаткова падставаў, каб затрымаць яго.

Ірына Леанідаўна прывяла ў судзе й словы Аляксандра Лукашэнкі пра рэзананснае забойства гомельскай студэнткі, сказаныя ім на сустрэчы з генэральным пракурорам Аляксандрам Канюком:

«Калі ты — нягоднік і падонак і ня першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакараньне павінныя быць адпаведнымі. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».

Адвакат Грунова Сяргей Красноў нагадаў суду, што паводле заканадаўства яўка з павіннай лічыцца, калі яна напісаная да вынясеньня пастановы пра затрыманьне ў якасьці падазронага ў забойстве. Менавіта так і было ў выпадку з падабаронным. Адвакат лічыць, што раскрыцьцё забойства студэнткі адбылося акурат на аснове паказаньняў Аляксандра Грунова, які добраахвотна назваў матывы забойства, паказаў месца, дзе выкінуў у вадаём нож — прыладу забойства. Апрача таго, адвакат прасіў улічыць, што папярэднія злачынствы ўчыняліся Аляксандрам, калі ён не дасягнуў яшчэ паўналецьця. Грунова выхоўвала вуліца, бо ягонага бацьку забілі, калі Аляксандар быў падлеткам.

Сам падсудны Груноў у апошнім слове папрасіў прабачэньня ў маці забітай студэнткі. Як такое здарылася — Аляксандар сам ня ведае. І дадаў пры канцы тым жа ціхім голасам: «Ня ведаю, што яшчэ сказаць».

Судзьдзя Анатоль Тозік, які старшынюе, абвясьціў, што вырак Аляксандру Грунову па крымінальнай справе пра забойства Натальлі Емяльянчыкавай будзе абвешчаны заўтра, 24 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG