Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута склаў кнігу пра рэвалюцыю паэтаў


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

«Голас волі з-за кратаў» — так называецца анталёгія твораў беларускіх палітзьняволеных, якая выйдзе ў сьвет напярэдадні праваслаўных Калядаў у Вільні.

Першая прэзэнтацыя адбудзецца тамсама, але стваральнікі ўжо цяпер думаюць, якім чынам прывезьці і распаўсюдзіць выданьне ў Беларусі.

Укладальнік кнігі, якая выйдзе на трох мовах (беларускай, расейскай і польскай) і будзе налічваць ажно 990 старонак — літаратуразнаўца і сам былы палітзьняволены Аляксандар Фядута — распавёў Радыё Свабода, як ён абіраў творы для выданьня і чаму вершы — самая цікавая яго частка.

— У літаратурнай тэрміналёгіі анталёгія — гэта зборнік абраных твораў. Паводле якога крытэру вы як аўтар-укладальнік выбіралі творы для «Голасу волі з-за кратаў»?

— Туды ўвайшлі тэксты, напісаныя грамадзянамі Беларусі, якія ў розныя часы атрымлівалі статус палітычных зьняволеных. Паводле часу: ад Паўла Шарамета да Алеся Бяляцкага. Паводле алфавіту: ад Аліневіча да Яроменка. Усяго 18 аўтараў. Я спрабаваў зрабіць усё, каб тэксты былі прэзэнтатыўнымі. На мой погляд, кніжка адбылася цікавая, таму што ў ёй тэксты розныя паводле жанру. Ёсьць вершы, ёсьць успаміны, у тым ліку і тыя, якія ня тычацца часоў зьняволеньня, ёсьць дзёньнікі. А вось артыкулы для кнігі абіраліся толькі тыя, якія тычацца тэмы палітзьняволеных.

— Асабіста для вас што самае цікавае ў кнізе?

— Вершы. Тут шмат адкрыцьцяў. Я думаю, што чытачам будзе цікава пазнаёміцца зь вядомым гісторыкам-архівістам Зьмітром Драздом у новай якасьці паэта. Вельмі цікавыя і незвычайныя вершы ва ўдзельніка Плошчы-2010 Яўгена Сакрэта. Ёсьць вершы Ўладзімера Някляева. Вельмі прыемна, што пагадзіліся даць свае творы Ірына Халіп і Наталя Радзіна. Але яны — не адзіныя жанчыны ў анталёгіі, бо ёсьць яшчэ вельмі кранальныя вершы Машы Трафімавай, якая атрымала «суткі» за ўдзел у Плошчы-2010. Але самае важнае ў гэтай кнізе — вершы чалавека, якога ўжо няма з намі, — Арцёма Грыбкова. І я спадзяюся, што «Голас волі з-за кратаў» будзе своеасаблівым друкаваным помнікам гэтаму чалавеку, зь якога мог вырасьці паэт і які, на жаль, не дажыў нават да выхаду гэтай кнігі.

— Наколькі карэктна гаварыць пра мастацкую вартасьць таго ці іншага твору, напісанага за кратамі? Увогуле, што важней: літаратурная якасьць ці тое, пра што напісаны твор і ў якіх варунках?

— У кнізе ёсьць тэксты двух кірункаў. Ёсьць паэзія. Але ў паэзіі — розныя аўтары. Зразумела, што няшмат хто з палітычных зьняволеных вытрымае канкурэнцыю з боку Ўладзімера Някляева. Але гэта ня значыць, што гэтыя вершы ня трэба зьбіраць і друкаваць. Яны — помнікі часу. Творы іншага кірунку адносяцца да non-fiction — немастацкай літаратуры. Гэта ўспаміны і дзёньнікі. Якраз такія творы маюць вартасьць гістарычную. На мой погляд, вельмі добра, што творы абодвух тыпаў сабраныя пад адной вокладкай. Гэта спроба прадэманстраваць культурна-гістарычны кантэкст, у якім жывуць палітычныя апанэнты рэжыму Лукашэнкі. Увогуле, калі я пачынаў зьбіраць тэксты для гэтай анталёгіі, я спадзяваўся давесьці, што 19 сьнежня 2010 году павінна была адбыцца і не адбылася рэвалюцыя паэтаў. Таму што сапраўды вельмі шмат хто пісаў вершы. Але ня ўсе пагадзіліся даць іх для кнігі. Таму давялося пашырыць канцэпцыю. У выніку ні кніга, ні чытач не прайгралі, таму што ў зборніку тэксты, па якіх наступныя пакаленьні будуць меркаваць пра наш час.

— Якое месца займае турэмная літаратура ў сучасным сьвеце? Хто яе чытае?

— Цяжка сказаць, таму што я ня ведаю аналягічных сытуацыяў у іншых краінах, як тая, якую маем у Беларусі. Я спадзяюся, што кніга будзе цікавай. І ведаю адно: тыя аўтары, тэксты якіх увайшлі ў гэтую анталёгію, заўжды будуць ганарыцца тым, што яны напісалі. А дзяржава наша, на жаль, будзе заўжды адчуваць сябе ў стане адказнасьці за тое, што адбылася такая ганебная зьява, што людзі былі арыштаваныя па прыкладзе сталінскіх і пасьлясталінскіх часоў. Дзяржава заўсёды будзе адчуваць сябе вельмі няёмка. І тым больш яна будзе адчуваць сябе няёмка, што апроч гэтых амаль што тысячы старонак можна было скласьці яшчэ адну, а то і дзьве падобныя анталёгіі па тысячы старонак. А гэта недаравальна для дзяржавы, якая чамусьці лічыць сябе дэмакратычнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG